Прыхаджане касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва віталі фігуру Маці Божай Фацімскай

У чацвер рэліквію каля ўвахода ў святыню сустракалі ксёндз Яцэк Маркель разам з літургічнай службай. Скульптурную выяву Багародзіцы прывезлі ў нашу парафію дыякан Слонімскай дыяцэзіі айцец Ігар і настаяцель касцёла ў Казловічах ксёндз Андрэй, дзе ў апошні час знаходзілася фігура. Беласнежную ў пазалоце, увянчаную царскай каронай скульптурную выяву Маці Фацімскай занеслі ў храм, дзе яна і заняла ганаровае месца. – Сёлета адзначаецца 100-годдзе з таго моманту, як Марыя аб’явілася фацімскім пастушкам, – тлумачыць ксёндз Яцэк. – Таму Касцёлам Беларусі была арганізавана пілігрымка фігуры Маці Божай па каталіцкіх парафіях. Гэта падарожжа блаславіў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас богаслужэння ў партугальскім горадзе Фаціма. Першымі віталі фігуру ў мінскай архікатэдры, адкуль яна накіравалася па іншых храмах краіны. Дарэчы, падарожжа фігуры Маці Божай па каталіцкіх парафіях Беларусі адбываецца не ўпершыню. 20 гадоў назад Багародзіца ўжо наведвала святыні і дамы вернікаў дзякуючы мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму кардыналу Казіміру Свёнтаку. Такая знакавая падзея адбылася і на Зэльвеншчыне. Падчас святой Імшы ксёндз Яцэк Маркель узгадаў гісторыю фацімскіх аб’яўленняў. 13 мая 1917 года на пашы каля Фацімы тром дзецям аб’явілася Маці Божая і заклікала іх, каб прыходзілі на гэта месца кожны трынаццаты дзень месяца. Марыя дала наказ падлеткам часта маліцца на ружанцы. Апроч таго, паказала жахі пекла, прадбачыла дзве вайны мінулага стагоддзя – Першую і Другую сусветную, адраджэнне хрысціянскай веры. Маці Божая Фацімская карыстаецца вялікім даверам і шанаваннем у католікаў усяго свету. На працягу трох дзён вялікая колькасць людзей наведвае зэльвенскі касцёл, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну. Шматгадзінныя малітвы, марыйныя спевы, святыя Імшы, урачыстая працэсія вернікаў са свечкамі ў руках – усё гэта на хвалу Божай Маці.  Наталля МАЦЮК.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.