“Праца” желает всем хороших новостей!

Май – месяц журналістаў. У панядзелак, 5 мая, зэльвен-скія “ПРАЦАўнікі” разам з калегамі будуць святкаваць Дзень друку, а праз два дні адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. 

Кажуць, няма больш дзейснай зброі, як слова. Добрае слова – акрыляе, злое –  крыўдзіць, шчырае – лечыць, благое – карае… Журналісту штодня з гэтай шматграннай палітры трэба вы-браць такі моўны запас, каб найбольш праўдзіва адлюстраваць рэаліі нашага жыцця, дайсці да кожнага чытача і слухача.  

Захопліваюць новыя тэмы, непакояць рубрыкі, не даюць расслабіцца загалоўкі… Не кожны нават дыпламаваны спецыяліст можа вынесці выпрабаванне напружаным графікам здачы матэрыялаў у нумар. Затое той, хто адчуў, што журналістыка – яго выбар, ніколі не пашкадуе аб гэтым.

74 гады споўнілася сёлетняй вясной зэльвенскай раённай газеце “Праца”. Мы шчыра віншуем усіх са святам і вельмі ўдзячны тым, хто прысвяціў многія гады сваёй прафесійнай дзейнасці газеце. Ва ўсіх дасягненнях “Працы” ёсць і ваша заслуга, без якой газета не стала б такой, якая яна ёсць. 

 “За высокі ўраджай“, “За Советскую Белоруссию“, “Сталинский призыв”, “Путь к коммунизму” –  пад такімі назвамі выходзіла “раёнка”, супрацоўнікі якой з дапамогай друкаванага слова і сёння працягваюць адлюстроўваць гісторыю Зэльвен-шчыны.  

Гартаючы старонкі, пажаўцелыя ад часу, і больш сучасныя, бачыш, што газета ніколі не абыходзілася без пазаштатных аўтараў. Яны сваім уласным поглядам на жыццё і падзеі робяць выданне больш разнастайным, змястоўным. У сучаснай журналістыцы ўсё больш значнае месца займаюць і рэкламадаўцы. Цесная сувязь з газетай сведчыць аб сугучнасці нашых інтарэсаў, накіраваных на задавальненне запытаў шырокага кола нашых падпісчыкаў. 

Стварэнне газеты ў сценах рэдакцыі – гэта вельмі істотны працэс, але ён будзе не ў поўнай меры рэалізаваным, калі да яго не далучацца друкары, паштальёны, кіяскёры, а зараз і работнікі гандлю. Кожнае звяно на шляху газеты да чытача – значнае. І кожны хоча, каб наш канчатковы прадукт, які акажацца ў паштовай скрынцы, меў цікавы змест, быў прывабна аформлены, своечасова дастаўлены. 

Усё гэта для  вас, нашы паважаныя чытачы. Мы ўдзячны вам за тое, што ў агромістым моры друкаванай прадукцыі вы аддаяце перавагу нашаму выданню. Па праўдзе кажучы, наш калектыў працуе ў такім напружаным рытме менавіта таму, што робім мы газету на патрэбу нашага дапытлівага чытача, каб ён быў самым дасведчаным, адукаваным, інтэлектуальным. Лічым, што ў нас з вамі ёсць добрая нагода павіншаваць адзін аднаго са святам. 5 і 7 мая  – дні творчых думак, новых цікавых планаў і праектаў, з якімі мы кожны дзень ідзём на працу, каб падзяліцца імі з вамі, нашы паважаныя чытачы і слухачы. 

Присоединяйтесь к нашему каналу