Пра веліч кірмашу сведчаць экспанаты

Знакавай падзеяй для нашага пасёлка стала адкрыццё ў мінулым годзе музейнага пакою “Ганненскі кірмаш”. Менавіта тут сабраны экспанаты, якія сведчаць пра гісторыю самай яркай падзеі Зэльвеншчыны.

– Сёлета спаўняецца 16 гадоў з часу аднаўлення кірмашу, – адзначае загадчык аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі Валянціна Масюк. – Безумоўна, гэта мерапрыемства заслугоўвае таго, каб ведалі пра яго не толькі ў нашай мясцовасці. Таму памяць пра славуты Ганненскі кірмаш вырашылі захаваць у спадчыну для нашчадкаў у музейным пакоі.

Стварэнню музея папярэднічала працяглая карпатлівая работа па накапленні матэрыялу за гісторыю правядзення кірмашу. Збіраць экспанаты, фотаздымкі з дапамогай архіваў і ўдзельнікаў свята першымі пачалі супрацоўнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Паступова да гэтай справы пачалі далучацца мясцовыя жыхары, іншыя неабыякавыя людзі.

І вось 26 жніўня 2016 года пакой расчыніў свае дзверы. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай вертыкалі, удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі, якая па традыцыі ладзілася ў рамках кірмашу. Пасля пераразання чырвонай стужкі, прывітальных слоў экскурсавод запрасіла першых наведвальнікаў на экскурсію.

Пройдземся па музейным пакоі і мы, каб акунуцца ў мінулае. Аповед экскурсавод звычайна пачынае з герба шляхецкага роду Сапегаў, які па-клаў пачатак арганізацыі таргоў у Зэльве.

Аб гадлёвых сувязях таго часу сведчыць адпаведная карта-схема. Для эканамічнага развіцця гарадоў і мястэчак вялікае значэнне мелі дарогі. Зэльва ў гэтых адносінах мела зручнае становішча. Яна размяшчалася на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з Беларусі ў Польшчу і з Прыбалтыкі ва Украіну.  Патрапіць у наша мястэчка лічылі за гонар шматлікія замежныя купцы.

Па змешчанай схеме планіроўкі Зэльвы можна даведацца, што населены пункт уяўляў сабой у 1832 го-дзе. Аказваецца, у цэнтры размяшчаўся гасцінны двор, дзе знаходзілася каля 200 крам, пакрытых чарапіцай, дзве лядоўні для захоўвання прадуктаў. Сапегі пабудавалі некалькі соцень каменных лавак, аднак іх заўсёды не хапала для гандляроў.

У музейным пакоі прадстаўлена тагачаснае ўбранне для жанчыны і мужчыны са знатнага шляхецкага роду. Глядзіш на адзенне – і ўяўляеш сябе знатным вяльможай або паненкай. Па словах Валянціны Масюк, наведваючы пакой, школьнікі асаб-ліва ахвотна прымяраюць мехавыя галаўныя ўборы.

На экспазіцыі – прадметы для асабістага абіходу. Ёсць шкатулка з упрыгажэннямі для жанчын, дзе можна знайсці каралі, пярсцёнкі, брошкі. Цікавы факт, што сярод гэтых рэчаў захаваўся нават пярсцёнак, які належаў прадстаўніцы роду Сапегаў.

Далей знаёмімся з таварамі, якія карысталіся асаблівым попытам сярод пакупнікоў. Гэта футра, тканіна, хусткі, дываны, посуд з крышталя, жалеза, шкло.

Прыцягвае ўвагу наведвальнікаў выстава-калекцыя  сувенірных фігур коней, вырабленых з гліны, керамікі, пластмасы, саломкі, нітак і інш. Тут жа сабрана конская збруя. Вядома, што галоўным прадметам гандлю на зэльвенскім кірмашы былі коні, якіх прыганялі з розных месцаў. Табун знакамітых жарабцоў англійскай, турэцкай, дацкай, неапалітанскай парод уладальніка Зэльвы канцлера Вялікага княства Літоўскага Аляксандра
Сапегі займаў першае месца як па колькасці (да тысячы коней), так  і па сваёй вартасці.

Паступова экскурсія з гісторыі пераходзіць у сучаснасць.  У музейным пакоі змешчаны сімвал кірмашу, выкананы ў тэхніцы разьбы па дрэве, створаны майстрамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. На сценах прадстаўлены фотаздымкі, якія адлюстроўваюць самыя запамінальныя імгненні мерапрыемства пачынаючы з 2001 года. Менавіта тады ў Зэльвенскім раёне вырашылі, што ўнікальнае свята з яго магутнымі гістарычнымі каранямі павінна стаць візітнай карткай Зэльвеншчыны.

Побач – рэкламныя слупы. На адным – першая праграма кірмашу. Уявіце сабе, якая была праведзена праца, каб на тканіне выдрукаваць інфармацыйны тэкст! На другім  слупе – афішы артыстаў і калектываў, якія за 9 гадоў прымалі ўдзел у Ганненскім кірмашы.

Кожная вітрына змяшчае праграму свята, афішу, запрашэнне, інфармацыйныя буклеты з адлюстраваннем матэрыялу па кожным годзе кірмашу, мерапрыемствы па яго падрыхтоўцы і правядзенні…

У музейным пакоі можна таксама знайсці вялікую колькасць суве-нірнай прадукцыі, якая была выраблена для рэалізацыі на кірмашы. Шмат падарункаў пакінулі наведвальнікі экспазіцыі ў знак удзячнасці за змястоўную і пазнавальную экскурсію.

За год дзейнасці музейнага пакою яго наведалі каля тысячы чалавек. Аб уражаннях экскурсантаў можна меркаваць па водгуках, змешчаных у адпаведнай кнізе. Усе наведвальнікі дзякуюць за магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй кірмашу, жадаюць музею прырастаць новымі экспанатамі.

Наталля МАЦЮК.


Запісы ў кнізе водгукаў

Кірмаш – брэнд Зэльвы. Жадаю, каб ён са з’явы рэгіянальнай ператварыўся ў феномен агульнанацыянальны! Падзяка, поспехаў і натхнення людзям, якія яго арганізуюць. Брава Зэльве кірмашовай!

Святлана Марозава, загадчык кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ, прафесар.

***

Ганненскі кірмаш у Зэльве – гэта мост, які яднае слаўнае мінулае і адпаведна сённяшняе нашай Радзімы. Жадаю шчыра далейшага росквіту!

Пісьменнік Уладзімір Мазго.

***

Вялікі дзякуй ад сяброў з Латвіі, г.Даўгаўпілса! Усё цудоўна!

Цэнтр беларускай культуры г.Даўгаўпілса, ансамбль “Пралескі”.

***

От имени участников встречи выражаем огромную благодарность за гостеприимство! Желаем вам творческих успехов, новых и интересных проектов. Ваша работа бесспорно важна и перспективна.

Участники выездного практического занятия, состоящие в перспективном резерве кадров Гродненского облисполкома.

 

Ганненскі кірмаш – свята, якое захавалася, адрадзілася і будзе далей доўга радаваць жыхароў і гасцей Зэльвы. Вялікі дзякуй арганізатарам за захаванне традыцый, цікавыя мерапрыемствы, фестывалю – новых цікавых знаходак у будучым.

Алена Клімовіч і Ірына Дземянчук, г.Гродна.

***

Большое спасибо за прекрасный праздник! Всё замечательно организовано. Мы надолго запомним этот праздник.

Гости из Санкт-Петербурга.

***

Большое спасибо за содержательную экскурсию. Было интересно окунуться в атмосферу истории Анненской ярмарки. Желаем вам плодотворной работы по пополнению музея новыми экспонатами.

Учащиеся 5-х классов СШ №3.

***

З падзякай за цудоўнае прыняцце нас у вашым прыгожым пасёлку, якім з’яўляецца Зэльва, і надзеяй на далейшую плённую працу.

Дырэктар гміннага цэнтра культуры ў Крамску Пшэмыслаў Дамагальскі.

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.