Праўнукам подзвіг у спадчыну

790
Паступова час аддаляе нас ад жахлівых падзей пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Але ў памяці тых, хто перажыў ліхалецце, яны застануцца на ўсё жыццё.
У вёсцы Даўгаполічы жыве інвалід вайны Іван Міхайлавіч СКІБА (на здымку). Аб выпрабаваннях, якія выпалі на яго долю ў мінулым стагоддзі, былы франтавік расказвае рэдка і з неахвотай. Не зажылі яшчэ балючыя раны.
– З нашай сям’і праз вайну, акрамя мяне, прайшлі таксама мае старэйшыя браты Міхаіл і Аляксандр, – выціраючы слёзы, пачынае размову Іван Міхайлавіч. – Дзякуй Богу, што вярнуліся жывымі з фронту. З усіх траіх толькі я быў цяжка паранены. Для нас, франтавікоў, самым балючым на вайне было перажыць смерць таварышаў. Нярэдка здаралася так, што ў бой уступала сто чалавек, а заставалася менш за палову.

Жудасны чэрвень 1941 года>

– Раніца 22 чэрвеня 1941 года пачыналася звычайна, – успамінае Іван Міхайлавіч. – Маладыя хлопцы і мужчыны касілі траву на сенажаці, якая знаходзілася непадалёку ад ракі Зальвянкі. Раптам пачулі моцны рокат матораў. Хутка ў небе з’явіліся самалёты. Але часу іх разглядаць не было – да дзённай спёкі хацелі паспець зрабіць як мага больш.
Неўзабаве мы заўважылі, як некалькі самалётаў аддзялілася ад групы і накіравалася ў бок Зэльвы. Хутка пачулі моцныя выбухі, а затым з’явіліся чорныя клубы дыму. Ва ўсіх, хто знаходзіўся на сенажаці, на душы стала трывожна. Мы яшчэ не ведалі, што пачалася вайна, але адчулі, што здарылася нешта ліхое. Таму заспяшаліся дадому. Там пакуль было ціха.
Пасля абеду па вёсцы разляцелася трывожная вестка – пачалася вайна. Вечарам даведаліся, што нямецкія самалёты разбамбілі ў Зэльве чыгуначны мост, ваенныя склады і некаторыя пабудовы. Праз некалькі дзён з’явіліся бежанцы, за ім – чырвонаармейцы. Паколькі мост праз Зальвянку быў узарваны, салдаты не маглі пераправіцца на другі бераг. Вяскоўцы давалі ім часовы прытулак, перавязвалі параненых.
Хутка прыйшлі захопнікі. Па вуліцы крочылі не спяшаючыся, важна, па-гаспадарску. Забіралі жывёлу і птушку. Адным словам, вялі сябе як сапраўдныя рабаўнікі.
Акупацыйныя ўлады ўстанавілі свой парадак. У кожным населеным пункце былі вызначаны старасты, у Зэльве і Дзярэчыне размясціліся камендатуры, а таксама вайсковыя і паліцэйскія гарнізоны. З першых дзён акупанты і іх найміты пачалі сапраўднае паляванне на чырвонаармейцаў, партыйных і камсамольскіх актывістаў, яўрэяў. Многія вяскоўцы хавалі гэтых людзей у сваіх хатах. За што і расплачваліся жыццём.
У тыя жудасныя і цяжкія дні толькі і гаварылі пра расстрэлы мужчын у Бярэжках і Зблянах, мірных грамадзян у Галынцы і Дзярэчыне. Ніхто не ведаў, ці будзе жыць заўтра…
Але, нягледзячы на цяжкасці, жыццё працягвалася. У 1942 годзе Іван ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Надзеяй, з якой доўга сябравалі. Вяселле спраўлялі сціпла.
Больш за тры гады Скібы разам з аднавяскоўцамі знаходзіліся пад гнётам акупантаў. Шмат разоў фашысты пагражалі за сувязь з партызанамі спаліць вёску. Але Бог мілаваў.
Выйсці жывым з одэрскага пекла

Пасля вызвалення Зэльвы савецкімі войскамі ў райцэнтры быў створаны ваенкамат. Сюды на прызыўны пункт пачалі збіраць юнакоў і мужчын для адпраўкі на фронт. Зноў у вёсках галасілі жанчыны, праводзячы на вайну блізкіх людзей. Праз некаторы час надышла чарга Скібаў. Разам з іншымі з райваенкамата яны пешшу адправіліся ў Баранавічы. Там іх абмундзіравалі, а затым яшчэ неабстраляных навабранцаў “пагрузілі” ў чыгуначныя саставы і павезлі ў бок Польшчы. Спыніліся ноччу на невялікай станцыі перад самай лініяй фронту. Атрымалі загад выходзіць з вагонаў. Браты Скібы трапілі ў розныя палкі. Хаця ваявалі ў адной дывізіі, на фронце так і не сустрэліся.
– Мяне накіравалі служыць у 21-ы стралковы полк, – працягвае размову Іван Міхайлавіч.– Воінскую справу асвойваў у сваім падраздзяленні. Вопытныя салдаты расказвалі нам, навабранцам, як паводзіць сябе ў час бою, вучылі страляць. На гэтым вучоба і закончылася. Пасля кароткай перадыслакацыі наш полк адправілі на перадавую. Там, за ракой Віслай, адбылося маё першае баявое хрышчэнне. Перад намі стаяла важная задача – выбіць фрыцаў з пазіцый, якія былі вельмі добра ўмацаваны. Аднак адцясніць далёка ворага нам не ўдалося. Выбілі фашыстаў з першай лініі абароны, а яны замацаваліся на другой. Не паспелі мы перадыхнуць, як прагучаў загад: “У атаку!”. І зноў цяжкі бой. Нам удалося прарваць варожую лінію абароны.
Праз месяц службы Іван Скіба паабвыкся, наколькі гэта ўвогуле магчыма было на вайне. Баі вяліся амаль што кожны дзень. Ні голаду, ні холаду не адчувалася. У час наступальных аперацый гінула шмат нашых салдат. Папаўненне прыбывала праз 2–3 дні. Зімой было асабліва цяжка: неаднойчы даводзілася перапраўляцца праз раку, начаваць на снезе. Замест коўдры – хваёвыя лапкі…
Полк, у якім служыў Скіба, удзельнічаў у Вісла-Одэрскай ваеннай аперацыі.
– Калі мы падышлі да Одэра, на другім беразе знаходзілася моцная варожая групоўка, – удакладняе Іван Скіба. – Ноччу нашы войскі пачалі фарсіраваць раку. Па-грузіўшыся на плыты і лодкі, мы сталі перапраўляцца. Раптам начное неба асвяцілі нямецкія ракеты. Вораг адкрыў моцны агонь у наш бок. Ад снарадаў і куль гінулі салдаты, танулі пашкоджаныя лодкі, плыты з баявой тэхнікай і людзьмі… Вада была чырвоная ад крыві. Тыя, каму ўдалося пераправіцца, замацаваліся на невялікім плацдарме і ўступілі ў бой. Адборныя нямецкія часці пры падтрымцы танкаў і іншай бронетэхнікі неаднаразова атакавалі нашы пазіцыі. За дзень баёў загінулі сотні баявых сяброў.
У час варожага артылерыйскага абстрэлу Іван Скіба быў цяжка паранены. Выжыў цудам. Яго хутка падабралі санітары і адправілі ў шпіталь. Там умелыя рукі ваеннага хірурга дасталі асколак з галавы.
За мужнасць, праяўленую ў баях на одэрскім плацдарме, Іван Міхайлавіч узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны першай ступені.
Затым пачаліся доўгія месяцы лячэння ў розных шпіталях. У адным з іх і сустрэў Перамогу. Побач былі баявыя сябры розных нацыянальнасцей – казахі, украінцы, рускія, узбекі, татары. Прыемную вестку ўспрынялі з вялікай радасцю.
У шпіталі Іван Скіба знаходзіўся да 1946 года. Пасля выпіскі вярнуўся ў родную вёску, дзе яго чакала жонка. З-за цяжкага ранення атрымаў інваліднасць. Ня-гледзячы на забарону ўрачоў, уладкаваўся ў мясцовую гаспадарку. Затым працаваў настаўнікам у Бібіцкай школе.
Пасляваенны спіс узнагарод ветэрана дапоўніў другі ордэн Вялікай Айчыннай вайны першай ступені, медаль Жукава і юбілейны – “За адвагу”. Для ўнукаў і пра-ўнукаў Івана Міхайлавіча гэтыя ўзнагароды – яскравы доказ няпростага, але гераічнага лёсу іх дзядулі.
Віктар МАКОЎСКІ.

Leave a Comment

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.