Поле чакаць не будзе

Поле чакаць не будзе

У час наведвання СВК “Бародзічы” на палях адчувалася працоўнае напружанне. Гэта пацвердзілі і не вельмі ахвотныя на гутарку механізатары, якія на нашы пытанні адказвалі коратка, але бадай што аднатыпна. Маўляў, трэба спяшацца, поле чакаць не будзе. Дазволіўшы сфатаграфаваць сябе для газеты, яны тут жа накіроўваліся да сваёй тэхнікі. Праз некалькі хвілін іх магутныя трактары былі ўжо далёка ад нас.

У гаспадарцы ўжо пасеяна 335 га яравых зерневых культур, падрыхтавана 700 га глебы, падкормлена 1000 га азімых зерневых культур, 460 – азімага рапсу, 70 – мнагалетніх траў, унесена 50075 тон арганікі. 

– Сёлета нам неабходна пасеяць яравых зерневых і зернебабовых культур 1465 га, што некалькі менш чым у мінулым го-дзе, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Русак. – 

Мы больш пасеялі азімых зерневых, якія нават у неспрыяльных  умовах надвор’я даюць больш высокія ўраджаі. Цукровыя буракі  зоймуць 245 га (+15 га да ўзроўню 2013 года), бульба – 120 га (+ 20 га), 

кукуруза на сілас –1080 га (+ 80 га). Для больш паўнацэннага забеспячэння пагалоўя гаспадаркі кармамі плануецца пасеяць 185 га адналетніх траў. 

Першымі прыступілі да сяўбы зерневых яравых хлебаробы трэцяга вытворчага ўчастка. Непадалёку ад вёскі Залацеева на трактары “Беларус-3022” з пасяўным агрэгатам АПП-6 працаваў малады механізатар Максім Аляхновіч. З ім мы сустракаліся мінулай восенню, калі ён уздымаў зябліва. Тут жа, на полі,  знаходзіўся загадчык участка Уладзімір Сонец. Ён па-гаспадарску аглядаў засеяныя ўчасткі, правяраў якасць сяўбы.

Поле чакаць не будзе

– У дзень засяваю па 40 – 50 гектараў, – сказаў Максім, – усё залежыць ад надвор’я і глебы. Перад кожным выездам у поле абавязкова правяраю работу ўсіх вузлоў і механізмаў. 

Механізатар Анатолій Пачабыт на суседнім полі ўносіў мінеральныя ўгнаенні – дзённая норма выпрацоўкі складае 100 – 110 га. А яшчэ яму даручана праводзіць падкормку азімых культур. Дастаўкай мінеральных тукаў займаецца  вадзіцель Мікалай Дожын. Два трактары з каменепадборшчыкамі, якімі кіруюць Валерый Рах і Мікалай Ельяшэвіч, задзейнічаны на ачыстцы поля ад камення. Ім у падмогу – наёмныя работнікі. Больш чым тысячу тон кампостаў штодзённа ўносіць звяно ў складзе машыніста пагрузчыка Мікалая Жука і механізатараў Анатолія  Вікторкі, Андрэя Рысюка і Ігара Абрамчука. 

У час паездкі мы пацікавіліся ў Аляксандра Русака станам азімых культур. Паводле слоў галоўнага агранома, яны перазімавалі добра. Цяпер галоўная задача – падкарміць іх азотам, каб пайшло дадатковае кушчэнне, фарміраваўся добры колас.

Вялікі аб’ём работ у гэты перыяд выконвае самаходны комплекс “Раса”. З яго дапамогай праводзіцца падкормка КАСам, апрацоўка раслін ад хвароб і шкоднікаў. Гэтую тэхніку мы ўбачылі на полі непадалёку ад вёскі Бярэжкі. “Расой” механізатар Генадзій Марко за дзень падкормлівае больш за 100 гектараў. Запраўляюць  агрэгат КАСам вадзіцелі Леанід Хацян і Міхаіл Памазкоў. Кантроль за гэтай важнай тэхналагічнай аперацыяй ажыццяўляе аграном-аграхімік Аляксандр Сак.   Падкормкай азімых мінеральнымі ўгнаеннямі займаюцца Часлаў Мазец і  Аляксандр  Сідар.

Поле чакаць не будзе

Сказаць, што ў “Бародзічах” у час палявых работ няма праблем, будзе няправільна. Але ўсе пытанні хутка і ўмела вырашаюцца, менавіта таму веснавая кампанія ўпэўнена набірае тэмпы.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.