Подполковник Рысь: жизнь военного офицера

23 лютага – у першую чаргу свята ваенных. У нашым раёне пражываюць 28 чалавек, якія аддалі воінскай службе большую частку свайго жыцця. Сярод іх – падпалкоўнік у адстаўцы Георгій Фёдаравіч Рысь. Больш за дваццаць пяць гадоў ён нёс службу ў войсках супрацьпаветранай абароны. Узнагароджаны медалямі “За бездакорную службу” першай, другой і трэцяй ступеняў, “Ветэран Узброеных Сіл” і іншымі. 

 

Подполковник Рысь: жизнь военного офицера

 

Сустрэліся мы з Георгіем Фёдаравічам у яго дома. Першае, што кінулася ў вочы–мноства розных кветак ва ўсіх пакоях.
–Гэта адно з маіх захапленняў, – патлумачыў гаспадар, убачыўшы некаторае здзіўленне.– Кветкі ствараюць у кватэры утульнасць і цудоўную атмасферу. Акрамя гэтага, вельмі люблю пчалярства, якому прысвячаю шмат часу, захапляюся рыбалоўствам.
Нарадзіўся Георгій Рысь у вёсцы Конна, у сям’і былога франтавіка. З дзяцінства любіў слухаць расказы бацькі пра воінскую службу, гераічныя подзвігі нашых воінаў. Пайшоўшы ў школу, цвёрда вырашыў, што стане афіцэрам. Юнак ведаў, што для дасягнення пастаўленай мэты неабходна не толькі добра вучыцца, але і мець выдатную фізічную падрыхтоўку. Таму пастаянна займаўся фізкультурай і спортам, неаднаразова выступаў на раённых і абласных спаборніцтвах. У 1965 годзе, пасля заканчэння школы, ён паступіў у Пушкінскае ваеннае радыётэхнічнае вучылішча супрацьпаветранай абароны. Вучыцца было цікава: знаёміліся з новай тэхнікай, вывучалі спецыяльныя прадметы, ездзілі на стажыроўку ў воінскія часці.
У вучылішчы шмат увагі ўдзяляў спорту, які любіў яшчэ са школьных гадоў. Любімымі відамі сталі вольная барацьба і самба, па якіх нават уваходзіў у склад каманды вучылішча. Тры гады напружанай вучобы праляцелі хутка. Іх курсанцкі ўзвод лічыўся лепшым на курсе, таму ўсіх маладых афіцэраў з гэтага падраздзялення накіравалі ў Ленінград-скую армію супрацьпаветранай абароны, дзе служыць было даволі прэстыжна. Лейтэнанта Георгія Рыся накіравалі ў 169-ты гвардзейскі Кіеўска- Лодзінскі Чырванасцяжны ордэнаў Кутузава і Багдана Хмяльніцкага зянітна-ракетны полк, які дыслацыраваўся ў горадзе Усяволжск. Воінская часць, у якую прыехаў на службу малады афіцэр, лічылася лепшай у Ленінградскай арміі супрацьпаветранай абароны. Таму патрабаванні да афіцэраў і асабовага саставу былі даволі высокія.
–Па прыбыцці на месца службы я быў прызначаны тэхнікам лічбавай вылічальнай машыны, –расказвае Георгій Фёдаравіч. – На ўзбраенні нашага палка толькі паступіў самы сучасны на той час ракетны зенітны комплекс далёкага дзеяння С-200. Ён мог паражаць паветраныя цэлі на адлегласці ад 7 да 200 кіламетраў і на вышыні да 27 кіламетраў. Потым, дзякуючы мадэрнізацыі, гэтыя паказчыкі значна павысіліся.
Нашай галоўнай задачай была ахова паветраных рубяжоў СССР на паўночна-заходнім напрамку, а таксама горада Ленінграда. Знаходзіліся мы ў пастаяннай баявой гатоўнасці. Усе афіцэры і іх сем’і жылі ў ваенным гарадку недалёка ад часці. З першых дзён службы пачаў асвойваць складаную сучасную тэхніку. Лічбавая вылічальная машына (аналаг цяперашняга камп’ютара) з’яўлялася “мозгам” ракетнага зенітнага комплексу. Ад яе надзейнай работы залежала кіраванне пускам ракет. Служба наша была даволі напружанай, і вольнага часу амаль не было. Нярэдка працоўны дзень пачынаўся ў 6 гадзін раніцы і заканчваўся пасля 22.00. Работа з асабовым саставам шмат чаму навучыла, асабліва ў стасунках з людзьмі.
Акрамя выкання асноўных абавязкаў, па графіку дзяжурыў на пункце баявога кіравання дывізіёна, на які паступалі даныя аб усіх паветраных цэлях і ажыццяўляўся пуск ракет. Баявыя дзяжурствы былі даволі напружанымі і патрабавалі вялікіх псіхалагічных намаганняў і выдатнай спецыяльнай падрыхтоўкі.
Побач праходзіла дзяржаўная паветраная мяжа. Мы павінны былі пастаянна кантраляваць, каб не адбывалася яе парушэнняў. На такіх баявых дзяжурствах асабовы склад павінен быў дзейнічаць як выдатна адрэгуляваны механізм, таму ў нас амаль кожны тыдзень праходзілі вучэнні. Зладжанасць баявых разлікаў не раз правяралася рэальнымі баявымі пускамі ракет на далёкіх палігонах у Казахстане.
На воінскіх пасадах Георгій Фёдаравіч зарэкамендаваў сябе ўмелым і граматным камандзірам. Ён вучыў сваіх падначаленых усяму таму, што выдатна ведаў і ўмеў сам. Неаднаразова атрымліваў падзякі ад камандавання часці.
Георгій Рысь служыў начальнікам аддзялення энергазабеспячэння спачатку дывізіёна, а затым палка. Гэта была даволі адказная пасада. Работу ракетнага зенітнага комплексу С-200 забяспечвалі розныя электрычныя крыніцы сілкавання. У звычайным рэжыме электрычнасць падавалася па лініях электраперадач, пры аўтаномным – з дапамогай дызель-генератараў. За надзейнае энергетычнае забеспячэнне адказваў капітан Георгій Рысь і яго падначаленыя. Паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы яму дапамагалі высокі прафесіяналізм, уменне мабілізаваць сваіх падначаленых на хуткае і якаснае вырашэнне баявых задач, а яшчэ, вядома, вера ў людзей, бацькоўскі клопат пра салдатаў.
Потым было новае прызначэнне – ракетны зенітны полк, які дыслацыраваўся ў горадзе Ціхвін.
Праз чатыры гады службы на новым месцы яго прызначаюць на новую пасаду–галоўным энергетыкам базы захоўвання ракетнага ўзбраення Ленін-градскай арміі супрацьпаветранай абароны. І на яго плечы ўскладваюцца новыя, больш адказныя задачы.
Бездакорнае стаўленне да службы, падначаленых, веданне ваеннай справы дазволілі Георгію Фёдаравічу паспяхова выконваць свае абавязкі.
Больш чым пасля 25-гадовай службы Георгій Рысь вярнуўся на радзіму. Але сядзець без справы афіцэр доўга не змог, таму ўладкаваўся дыспетчарам у РЭС. На гэтай пасадзе адпрацаваў яшчэ 15 гадоў. Цяпер ён на заслужаным адпачынку.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.