Перестанем читать — разучимся мыслить

Наталля Ступчык – настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №2 г.п.Зэльва. Яе педагагічны стаж складае больш за 13 гадоў. Пачынала працу з выкладання прадмета ў малодшых класах, у апошнія гады працуе са старэйшымі вучнямі.

 

Перестанем читать - разучимся мыслить


Яна дасканала размаўляе на беларускай мове, а стыль гутаркі можна параўнаць з карункамі, прыгожыя перапляценні якіх прызваны пераканаць суразмоўцу. Як мы даведаліся, настаўніца адной з першых знаёміцца з навінкамі літаратуры, што паступае ў бібліятэкі пасёлка. Чытае вельмі многа і падыходзіць да гэтай справы грунтоўна. Аддае перавагу той літаратуры, у якой можна знайсці штосьці філасофскае, жыццёвае…

–Наталля Фёдараўна, якое ваша стаўленне да аб’яўленага ў Беларусі Года кнігі?
–Не памылюся, калі скажу, што ўсе настаўнікі з радасцю сустрэлі гэтую навіну. Не сакрэт, што ў сучаснай інфармацыйнай прасторы ў кнігі вельмі многа канкурэнтаў, больш прывабных і “лёгкіх”. Быць чытачом не так проста, як гэта падаецца на першы погляд. Таму, выбіраючы паміж тым, што патрабуе напружання і работы думкі– кнігаю, і тым, што не патрабуе такіх намаганняў, перавага часта, на жаль, аддаецца апошняму. Наш сучаснік прывык да прамалінейных кароткіх інфармацыйных радкоў і відовішчных, насычаных спец-эфектамі фільмаў. У такой сітуацыі кніга прайграе. Але не таму, што яна маральна ўстарэла, а якраз таму, што яна мала папулярызуецца ў грамадстве ці, як зараз сказалі б, мала “раскручана”, “распіярана”. І задача дзяржавы – дапамагчы кнізе вярнуць страчаныя пазіцыі. Канешне ж, гэта немагчыма зрабіць за адзін год. Аднак, спадзяюся, што закладзены ў 2012 годзе падмурак стане асновай павышэння ролі і значнасці кнігі і чытання ў сучасным грамадстве.
–На ваш погляд, калі мы будзем чытаць больш, ці станем лепшымі і ці зможам змяніць свет вакол нас?
–Літаратура – сінонім слова “чалавеказнаўства”. Калі мы чытаем, мы не проста атрымліваем інфармацыю і прымаем яе да ведама. Кожны мастацкі твор застаўляе задумацца аб уласным жыцці, аб тым, як бы мы па-ступілі ў апісанай сітуацыі. Такія вечныя філасофскія катэгорыі, як дабро і зло, жыццё і смерць, шчасце і гора, і многія іншыя, на якіх пабудавана наша існаванне, становяцца прадметам даследавання. У героях твораў мы па-знаём сябе, нашых родных, знаёмых, суседзяў, сяброў, калег. Суперажываем і абураемся, смяёмся і плачам. “Змяніць свет вакол нас” – гучыць вельмі пафасна. Мне здаецца, змяненне свету павінна пачынацца са змянення самога сябе. І кніга можа стаць штуршком да гэтага.
–Якая кніга, прачытаная вамі ў апошні час, найбольш уразіла?
–Я з цікавасцю сачу за навінкамі літаратуры як айчыннай, так і замежнай. Аднак не магу сказаць, каб штосьці з сучаснай літаратуры вельмі ўразіла. Мяне прыцягваюць творы, сюжэт якіх знаходзіцца па-за межамі часу. Такія кнігі чытаеш і перачытваеш, кожны раз знаходзячы для сябе нешта новае. У гэтым сэнсе для мяне настольнай кнігай з’яўляюцца навелы О.Генры, шчымлівыя ў сваёй непасрэднасці і прастаце, часта смешныя і жартоўныя, на першы погляд, і, разам з тым, глыбока павучальныя.
–Як лічыце, што варта зрабіць у Год кнігі, каб зацікавіць людзей чытаннем?
–Даволі складана змяніць светапогляд дарослага чалавека, які прывык жыць па пэўнай схеме, у якога выпрацаваны свае звычкі, так скажам, жыццё наладжана. Усім вядома: прасцей навучыць, чым перавучваць. Так і з чытаннем. Гэта звычка, якая выпрацоўваецца гадамі. Я асабіста не магу не чытаць. Для мяне – гэта лад жыцця. Цікаўлюся і сур’ёзнай літаратурай, дзе знаходжу адказы на складаныя філасофскія пытанні, і масавай, забаўляльнай, якая дапамагае расслабіцца, а часам і дае інфармацыю для роздуму. Таму ўпэўнена, што толькі шэрагам мерапрыемстваў у Год кнігі нельга павысіць цікавасць да кнігі і павялічыць колькасць чытачоў. Пачынаць патрэбна са школы, а магчыма, і з дзіцячага садка. Патрэбна перагледзець палітыку дзяржавы ў адносінах да вывучэння такіх прадметаў, як мова і літаратура. Не сакрэт, што большасць сучасных школьнікаў не ўмее разгорнута адказаць на пытанне ці выказаць сваю думку, і яшчэ менш можа зрабіць гэта пісьмова. Каб гаварыць, патрэбна мець дастатковы слоўнікавы запас. Кніга – галоўная і самая важная крыніца папаўнення лексікі. Упэўнена, што, калі мы перастанем чытаць, то развучымся гаварыць. Урокі літаратуры вучаць дзяцей разумець кнігу. Часта чуеш: прачытаў, але нічога не зразумеў. Ці захочацца больш чытаць? Адказ відавочны. Чытанне – складаная праца і, як любая работа, патрабуе навыкаў. Такія навыкі не прыйдуць самі сабой. Я думаю, усе пагодзяцца, што не магчыма сесці за баранку аўтамабіля і паехаць, не маючы адпаведных навыкаў. Тое ж і з чытаннем. Асновай для іх фарміравання з’яўляюцца ўрокі літаратуры, якіх, на жаль, з кожным годам у праграме становіцца ўсё менш і менш. Настаўнік літаратуры– інструктар, які дапамагае авалодаць навыкамі чатання, убачыць глыбінны сэнс прачытанага, зразумець асаблівасці мастацкага выкладу і зрабіць чытанне не цяжкім абавязкам, а жаданай патрэбнасцю. Акрамя таго, настаўнік можа парэкамендаваць, якую кнігу прачытаць, які твор варты ўвагі (будзе цікавым і, што немалаважна, зразумелым і актуальным для пэўнага ўзросту).
–Якія кнігі вы парэкамендавалі б пачытаць?
–Для тых, хто цікавіцца творамі аб сучасным жыцці, я параіла б раман беларускага аўтара Віктара Праўдзіна “Нелюбімыя гінуць” – глыбока псіхалагічны твор, дзе перапляліся лёсы трох жанчын: Любы Анікейчык, прывабнай вясковай жанчыны з Беларусі, якая ад побытавай безвыходнасці і ня-ўдалага кахання вярбуецца на заробкі ў Германію; маладой чэчэнкі Айшэ, нелюбімы муж якой гіне, пакідаючы цяжарную жанчыну ва ўмовах вайны працягваць яго род, і мінчанкі Марыі, што па віне п’янага мужа ў мядовы месяц трапляе ў аўтакатастрофу і застаецца бязногай калекай. Звычайная гісторыя звычайных людзей, адны з якіх падпарадкоўваюцца волі лёсу і гінуць у багне часу, а другія не скараюцца і кіпцюрамі “вырываюць” уласнае шчасце.
Прыхільнікам класікі парэкамендавала б перачытаць Івана Шамякіна, у якога ёсць творы для самага рознага ўзросту, светаўспрымання і густу. Для старэйшага пакалення – яго раман “Атланты і карыятыды” аб буднях вядомага архітэктара і яго акружэння. Для юнакоў – “Крывінка”, у якім безразважная дзяўчына з дапамогаю так званых “сяброў” тэрарызуе роднага бацьку, каб той за-плаціў за яе выкраданне выкуп.
Тым, хто аддае перавагу замежным аўтарам, варта звярнуцца да раманаў Артура Хэйлі, галоўныя героі якіх – звычайныя людзі, якія воляю лёсу аказаліся ў экстраардынарных абставінах.
А тым, хто задумваецца не толькі над уласным лёсам, але і лёсам усёй нашай цывілізацыі, рэкамендую цыкл з сямі раманаў вядомага амерыканскага фантаста Айзека Азімава “Аснаванне”, які лічыцца лепшай серыяй навуковай фантастыкі ўсіх часоў. Вы перанясецеся ў далёкую будучыню, у якой заселены планеты мільёнаў зорных сістэм Галактыкі. У час, калі матэматык і псіхагісторык Хары Сэлдан прадказвае крах і адраджэнне праз многа гадоў непераможнай Галактычнай Імперыі і выпрацоўвае праект стварэння Аснавання, якое павінна будзе стаць цэнтрам зараджэння новай Імперыі.
А ўвогуле, я параіла б больш звяртацца за кансультацыяй да работнікаў бібліятэкі, якія ў адпаведнасці з вашым густам і перавагамі падбяруць цікавыя кнігі і, як ніхто іншы, змогуць падрабязна расказаць аб літаратурных навінках.
–Ці шмат сёння чытаюць вашы вучні? І, наогул, якім спосабам атрымліваюць інфармацыю?
–На жаль, чытанне вучняў абмяжоўваецца ў асноўным праграмнымі творамі. Прычыны гэтага былі мною ўжо названы. А “лепшым сябрам” сённяшніх школьнікаў з’яўляецца інтэрнэт. Адтуль яны чэрпаюць інфармацыю аб падзеях у грамадстве, там адшукваюць неабходны матэрыял па вучэбных прадметах. Вучні не ўяўляюць сабе жыцця без сацыяльных сетак, дзе і адбываюцца асноўныя зносіны. І, відаць, нам па-трэбна ўлічваць гэтыя абставіны. Нядрэнна было б, каб і мясцовыя бібліятэкі крочылі ў нагу з часам і адкрывалі свае сайты ў інтэрнэце, старонкі ў сацыяльных сетках, форумы, дзе можна было б прапаноўваць кнігі для чытання і абмяркоўваць іх, як гэта робіцца з фільмамі. І калі сайтаў, дзе можна прагледзець фільм і пакінуць каментарыі, безліч, то якасных кніжных сайтаў не так ужо і многа. 
–Як вы мяркуеце, ці зможа электронны носьбіт замяніць кнігу?
–Магчыма, з цягам часу мы прыйдзем да таго, што кніга перайдзе ў электронны фармат. Зараз усё большае распаўсю-джанне атрымліваюць электронныя кнігі. Хоць, я лічу, што гэта не раўназначная замена. Аднак і ў такіх умовах чытачоў не становіцца больш. Проста некаторыя з тых, хто чытаў папяровыя кнігі, пераходзяць на электронныя. Мне здаецца, пытанне трэба ставіць крышачку па-іншаму: ці павінны электронныя носьбіты замяніць кнігу? За апошнія дзесяць гадоў тэхналогіі змянілі наша жыццё карэнным чынам. У кожным доме ёсць дысплэі тэлефонаў, тэлевізараў, камп’ютараў. Наша сувязь з рэальнасцю імкліва змяняецца. У нас ёсць доступ да ўсёй інфармацыі ў свеце, дастаткова проста націснуць на кнопку. Не хацелася б, каб прадказанні пісьменнікаў-фантастаў аб грамадстве, у якім людзі, самі таго не заўважаючы, ператвараюцца ў крыніцу энергіі для машын, спраўдзіліся. Спадзяюся, што ўсё не абмяжуецца толькі Годам кнігі. Патрэбна ўсебакова прадуманая дзяржаўная праграма. Першыя крокі да адраджэння Кнігі зроблены, але многае залежыць і ад нас саміх. 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.