Огонь, вода и медные трубы сандружын

768

Своеасаблівай праверкай ступені гатоўнасці санітарных дружын і звенняў па пажаратушэнні прамысловых прадпрыемстваў і сельгасвытворчасці да дзеянняў у экстрэмальных сітуацыях сталі спаборніцтвы, якія прайшлі на гарадскім стадыёне «Колас». Яны праводзяцца штогод у рамках асноўных мерапрыемстваў па павышэнні падрыхтоўкі добраахвотных фарміраванняў дзяржаўнай сістэмы папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны. 766 У дзень спаборніцтваў прадстаўнікі розных спецыяльнасцей перакваліфікаваліся ў санітарных дружынніц і пажарных. Хваляваліся нават тыя, хто неаднаразова ўдзельнічаў у такіх мерапрыемствах. – У наш неспакойны час, калі існуе пагроза тэхнагенных катастроф, прыродных катаклізмаў і стыхійных бедстваў, задача падрыхтоўкі такіх фарміраванняў грамадзянскай абароны на прадпрыемствах і ў арганізацыях з’яўляецца вельмі актуальнай, – падкрэсліў намеснік начальніка РАНС Сяргей Сурага. – Удзел у гэтых спаборніцтвах з’яўляецца не толькі адной з эфектыўных форм навучання аператыўным і правільным дзеянням у экстрэмальных сітуацыях, але і важным механізмам стварэння рэзерву з ліку грамадзян, якія валодаюць практычнымі навыкамі аказання першай медыцынскай дапамогі і тушэння пажараў. 767 У час урачыстага пастраення ўдзельнікаў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Валюк. Супрацоўнікі РАНС пастараліся, каб мерапрыемства прайшло зладжана і арганізавана – падрыхтавалі пляцоўкі, устанавілі неабходнае абсталяванне. Распачалі спаборніцтвы сандружынніцы. Ім трэба было пераадолець пяць асноўных этапаў: праверку аснашчэння санітарных сумак і іх камплектнасці, паказаць уменне карыстацца сродкамі індывідуальнай абароны (процівагазамі ці рэспіратарамі), дзеянні ў камбінаваным, хімічным і бактэрыялагічным ачагах паражэння. На кожным з этапаў камандам ставіліся пэўныя задачы, адводзіўся час для іх выканання. Пры праходжанні ачага камбінаванага паражэння санітарныя дружынніцы аказвалі пацярпеламу першую медыцынскую дапамогу: накладвалі шыны, рабілі перавязкі. Склалася ўражанне, што працуюць са-праўдныя прафесіяналы. У ядзерным ачагу сандружынніцы дэманстравалі, як трэба правільна праводзіць дэзактывацыю адзення, прымаць антыдот, аказваць дапамогу пацярпеламу і выйсці з ачага. У зоне хімічнага заражэння паказалі навыкі адзявання процівагаза, правядзення санітарнай апрацоўкі. Веды, звязаныя з арганізацыяй дэзынфекцыйных мерапрыемстваў, пра-вяраліся ў бактэрыялагічным ачагу. 765 Па выніках спаборніцтваў лепшай прызнана сандружына СВК “Галынка”, на другім месцы аказаліся прадстаўнікі РУП бытавога абслугоўвання, на трэцім – СВК “Сынкавічы”. Удзельнікам звенняў па пажаратушэнні давялося ў поўнай пажарнай амуніцыі дэманстраваць сілу, вынослівасць і мужнасць пры праходжанні пажарнай эстафеты. Патрэбна было хутка пераадолець шчытавы бар’ер, прабегчы па буме са скручанымі пажарнымі рукавамі, у час руху злучыць іх разгалінаваннем і з дапамогай вогнетушыцеля ліквідаваць ачаг узгарання. Выдатна справіліся з пастаўленай задачай прадстаўнікі РУП ЖКГ, якія занялі на гэтым этапе першае месца. Другімі былі работнікі СВК “Галынка”, трэцімі – цэха газавай гаспадаркі. На заключным этапе праходзілі спаборніцтвы па баявым разгортванні. Высокую ступень гатоўнасці, добрыя навыкі прадэманстравалі каманды СВК “Галынка”, цэха газавай гаспадаркі і РУП ЖКГ. У агульным заліку лепшай прызнана пажарная дружына СВК “Галынка”. Другое месца заняла каманда цэха газавай гаспадаркі, трэцяе – РУП ЖКГ. Пераможцы былі адзначаны граматамі і грашовымі прэміямі. Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.