Версия для слабовидящих

Лыжка як напамін аб былым, або Аб чым расказала дзіця вайны Марыя Баглай

7 марта 2025
Просмотры: 397

Лыжка як напамін аб былым, або Аб чым расказала дзіця вайны Марыя Баглай 

Жыхарка вёскі Запруддзе Марыя Баглай падзялілася з работнікамі сектара па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва цэнтра культуры ўспамінамі аб перажытым у перыяд Вялікай Айчыннай. 

Разважанні яе, дзіцяці вайны, сталі сведчаннем мінулага, адлюстравалі непасрэдныя адчуванні дзяўчынкі ваеннай пары і імкненне сучаснай жанчыны сталага веку бачыць мірнае жыццё дзяцей і ўнукаў. Дарэчы, гэтыя ўспаміны і былі пакладзены ў аснову відэароліка “Дзеці вайны”, створанага так званымі аўтаклубаўцамі. А штуршком да рэалізацыі дадзенага праекта паслужыла лыжка, якую з пасляваеннага часу беражліва захоўвае Марыя Уладзіміраўна.

Жанчына ўсхвалявана расказала пра тое, што назаўсёды засела ў яе свядомасці. Пра тое, як сям’я выжывала з прыходам у вёску фашыстаў, як у іх забралі карову, як немцы заставілі маму і яе цётку гатаваць ім ежу. Прыгадала, што не раз знаходзілася на грані паміж жыццём і смерцю, калі з аднавяскоўцамі хаваліся ў самых розных месцах. 

І праз восем дзесяткаў гадоў жывыя гэтыя яе ўспаміны. Яны сталі яскравым прыкладам сілы духу і надзеі, якія не паміраюць нават у самых цяжкіх умовах. Дзяўчынка, можна сказаць, цудам выжыла пасля абстрэлу з варожага самалёта. А калі праз вёску прайшоў фронт, усіх працаздольных мужчын накіравалі ў дзеючую Савецкую Армію. І з 33 чалавек трэцяя частка не вярнулася дамоў. Бацьку, які дайшоў з войскам да Венгрыі, пашчасціла зноў убачыць сваіх. Лыжка, якую ён прывёз, і цяпер напамінае жанчыне пра роднага чалавека.

Што для большасці людзей здаецца дробяззю, часам мае вялікае значэнне для той ці іншай асобы. А ў выпадку Марыі Баглай такі прадмет паўсядзённага побыту, як лыжка, сімвалізуе сувязь шматлікіх пакаленняў яе сям’і. І ў тым, пра што расказала наша зямлячка, кожны з нас, беларусаў, бачыць і адгалоскі гісторыі свайго роду, дзяцінства прадстаўнікоў якога апаліла бязлітасная вайна.

Любоў ШЭЙКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!