Марафон мерапрыемстваў прайшоў у Дзярэчынскай СШ імя Р.Л.Кірылава ў рамках Тыдня роднай мовы
Марафон мерапрыемстваў прайшоў у Дзярэчынскай СШ імя Р.Л.Кірылава ў рамках Тыдня роднай мовы
Мінулы тыдзень выдаўся для вучняў і настаўнікаў Дзярэчынскай сярэдняй школы імя Р.Л.Кірылава надзвычай насычаным, бо быў прысвечаны самаму дарагому скарбу – роднай мове. Гэта было сапраўднае падарожжа ў свет беларускага слова, якое згуртавала і дарослых, і дзяцей.

Урачыстая лінейка дала старт марафону мерапрыемстваў, дзе кожны змог адчуць сябе часткай вялікай культурнай спадчыны. Кожны наступны дзень адкрываў новыя грані роднага слова. Вучні ўдзельнічалі ў моўных віктарынах, конкурсах і літаратурных гасціных.
Для выхаванцаў дзіцячага сада было арганізавана падарожжа ў свет беларускай казкі, святаў і абрадаў. Праз пяшчотнае матчына слова, першыя вершы і вясёлыя карагоды выхавацелі вучылі дзяцей любіць сваю зямлю і шанаваць родную гаворку.
Малодшыя школьнікі праявілі сябе ў творчых конкурсах і віктарынах. Для іх роднае слова гучала ў песнях і вершах пры правядзенні інтэлектуальнага марафона “З любоўю да роднага слова”. Менавіта ў гэтым узросце дзеці вучацца бачыць прыгажосць навакольнага свету праз меладычнасць беларускай гаворкі, калі робяць свае першыя свядомыя крокі да разумення нацыянальнай годнасці.

Вучні 5-11 класаў удзельнічалі ў віктарыне “Знаўцы беларускай мовы”, квэсце-гульні “Пагуляем у роднае слова”, гутарцы “Мова беларускай душы”, гульні-падарожжы “Каб любіць Беларусь нашу мілую”. Вельмі шчырыя выказванні пра родную мову стварылі на конкурсе творчых работ “За што я люблю родную мову”. Старшакласнікі, педагогі і работнікі школы далучыліся да рэспубліканскай дыктоўкі, паказаўшы высокі ўзровень пісьменнасці і павагі да правілаў граматыкі.
Асаблівую цікавасць выклікала наведванне тэматычных выставаў у чытальнай зале “Чытайце па-беларуску” і “Знакамітыя землякі”, дзе была магчымасць у вучняў зрабіць сэлфі з любімай кнігай.

Сапраўдным марафонам шчырасці стала акцыя “Размаўляй па-беларуску”. На працягу ўсяго тыдня яна заклікала ўсіх – ад першакласніка да настаўніка – выйсці за межы звыклых будняў і адчуць смак роднага слова ў штодзённых зносінах. Гэта была не проста задача, а сапраўдны выклік сабе: ці здольныя мы захаваць меладычнасць гаворкі ў школьных калідорах? Акцыя паказала, што беларуская мова, якая гучала ў прывітаннях, у абмеркаванні кніг і нават у сяброўскіх жартах, жывая, сучасная і вельмі шчырая.
Настаўнікі Дзярэчынскай СШ імя Р.Л.Кірылава
Людміла Пачабыт, Наталля Сякевіч
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!





















