Навагодняе віншаванне ад старшыні Зэльвенскага райвыканкама Дзяніса Альшэўскага

Паважаныя зэльвенцы!

Хутка 2018 год стане гісторыяй, у якой кожны з нас пакінуў свой след. Асабіста для мяне гэты без пары дзён стары год быў самым што ні ёсць новым – новае месца працы, новае месца жыхарства.

“Новае” – дастаткова ўмоўна, бо на Зэльвеншчыне мае карані, і таму разам з апаратам райвыканкама, кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў у Год малой радзімы мы зрабілі ўсё магчымае дзеля яе развіцця. Тым больш што дадатковай падставай для мэтанакіраванага руху наперад было святкаванне 760-годдзя Зэльвы.

Адыходзячы год запомніцца шэрагам важных падзей. Мы запусцілі ветрапарк ва ўрочышчы Татарышкі, пачалі будаўніцтва шматпавярховага дома ў мікрараёне “Паўночны”, ажыццявілі рэканструкцыю АЗС і атрымалі сучасны аб’ект, нават з зарадкай для электракараў. Разумеючы важнасць канкурэнтаздольнасці, пераарыентавалі прамысловыя прадпрыемствы на работу з улікам запытаў насельніцтва.

Гэты год падараваў нам нямала дасягненняў у сацыяльнай сферы. Найбольш важнае з іх, на мой погляд, – адкрыццё філіяла цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў аграгарадку Каралін. Гэты факт сведчыць аб уважлівым стаўленні ўлады да патрэб жыхароў сельскай мясцовасці. Бо людзі – наша галоўнае багацце. Прыемна, што сёлета імёны нашых землякоў гучалі на абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах і спаборніцтвах. Зэльвеншчыне ёсць кім ганарыцца!

Так, у 2018-м былі і складаныя моманты. Нам не ўдалося дасягнуць планавых паказчыкаў у вытворчасці збожжавых культур і нарыхтоўцы кармоў. Але мы атрымалі адзін з самых высокіх у вобласці паказчык ураджайнасці цукровых буракоў. І гэта будзе карысным вопытам.

У агульным, год выдаўся паспяховым. Тое, што не паспелі зрабіць сёлета, працягнем у наступным годзе. У першую чаргу, гэта датычыцца добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі, паляпшэння якасці медыцынскага і гандлёвага абслугоўвання. Задачы няпростыя, але, уступаючы ў 2019-ы з напрацаваным патэнцыялам, мы верым у тое, што з намечанымі планамі паспяхова справімся.

Дарагія сябры! Напярэдадні Новага года ўсе мы марым аб простым і вечным: каб былі здаровыя і шчаслівыя дарагія нам людзі, каб у хаце быў дабрабыт, каб дзеці радавалі нас поспехамі і мы ганарыліся гэтым.

Няхай 2019 год апраўдае нашы надзеі, прынясе мір, утульнасць і радасць у кожную сям’ю, стане годам новых здзяйсненняў, поспехаў і добрых спраў.

Здароўя, шчасця і ўсяго самага добрага вам і вашым блізкім.

З Новым годам!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены