Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце філіяла “Князева” Вольга Чура не скупіцца на прыемныя словы для людзей

Гэтая маладая і абаяльная дзяўчына – эканаміст па адукацыі. Аднак апошнія пяць гадоў займае пасаду намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце. А завуць маю гераіню Вольга Чура. І працуе яна ў філіяле “Князева”. Яшчэ паступаючы ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, Вольга разумела, што звяжа сваё далейшае жыццё з сельскай гаспадаркай. Вясковы быт дзяўчына ведала добра, бо вырасла на зямлі. Лёс менавіта так і распарадзіўся. Па размеркаванні ўчарашняя студэнтка прыехала ў калгас «Светлы шлях» Зэльвенскага раёна. – Не разумею, чаму некаторых выпускнікоў так палохае работа ў сельскай мясцовасці, – разважае мая новая знаёмая. – Тут таксама, як і ў горадзе, патрэбны ўмелыя рукі і свежыя ідэі. А магчымасці праяўляць ініцыятыву даюць столькі, колькі зможаш. Больш таго, не баяцца даручаць маладым самыя адказныя ўчасткі. На першым рабочым месцы маладому спецыялісту давялося працаваць дыспетчарам. Пасада, на першы погляд не такая ўжо і складаная, але патрабуе кампетэнтнасці, скурпулёзнасці і, у нейкай ступені, ведання псіхалогіі. Бо ў цэнтры ўвагі ставіцца, вядома ж, работа з людзьмі. А ладзіць з імі, паважаць старэйшых, дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, дзяўчына навучылася ад сваіх бацькоў. Людзі, якія пастаянна жывуць у вёсцы і заняты працай на зямлі, наогул па-іншаму да жыцця адносіцца не могуць. Нягледзячы на тое што аб першым месцы працы ў маёй суразмоўцы засталіся самыя прыемныя ўспаміны, праз некаторы час яна вырашыла пераехаць жыць і працаваць на радзіму – у СВК «Прагрэс–Князева». Працу эканамістам сумяшчала з грамадскай дзейнасцю – узначаліла пярвічную маладзёжную ячэйку. Маючы выдатныя арганізатарскія здольнасці, хутка сфарміравала свой уласны стыль работы. Актыўнасць маладзёжнага лідара была заўважана кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства. І хутка ёй прапанавалі ўзначаліць ідэалагічную і кадравую службу, затым – пасаду намесніка дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце. Увогуле, намеснік па ідэалагічнай і кадравай рабоце – другі па іерархіі чалавек пасля дырэктара філіяла. І кола службовых абавязкаў ідэолага вельмі шырокае. Аднак накірункі, якія курыруе, Вольга Раманаўна не дзеліць на галоўныя і другасныя. Для яе аднолькава актуальны і пытанні прапаганды здаровага ладу жыцця, і аховы працы, і сацыяльная падтрымка работнікаў сельгаспрадпрыемства, і каардынацыя дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў. Адным словам, калі чалавек душой хварэе за калектыў, ён робіць усё магчымае, каб сваю работу выканаць на належным узроўні. –Пасада ў мяне неардынарная, – гаворыць ідэолаг. – Часта іду на працу і не ведаю, як пройдзе дзень, з кім я буду мець зносіны, якія пытанні мне будуць задаваць і якія праблемы давядзецца вырашаць. У час нашай гутаркі дзверы ў кабінет спецыяліста практычна не зачыняліся: адны прыходзілі ўзгадніць вытворчыя пытанні, другія – за садзейнічаннем у вырашэнні бытавых праблем. Былі і такія, каму спатрэбілася кансультацыя асабістага характару. Ні адзін зварот Вольга Раманаўна не пакінула без увагі, тлумачыла нават самыя нязначныя нюансы, калі патрабавалася, цярпліва паўтарала яшчэ раз. Я з задавальненнем назірала, як тыя, хто гутарыць з ідэолагам, абавязкова трапляюць пад яе абаянне. А яна не скупіцца на прыемныя словы для людзей. Тэрэза КАВАЛЕВІЧ
Вам может быть интересно
2 комментариев
  1. Ника says

    Мы в свое время с Ольгой вместе работали. Действительно, с ней очень приятно общаться. Побольше бы таких людей.

  2. ИгTrick says

    знаю-знаю Ольку, отличный специалист и просто хороший человек!

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.