Настаўнік, трэнер, выдатнік народнай асветы – зэльвенец Алег Кароза адзначае юбілей


Настаўніцкую сям’ю Карозаў – Алега Пятровіча і Алены Станіславаўны – ведаюць у Зэльве многія. Праз іх рукі прайшлі сотні хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх яны вучылі чытаць, пісаць, гартаваць свае душы і целы.

(Фота з архіва А.Карозы, Алег Пятровіч у цэнтры здымка.)

5 студзеня Алег Пятровіч адзначае 70-гадовы юбілей. Былыя калегі па працы папрасілі згадаць пра яго як пра вопытнага настаўніка і кіраўніка, бо ў яго працоўнай біяграфіі было і тое, і другое.

Нарадзіўся Алег Кароза ў сялянскай сям’і ў в.Клепачы. Заняткі спортам палюбіў падчас вучобы ў Міжэрыцкай СШ, дзе фізічную культуру выкладаў Іосіф Адамавіч Жыдок. Ён заўважыў здольнасці вучня і ўзмоцнена рыхтаваў яго да ўдзелу ў спаборніцтвах. Падахвочваў хлопца і старэйшы брат Вячаслаў, які вучыўся ў інстытуце фізічнай культуры.

Алег трэніраваўся і як лёгкаатлет, і як лыжнік. Калі вучыўся ў старэйшых класах, у складзе зборнай вобласці ўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах па лыжах. Лыжня тады рыхтавалася на гарыстай Лагойшчыне. Траса, як згадвае Алег Пятровіч, была вельмі складанай, поўнай нечаканых крутых спускаў і паваротаў. Але яна не палохала – вучыла пераадольваць усе цяжкасці. І па лёгкай атлетыцы, і па лыжным спорце хлопец атрымаў першы разрад і, вядома, пасля школы мог лёгка паступіць у фізкультурны інстытут. Але ў сям’і было пяцёра дзяцей, і двое ўжо вучыліся на стацыянары. Таму юнак вырашыў зарабляць сабе на вучобу сам, спалучаючы яе з працай.

Настаўніцкую кар’еру пачынаў у Рудзевіцкай школе, працягваў у Славаціцкай. Заўважыўшы арганізатарскія здольнасці маладога настаўніка, у РАНА не пабаяліся даручыць 22-гадоваму юнаку кіраўніцтва дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай. Установа дзейнічала толькі тры гады, таму матэрыяльная база была даволі сціплай. Алег Пятровіч энергічна ўзяўся за справу, пралічыў усе плюсы і мінусы работы секцый. Напрыклад, былі праблемы з трэнерамі і падборам дзяцей у секцыі па фехтаванні і шахматах. Давялося іх закрыць. Затое знайшоў кваліфікаванага трэнера па лёгкай атлетыцы. Адразу ацаніў нязвыклы для правінцыі прафесіяналізм трэнераў па гандболе і футболе Леаніда Гана і Станіслава Путрэшы. Менавіта тады і зрабіў стаўку на гэтыя віды спорту.

І не памыліўся. Неўзабаве выхаванцы Гана і Путрэшы – Уладзімір Міхута, Валерый Цівунчык, Генадзь Давідовіч, Валерый Логінаў – заявілі пра сябе і ў рэспубліцы, і на міжнароднай арэне. Зэльва стала “спартыўнай Мекай”, куды ахвотна прыязджалі спартсмены з іншых саюзных рэспублік.

З вялікай цеплынёй згадвае Алег Пятровіч і астатніх трэнераў той пары: Івана Куляша, Уладзіміра Качука, Валерыя Скібу, Дзмітрыя Шлыка, Міхаіла Жыдка… Невялікі калектыў шмат зрабіў і для абуладкавання самой школы і спартыўных пляцовак каля яе. Агарадзілі сеткай стадыён, устанавілі баскетбольныя шчыты, зварылі вароты, рэгулярна сачылі за належным станам бегавой дарожкі, зімой стадыён пераўтваралі ў каток.

На базе Зэльвенскай ДзЮСШ пачалі праводзіць абласныя семінары, а ў 1982 годзе – нават і рэспубліканскі. Кіраўнік школы быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР, а падзякі і граматы ад РАНА атрымліваў рэгулярна.

З-за безлічы адміністрацыйных пытанняў часу на трэнерскую работу заставалася мала. Таму Алег Пятровіч не раз прасіў у загадчыка РАНА перавесці яго на працу ў школу. Нарэшце ў 1982 годзе яго просьбу задаволілі. Так ён стаў настаўнікам фізічнай культуры ў адзінай тады ў пасёлку сярэдняй школе (зараз – СШ №2). Як і ў спартыўнай школе, тут яго чакала мноства пытанняў, непасрэдна як бы і не звязаных з яго абавязкамі радавога настаўніка.

Але хіба мог ён спакойна глядзець на вялізны стадыён каля школы, нават не агароджаны ад пешаходаў, і на якім акрамя пясчанай бегавой дарожкі ды футбольных варот практычна нічога не было?! Арганізаваў калег, пайшлі ў аддзел капітальнага будаўніцтва райвыканкама, пераканалі спецыялістаў у неабходнасці рэканструкцыі стадыёна. Знайшлі спонсараў, прывезлі абсталяванне і сіламі мужчын-фізкультурнікаў пачалі будаваць сапраўдны спартыўны гарадок, дзе знайшлося месца для трэніровак баскетбалістам, валейбалістам, гандбалістам і футбалістам.

У самой школе, вялікай і перагружанай, была толькі адна спартыўная зала. Паміж дзвюма зменамі ледзь паспявалі яе як след праветрыць ды прыбраць. Доўга прыглядваўся Алег Пятровіч да суседняга пакоя, дзе праводзіліся педсаветы ды розныя культурныя мерапрыемствы. Вядома, і актавая зала ў школе патрэбна, але часовай заменай ёй (ужо будавалася СШ №3) мог стаць адзін з кабінетаў. Ды і раённы Дом культуры быў побач са школай – для масавых мерапрыемстваў там хапала месца. Шмат аргументаў падрыхтаваў настаўнік для абароны сваёй задумы, перш чым ісці да дырэктара. І Яўген Васільевіч Сончык згадзіўся.

Зноў жа сам, Ю.І.Бакач, К.А.Лявонік, М.І.Попка дэманціравалі сцэну, устанавілі сеткі на вокны, навясныя перакладзіны, канаты. Прычым, прыдумалі такое прыстасаванне, што адначасова маглі выцягвацца 10 канатаў. З палёгкай уздыхнулі ўсе, асабліва настаўнікі пачатковых класаў, бо ў асноўным яны пачалі карыстацца выгодамі малой спартыўнай залы.

Як кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры раёна Алег Пятровіч часта даваў адкрытыя ўрокі для калег, прадстаўнікоў іншых раёнаў вобласці і нават рэспублікі. У 1986 годзе атрымаў званне “Выдатнік народнай асветы”.

“Сваімі поспехамі я шмат у чым абавязаны калегам, – кажа Алег Пятровіч. – Калі прыйшоў у школу з ДзЮСШ, нават трохі разгубіўся. Класы вялікія, нагрузка таксама. Як усё паспець зрабіць за ўрок, прафесійна данесці кожнае практыкаванне да вучняў? Выручала Ірына Станіславаўна Тукальская. Яна віртуозна валодала рознымі методыкамі. Вучыўся ў яе, ды і ў ншых калег было што пераняць. Многае давала падрыхтоўка да адкрытых урокаў, калі пералапачваў шмат дапаможнай літаратуры”.

Усе, хто працаваў з Алегам Пятровічам, адзначаюць яго прафесіяналізм і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу. Міхаіл Іванавіч Пазнанскі згадвае, як яго, Алега Пятровіча і яшчэ аднаго настаўніка з раёна накіравалі на рэспубліканскія курсы, і яны дастойна прадставілі там Гродзенскую вобласць.

Юбіляр і сёння не здраджвае любімай справе, сочыць за спартыўнымі навінамі, радуецца дасягненням зэльвенскіх спартсменаў. А зімой, калі ёсць снег, вядома, становіцца на лыжы і, як у маладосці, выбірае не роўныя сцяжыны, а тыя, дзе ёсць перашкоды.

Яніна Шматко

Вам может быть интересно

Комментарии отключены