Настаўнік Галынкаўскай СШ Юрый Палховіч: «Выкладаю музыку з «трудом»

У кожнай, нават невялікай, школе ёсць чалавек – сумленне калектыву і надзейная апора адміністрацыі. У Галынкаўскай школе такім чалавекам стаў Юрый Георгіевіч Палховіч, выкладчык музыкі і тэхнічнай працы. Не вельмі звыклае спалучэнне? Напэўна. Але якім плённым яно аказалася!

Сам Юрый Георгіевіч іранізуе: “Преподаю музыку с трудом”. Але ўрокі музычнага выхавання як раз і не выклікаюць ніякіх праблем, бо ў свой час ён закончыў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча і шмат гадоў выкладаў музыку ў роднай яму Старасельскай базавай школе. Пасля перавёўся ў Галынкаўскую СШ. Калі музыка стала школьным прадметам толькі ў пачатковым звяне, адміністрацыя ўстановы адукацыі прапанавала настаўніку ўзяцца за тэхнічную працу. Усе ведалі Юрыя Георгіевіча як чалавека, у якога ўсё “гарыць” у руках.

А настаўнік вагаўся. Адна справа – рабіць для сябе, і зусім іншая – выкладаць тэхнічную працу па ўсіх канонах педагагічнага майстэрства. Да першага ўрока рыхтаваўся як да самага адказнага экзамену. Хацеў натхніць хлопчыкаў стаць сапраўднымі гаспадарамі. Прапанаваў кожнаму падумаць над праектам, які б адпавядаў яго густу, схільнасцям і магчымасцям. Зацікавіў сваімі макетамі, зробленымі з дэталяў, што ў літаральным сэнсе валяюцца пад нагамі. І хлопчыкі адгукнуліся. Каго зацікавіла разьба па дрэве, каго – радыётэхніка, каго – механіка. На факультатывах і гуртках спрачаліся, раіліся, з дапамогай матэматычных формул разлічвалі памеры мадэляў, суадносілі іх паміж сабой. Настаўніка вельмі радавала, калі ідэі вучняў аказваліся больш арыгінальнымі, чым яго.

Таленавіты, працалюбівы, творчы, натхнёны, тактычны, ветлівы, безадказны… З такім наборам характарыстык педагог узяўся за працу. Вынікі атрымаліся паспяховыя. Штогод выхаванцы Палховіча атрымліваюць прызавыя месцы на алімпіядах і ў навукова-практычных канферэнцыях. У 2015 годзе галынкаўскія хлопцы занялі 4 прызавыя месцы ў раённай алімпіядзе і адно – у XIII навукова-практычнай канферэнцыі. Наступны год колькасць прызавых месцаў падвоілася, зноў перамога ў канферэнцыі, ды яшчэ журы абласной канферэнцыі навукова-тэхнічнай творчасці “Тэхнаінтэлект” прысудзіла галынкаўскім умельцам другое месца. Плённа папрацаваў Юрый Георгіевіч з хлопцамі і ў 2017 годзе: 5 прызавых месцаў у алімпіядзе, першае – у навукова-практычнай канферэнцыі. Удалым выдаўся і бягучы год: у раённым конкурсе “Тэхнаінтэлект” – 1-е месца, у абласным – 2-е месца, 5 прызавых месцаў у алімпіядным руху.

Паступова нараджаюцца цікавыя праекты: невялікі макет матацыкла, сабранага са старых дэталек; зварачны апарат, самалёт з пенаплекса… Праект “Крылаты пенаплекс” вельмі зацікавіў журы XV раённай навукова-даследчай канферэнцыі і набраў 101 бал са 110 магчымых! Лепшыя работы вучняў настаўнік размяшчае на стэндзе “Сваімі рукамі”.  Уражваюць работы Аляксандра Петраша (“Сямідуб”), Уладзіміра Мальца (“Пекар”), Сяргея Парфенчыка (“Касец”, “З рога ўсяго многа”) і іншыя.

У мінулым годзе як лепшы настаўнік сваёй школы Палховіч прымаў удзел у раённым конкурсе “Настаўнік года”. Яго адкрыты ўрок у незнаёмым класе вельмі спадабаўся і журы, і дзецям. Даспадобы прыйшлося і эсэ на тэму “Вучыць дзяцей вучыцца”, і яго абарона. У сваёй намінацыі стаў пераможцам.

А як жа музыка? Пра яе настаўнік не забывае ніколі. Вельмі шкадуе, што няма працягу музычнага выхавання ў сярэдніх і старэйшых класах. Па глыбокім перакананні Юрыя Георгіевіча, чалавек, не атрымаўшы музычнай адукацыі, усё жыццё будзе адчуваць сябе абдзеленым… А паколькі далёка не ўсе вясковыя дзеці могуць прадоўжыць вучобу ў музычных школах, ён стараецца, каб выпускнік пачатковай школы адчуў патрэбу ў музычнай самаадукацыі. Працуючы з хлопчыкамі ўжо як настаўнік тэхнічнай працы, Палховіч развівае набытыя веды па музыцы. Уключылі станок: “Які гук вы чуеце?”. Спрабуюць запусціць у неба макет самалёта: “Які музычны твор узгадваецца вам у гэты момант?”.

Вопыт работы па музыцы настаўнік абагуліў, і ён рэкамендаваны метадычным кабінетам для выкарыстання ўсім настаўнікам музыкі раёна. Шэраг практычных і метадычных знаходак настаўніка ўжо ўкараняецца ў практыку. “Музычная капілка слоў”, “Дыхальна-гульнёвая гімнастыка”, гульні ў аркестр, загадкавы інструмент і іншыя вельмі падабаюцца дзецям.

Вам может быть интересно
2 комментариев
  1. Татьяна says

    О музыкальных данных Юрия Полховича наслышана, А вот о мужчине с золотыми руками прочитала с удовольствием.

  2. Юлия says

    Юрий Георгиевич очень добрый и умный человек. спасибо за статью

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.