Наслаждение для книголюбов

Як сведчаць справаздачы з Ганненскіх кірмашоў ХVIII стагоддзя, нашы продкі не цураліся распаўсюджвання кніжнай прадукцыі. Магчыма таму і ў час сёлетняга свята яго арганізатары ўлічылі запыты аматараў Слова: былі  наладжаны і продаж, і рэклама кнігі. Як гандаль, так і рэклама мелі свае адметнасці: прадавалася літаратура мясцовых творцаў, а на сустрэчы з паэтамі Зэльвеншчыны былі як вядомыя паэты, так і дэбютанты. 

Чым жа зацікавіла кніжная лаўка? – Амаль што аднымі навінкамі! Аматары паэтычнага слова набывалі зборнік “Зорка залатая” Валянціна Семянякі, які літаральна за месяц да кірмашу выйшаў пад рэдакцыяй Уладзіміра Мазго ў выдавецтве “Звязда”. Улюбёныя ў свой край з цікавасцю гарталі старонкі сёлетняга выдання Сяргея Чыгрына “Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны”. А аматары нацыянальных страў маглі набыць кнігу Юрыя Качука “Беларуская кухня”. 

Пазнаёміўшыся з кнігамі добра знаёмых людзей і штосьці набыўшы, спяшаемся на пляцоўку летняй эстрады. Там бібліятэкары цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу “Зэльва паэтычная” і з нецярпеннем чакалі неабыякавых да Слова чытачоў. 

Імпрэзу пачала Алена Кніга, якая выканала песню на словы Алены Букатай “Зэльва ты мая ненаглядная”. Затым вядучая Валянціна Масюк, абазначыўшы тэму вечарыны “Мая маленькая радзіма, што Зэльваю завецца”, прадставіла ўдзельнікаў сустрэчы. 

Са сваімі вершамі аб незабыўным куточку першым выступіў Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна паэт Уладзімір Мазго. Аматары яго песеннай творчасці памятаюць, як хораша казаў паэт пра любыя мясціны, бо ён часты госць “у краі дзівосным зялёнай планеты”. “Шчымліва, успамінна і песенна” ўзгадваў ён вуліцу Савецкую, на якой нарадзіўся.  

Намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” Уладзімір Мазго ў курсе ўсіх літаратурных спраў у рэспубліцы. І, вядома, дэбют маладого зэльвенца Міколы Галавача ў “Полымі” не мог прайсці па-за яго ўвагай. На свяце ў Зэльве Уладзімір Мінавіч прадставіў самога пачынаючага паэта. Прысутныя вельмі цёпла сустрэлі і даўно знаёмага творцу, і яго маладога калегу.

Як чалавек сціплы, Уладзімір Мазго не сказаў пра падзею, што адбылася ў яго творчым лёсе некалькі месяцаў таму. А сказаць трэба было б! Бо прыхільнікі яго таленту маглі б павіншаваць паэта з выхадам важкага тома 

“У нябёсах вясны”, у які ўвайшло лепшае з некалькіх зборнікаў творцы. Выдавецтва “Чатыры чвэрці” строга, але шыкоўна аздобіла чарговы томік паэта. Бібліятэкары мараць пра прэзентацыю гэтага зборніка на чарговых Сакавінах.

А вось прэзентацыя “Зоркі залатой” Валянціна Семянякі, здаецца, адбу-дзецца хутчэй. Бо і аўтару не трэба ехаць далёка. Валянцін Міхайлавіч шчыра падзякаваў бібліятэкарам за рэкламу яго зборнікаў. Так, зборнікаў, бо першы –“На скрыжаванні” – выйшаў у сценах цэнтральнай раённай бібліятэкі і стаў асновай для паўнавартаснага выдання – паліграфічнага. Ёсць у ім такія радкі:

Нам трэба некалі вяртацца

Да першых сцежак і пачуццяў, 

Да песень, што спявалі маці,

Да слоў, што вечнымі завуцца.

Паэт сваіх вытокаў не забывае. 

І зборнік прысвяціў светлай памяці маці Галіны Антонаўны…

Для многіх было нечаканасцю вы-ступленне Станіславы Прызван як паэткі. Гэтая ўсебакова адораная жанчына радуе нас не толькі цудоўным голасам, але вядома як драматычная актрыса, народная ўмеліца. На свяце яна дэбютавала яшчэ з вершамі пра Зэльву і Ганненскі кірмаш.

Зэльва мая, прыгажуня, сяброўка,

Я ганаруся табой і людзьмі.

Ты і радзіма, і лёс непаўторны.

Лепшай як ты, мне нідзе не знайсці. 

Заўсёды радуе сустрэча з маці Людмілай Аляксееўнай і дачкой Вольгай з таленавітага роду Шышко. Людміла Аляксееўна дэкламавала вершы пра Зэльву і пра маленькую вёсачку Збляны, дзе нарадзілася. Вольга Ляскевіч-Шышко не толькі чытала, але і спявала песні на словы сваіх вершаў. Яна ў свой час прымала ўдзел у конкурсе на напісанне гімна Зэльвы. Яе вершам зацікавіўся мясцовы кампазітар Аляксандр Сямёнчык. Гімна, праўда, у іх не атрымалася, затое песня – што трэба: вясёлая, задорная, прызыўная!

Прысутная на мерапрыемстве Людміла Зузанава – з дзярэчынскіх ваколіц, вучаніца П.М.Марціноўскага і Г.В.Каўша. Не часта ўдаецца ёй трапіць на паэтычныя сустрэчы. А жанчына жыве імі, чакае. 

З рамеснай пляцоўкі завітаў на летнюю эстраду Сяргей Худзяеў. Яго ганчарныя вырабы ведаюць далёка за межамі раёна. Але і з паэзіяй Сяргей Анатольевіч не развітваецца ніколі. Майстар умела лепіць не толькі з гліны. Яго словы гэтак жа ўдала кладуцца ў паэтычны радок:

З першым сонечным промнем              

                                 на ўлонні Зямлі

Прачынаецца Зэльва, і гэтак – вякі!

Тут людзі што трэба,

                               і мая тут радня!

Невялічкая Зэльва – радзіма мая.

Ала Вілесава дэкламавала вершы і выконвала пакладзеныя на іх песні. Ёй дапамагае ствараць і запісваць мелодыю педагог школы мастацтваў Ула-дзімір Сарокін. З уздымам чытала Ала Іванаўна верш пра адроджаны кірмаш:

Сёння ў нашай Зэльве свята, 

І гасцей у нас багата.

Едуць усе ў пасёлак наш –

Сёння ж Ганненскі кірмаш!

Алена Букатая неяк не адважваецца выканаць свае песенныя творы пра Зэльву. А вось хор “Успамін” вельмі палюбіў створаную Уладзімірам Захаркам песню “Зэльва ты мая ненаглядная” і  прадстаўляе яе на канцэртах. Алена Антонаўна, нібы апраўдваючыся, сказала, што родам са Свіслаччыны, але Зэльву любіць як самы мілы куточак у свеце. І пацвердзіла радкамі з верша:

Доўга я пражыла, 

                         на жыццёвым шляху

Прыгажосці такой не спаткала.

Можа Свіслачы здрадаю 

                                     пахне крыху,

Але ты мяне больш абласкала.

За межамі Зэльвы нарадзіліся Святлана Літвінчык і Лілія Лукашонак, аднак даўно лічаць сябе зальвяначкамі. І шмат пішуць пра Зэльву.

                    Святлана ЛІТВІНЧЫК

***

На чырвоных рабіны гронках

Пераблыталіся вякі.

Праслаўляюць сваю старонку

Рупнай працаю землякі.

Па-над Зэльваю кружыць бусел,

Ад бяды захінае крылом.

Зэльва – частачка Беларусі,

Мой трывалы, надзейны дом.

                          Лілія ЛУКАШОНАК

***

Нібы ў моры зеляніны дахі патанулі.

І квітнеючыя вішні ласкай агарнулі.

Аглядзець красу такую 

                               не мінуў ніводны.

Нездарма ж назвалі Зэльвай 

                          наш куточак родны.

Член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь Надзея Салейка на мерапрыемства прыйшла з гітарай. Пранікнёна гучаў голас незвычайнай прыгажосці. Спявачка літаральна зачаравала ўсіх. І як жа дружна пляскалі ў далоні прысутныя, пачуўшы, што народная мастачка, таленавітая паэтка і спявачка пагадзілася неўзабаве прыехаць у бібліятэку на сустрэчу з чытачамі!

Завяршылі паэтычную экскурсію па Зэльвеншчыне дэбютанты. Дар’я Арцюх і Таццяна Лабовіч у пачатку творчага шляху, і няхай ён будзе шырокім і вольным, як Зэльвенскае вадасховішча і асфальтавыя стужкі дарог, што вядуць у наш старажытны пасёлак!

А зэльвенскія кнігалюбы заклікаюць усіх, хто яшчэ не далучыўся да Слова, павялічваць іх рады. Не пашкадуеце! Бо не раз адчуеце асалоду ад пачатку пачаткаў – Слова! Як адчулі яе на сустрэчы творцаў падчас Ганненскага кірмашу аматары прыгожага пісьменства.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.