На карце Зэльвеншчыны: паўвека таму тры населеныя пункты раёна змянілі свае назвы

Пяцьдзясят гадоў таму Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у нашай рэспубліцы некаторым населеным пунктам былі дадзены новыя назвы ўзамен тых, што гучалі, на думку распрацоўшчыкаў указа, немілагучна. У нашым раёне гэта былі Кабакі Галынкаўскага сельсавета, Пляцянічы былога Пляцяніцкага сельсавета і Свінашкі былога Ялуцавіцкага сельсавета. Кабакі сталі Снежнай, Пляцянічы – Чырвоным Сялом, Свінашкі – Звёзднай. Ці памятаюць жыхары гэтых вёсак пра падзеі паўвекавой даўніны, як адносіліся тады і як ставяцца зараз да перайменавання? Каб даведацца аб гэтым, мы сустрэліся са старастамі Чырвонага Сяла і Снежнай.

Чырвонае – ад колеру пралітай крыві

Памыляецца той, хто лічыць лёс нашых вёсак аднолькавым (маўляў, усе выміраюць, старэюць, якая ж тут асаблівасць?). Не! Як у кожнай асобнай сям’і, так і ў кожнай вёсцы свой лёс, непадобны да іншых. І ад геаграфічнага становішча гэтая непадобнасць залежыць, і ад узросту і складу жыхароў, і ад моцы традыцый, і, асабліва, ад наяўнасці ў населеным пункце чалавека з лідарскімі якасцямі.

У Пляцянічах такой выдатнай асобай, што змяніла воблік роднай вёскі, быў, безумоўна, Мікалай Пятровіч Малочка – 100-гадовы юбіляр бягучага года. Дзяржаўны дзеяч, заслугі якога перад землякамі памятаюць не толькі яго равеснікі. Стараста вёскі, яе ўраджэнка і пастаянная жыхарка Марыя Сяргееўна Антановіч лічыць, і не без падстаў, што прапанаваў змяніць назву Пляцянічы на Чырвонае Сяло менавіта М.П.Малочка. І ніхто з аднавяскоўцаў не выступіў супраць.

– У нашай вёсцы не было пасля вайны ніводнай хаты, дзе б не загінуў хоць адзін мужчына: ці то ў партызанах, ці на фронце, – кажа Марыя Сяргееўна. – І амаль у кожнай хаце падрасталі дзеці, якія не памяталі сваіх бацькоў. Я і сама расла без бацькі – ён загінуў падчас адной са стычак партызан з ворагам. Так што ў назве нашай вёскі – колер крыві загінулых у барацьбе з фашыстамі, колер крыві дарагіх нам людзей. Хто ж будзе супраць такой назвы?!

З вялікай удзячнасцю ўспамінае Марыя Сяргееўна М.П.Малочку. Нідзе ў раёне яшчэ не было водаправода, нідзе нават не марылі пра асфальт, а знакаміты зямляк дабіўся для чырванасельцаў і таго, і другога. Больш таго: з дапамогай Малочкі пачалося будаўніцтва сярэдняй школы, адчыніла дзверы атэлье мод, якое дэманстравала свае мадэлі на выставе ў Мінску! Мікалай Пятровіч мае непасрэднае дачыненне і да ўзвядзення абеліска ў гонар загінулых на вайне землякоў.

– На адкрыцці помніка было так многа народу, усё было так урачыста-балюча, што людзі не стрымлівалі слёз, – працягвае ўспа-
міны Марыя Сяргееўна.

– Кожнае імя воіна і партызана было ўвекавечана. І моладзь старалася быць дастойнай памяці бацькоў. У нас было негалоснае спаборніцтва з Варонічамі. Адтуль у свет пайшло шмат вучоных. Вось мы і стараліся не адставаць. Шкада, што няма зараз у вёсцы моладзі, што закрыты школа, бібліятэка, клуб.

– Але ж хіба для 16 дзяцей з вёскі мэтазгодна ўтрымліваць школу? – пярэчым мы. – Ды і наколькі нам вядома, работнікі культуры часта да вас прыязджаюць.

– Гэта праўда, – пагаджаецца стараста. – Тамара Кісель са сваім невялікім калектывам часты госць у нас. Старшыня СВК “Сынкавічы” таксама паважае нас і выдзяляе танспарт, каб падвозіць вернікаў у Сынкавіцкі храм на службу. Аўталаўка рэгулярна прыязджае. Але ж вось бібліятэка ці лазня маглі б існаваць. Аматараў чытання ў нас багата. Марыя Уладзіміраўна Лагута шмат гадоў прывівала нам любоў да кнігі. І косці папарыць у лазні ніхто б не адмовіўся…

Заснежаная Снежная

Стараста Снежнай Ніна Аляксееўна Роцька ўпэўнена, што землякі вельмі правільна назвалі вёску ў далёкім 1969 годзе.


Ніна Аляксееўна РОЦЬКА.

– Назва не проста прыгожая, яна адпавядала нашай мясцовасці. Гэта зараз снежнага покрыву шмат не бывае. А ў 50-ыя гады нельга было з дому выйсці пасля снегападу. Даяркі на дойку спазняліся, пакуль мужчыны сцяжынкі прачышчалі. Так што правільнае імя далі маёй вёсцы, – рэзюміруе Ніна Аляксееўна.

Моцна любіць стараста сваю заснежаную вёску, дасканала ведае яе гісторыю. Узгадвае і сама, як выбіваліся з зямлі незабудкі і маргарыткі ў былым садзе пана Пуслоўскага. Яго маёнтак быў разбураны ў гады вайны, а зямля памятала працу рук садоўніка. А якія на падыходзе да маёнтка раслі векавыя ліпы!..

На памяці Ніны Аляксееўны зносілі з хутароў свае хаты сяляне, спадзяваліся, што не дадуць ім змарнець дзеці і ўнукі. (Да слова, многія спадзяванні дзядоў і бацькоў спраўдзіліся.) Не пакінулі родную вёску цэлыя сем’і: Вянковы Анатоль і Яўгенія, Сліж Валянцін і Марыя, Эльяшэвіч Аляксандр і Ірына, Палховіч Георгій і Марыя.

Вельмі шмат цёплых слоў адрасавала сваім аднавяскоўцам стараста. Столькі імён назвала, што і пералічыць усіх немагчыма. Вось сем’і механізатараў: Аляксандр і Галіна Тырлі, Станіслаў і Ніна Дзерачэнікі. Ніна была перадавой трактарысткай і нават прыз імя Пашы Ангелінай заваявала!

Анатоль і Ядвіга Іскры таксама адной справе жыццё прысвяцілі. Спачатку Ядвіга, а потым і Анатоль дастаўлялі калгаснікам газеты і часопісы, радавалі пісьмамі ды паштоўкамі.

Уладзімір і Яўгенія Кароль – шафёр і даярка. Яўгенія (уявіце толькі!) пайшла на ферму ў 16 гадоў. Хіба малы быў яе ўклад у агульны здабытак жывёлаводаў калгаса “Зара”, якія ў 1973 годзе перамаглі ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве сярод жывёлаводаў, а ў 1989 годзе – у Рэспубліканскім?!


Станіслава Іосіфаўна НОВІК.

Цікава Снежная і старажыламі, сярод якіх Баляслаў Новік, Зінаіда Горбач, Валянціна Калейнік, Станіслава Новік, Вольга Іскра. Пра суседак Станіславу Іосіфаўну Новік і Вольгу Ігнатаўну Іскру крыху падрабязней. У Станіславы Іосіфаўны хутка 90-гадовы юбілей, а яна яшчэ па нядзелях дабіраецца на сваіх нагах у Старое Сяло, каб памаліцца і за сваіх бацькоў, і за аднавяскоўцаў. Вольга Ігнатаўна мае больш за 100 гадоў. Яна добра памятае М.П.Малочку, вучылася з ім у школе. На Вадохрышча сама прыйшла да царквы, каб паўдзельнічаць у святочнай службе. Цяпер, праўда, ужо жыве з дачкой. Доўгажыхарка не толькі не супраць дзвюх кароў на падворку, якіх даглядае дачка, але і сама падштурхнула яе да гэтага. А было так: прапала ў іх кароўка. Грошай на набыццё другой не хапала. Моцна забедавала Вольга Ігнатаўна. Даведаўся пра яе пакуты старшыня мясцовай гаспадаркі і сказаў:


Вольга Ігнатаўна ІСКРА.

– Мой падарунак вам на 100-гадовы юбілей – палова цаны за карову, другая палова – ваша.

Вось так завялі карову, а ад яе і цялушку на карову выгадавалі… Як не захапляцца такімі жанчынамі?! Дарэчы, Вольга Ігнатаўна лічыць, што назву і для Снежнай прапанаваў Мікалай Пятровіч Малочка.

…Здаецца, зэльвенцы не ў крыўдзе за змены ў назвах іх вёсак.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно

Комментарии отключены