На карце Зэльвеншчыны – Каняўцы

З гісторыі назвы

Старажылы Каняўцоў гавораць, што назва вёскі звязана са знаходжаннем тут канюшні ўладальніка Крамяніцы і яе ваколіц. З гістарычных крыніц вядома, што маёнтак Крамяніца з фальваркамі да пачатку XIX стагоддзя належаў манахіням-брыгіткам. Пасля паражэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830–1831 гг. уладанні кляштараў перайшлі на карысць дзяржавы. На жаль, у зэльвенскай кнізе “Памяць” звестак пра гаспадара маёнтка няма. Але хто б гэта ні быў, нашчадкі ўдзячныя яму за любоў да галоўных памочнікаў сялян – коней, тым больш, што і зараз, у XXI стагоддзі, коні ўсё яшчэ адыгрываюць немалую ролю ў жыцці вяскоўцаў. А ў XVIII стагоддзі яны, напэўна ж, канкурыравалі з табунамі Сапегаў.

Гаспадыня вёскі – арганізатар прыгажосці

Стараста вёскі Часлава Шапавал вельмі любіць, каб у Каняўцах было чыста і прыгожа. Штодзённа су-стракаючыся з людзьмі, яна настройвае іх на падтрыманне парадку вакол дамоў. Ідзеш па вёсцы – і такая прыгажосць вакол, столькі кветнікаў каля хат, што перастаеш заўважаць пустуючыя падворкі. Бо і там буяе не пустазелле, а хрызантэмы, астры, вяргіні, ружы… Нашчадкі гаспадароў пустуючых дамоў стараюцца ў кожны свой прыезд на радзіму скасіць траву, абрэзаць галлё са старых дрэў. Сочыць за гэтым і старшыня Крамяніцкага сельсавета Аляксандр Дзерачэнік, і яна, стараста. Калі нехта запазніўся, то і Часлава Вацлаваўна з касой пройдзецца па агародчыку. Каб толькі ён не псаваў агульнай гармоніі.
Стараста хоць і не з Каняўцоў родам (прыйшла сюды замуж з Самаравіч), але ведае ўсіх жыхароў не горш за ўраджэнцаў вёскі. Тут прайшло ўсё яе працоўнае жыццё. А была яна заўсёды ў гушчы людзей, працавала спачатку ў крамяніцкай, потым князеўскай сталовых. Зараз засталася адна: муж памёр, дзеці і ўнукі далёка. Увесь нерастрачаны запас сіл аддае аднавяскоўцам, падтрымлівае, чым можа. З вялікай цеплынёй расказвае пра кожнага. “Вось, –кажа, – звярніце ўвагу на дом Анатолія Цэзаравіча Марко. Гадоў пяць як мужчына аўдавеў, а падтрымлівае чысціню і парадак усюды, як было і пры жонцы”.

Канявецкія жывёлаводы

У Каняўцах шмат былых і працуючых жывёлаводаў. Яно і не дзіўна: ферма буйной рагатай жывёлы і свінаферма – побач з вёскай. Свінаферма, вядома, ужо не існуе, а вось кароўнік ёсць. З некалькімі былымі і цяперашнімі жывёлаводамі мы сустрэліся.

8571

Ірына Якалцэвіч ужо 20 гадоў на ферме. Нядаўна выйшла на пенсію, але з работай пакуль не развітваецца. Ёсць для каго працаваць: дзве дачушкі падарылі пяцёра ўнукаў, якія кожнае лета прыяз-джаюць да бабулі. Былі яны ў Каняўцах і ў дзень нашага наведвання вёскі.
Валянціна Фёдараўна Марко родам з Расіі, трапіла ў Беларусь у цяжкія пасляваенныя гады. Да самай пенсіі працавала даяркай. Тады яшчэ пра механізацыю і не марылі, даводзілася ўсё рабіць рукамі. Было вельмі цяжка, тым больш, што і сям’я была: выгадавалі з мужам траіх сыноў. Адзін з іх – Часлаў – разам з сям’ёй жыве ў бацькоўскай хаце. Нявестка, Надзея Георгіеўна, пакуль у дэкрэтным водпуску, гадуе дачушку Васілінку, якая радуе бабулю сваім шчабятаннем.

8577

Іх суседка, Ядвіга Станіславаўна Бортнік, усе сілы аддавала працы на ферме: 36 гадоў была даяркай. З мужам, таксама жывёлаводам, гадавала чацвёра сыноў і дачку. Была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці ў мясцовым клубе. Разам з Чаславай Шапавал, Ірынай Крэўскай, загадчыцай клуба Леанардай Вановіч ды іншымі жанчынамі часта выступалі і дома, і ў Зэльве, і ў Ваўкавыску. Мабыць, таму і двое сыноў сталі прапагандыстамі мастацтва: адзін выкладае музыку, другі вучыць дзяцей танцам. Радуецца Ядвіга Станіславаўна поспехам і дзяцей, і ўнукаў (а ўнукаў у яе ажно 11!). Глядзіш на гэтую прыгожую светлавалосую жанчыну і дзіву даешся, як змагла яна ўсюды паспяваць, як сумела захаваць цягу да мастацтва і перадаць яе дзецям.
Працавала на свінаферме і супрацоўнічала з мясцовым клубам адна са старэйшых жыхарак Каняўцоў Марыя Іванаўна Палубок. Таксама, як і Ядвіга Станіславаўна, выгадавала пяцёра дзяцей. Зараз жыве разам з сынам, які не толькі добры працаўнік у філіяле “Князева”, але і дбайны гаспадар у доме.

8576

Такі арыгінальны ансамбль стварае каля хаты, што не сорамна самых прыдзірлівых гасцей запрасіць. Альтанка аздоблена пластыкавымі бутэлькамі карычневага колеру, донцы зялёных бутэлек упрыгожваюць штакетнік. Побач з альтанкай – пальма-прыгажуня. Пластык з пагрозлівага для экалогіі матэрыялу пераўтвараецца ва ўмелых руках у аздобу наваколля. Гля-дзяць на створаную бацькам прыгажосць сыны – і, напэўна, захочуць стаць памочнікамі. А як інакш?! Дзядуля з бабуляй заўсёды ў перадавіках хадзілі: Марыя Іванаўна не раз давала маладым майстар-класы па ткацтве, выдатны будаўнік тата. Як тут не пайсці па іх слядах нашчадкам?

Адна з 12-ці

8575

Парадаваліся, што ў Каняўцах, акрамя адзінокіх жанчын і мужчын, ёсць 12 сямейных пар. З адной мы сустрэліся. Фама Іосіфавіч і Юзэфа Станіславаўна Рачакі пражылі разам 57 гадоў, маюць трое дзяцей, 9 унукаў і 11 праўнукаў. Усё жыццё гаспадара дома звязана з тэхнікай. Пасля службы ў ар-міі ў пачатку 50-х гадоў паступіў на курсы трактарыстаў, што дзейнічалі пры Зэльвенскай МТС. Першым яго “жалезным канём” быў ХТЗ, потым – МТЗ розных мадыфікацый. Падчас уборачнай перасаджваўся на камбайн. І так – да пенсіі. А пасля яшчэ 11 гадоў малоў зерне на мясцовым млыне (дарэчы, знакамітым: ён пабудаваны два стагоддзі таму назад). Каб лягчэй было спраўляцца з работай на сваім участку (ды і суседзям дапамагчы), купіў трактар, які і зараз спраўна служыць гаспадару. Спадарожніца Фамы Іосіфавіча працавала паляводам.

Гераіня працы і мацярынства

Нам удалося сустрэцца з жанчынай, жыццё якой – сапраўдны подзвіг. І як працаўніцы, і як жанчыны. Яна выгадавала 12 дзяцей, умудрыўшыся фактычна ні разу не быць у дэкрэтным водпуску, стаць прыкладам працоўных поспехаў у самай нялёгкай прафесіі. Размова, вядома, ідзе пра даярку Ядвігу Канстанцінаўну Карнацэвіч. Працавала яна, не ведаючы адпачынку, яшчэ і пасля выхаду на пенсію. І гэта на ферме, дзе, як ужо гаварылася, усё трэба было рабіць уручную, а ў хаце – ні табе паравога ацяплення, ні вады з каналізацыяй, ні пральнай машыны… Толькі чалавек з вялікай духоўнай загартаванасцю, верай і падтрымкай нябеснай сілы змог перанесці такія жыццёвыя выпрабаванні. І ў дзень нашай сустрэчы яна –маленькая, худзенькая – якраз займалася мыццём бялізны. Не паддаецца чалавек ні гадам пражытым, ні перанесеным стратам.

8574

Часлава Вацлаваўна паведаміла нам, што ў Ядвігі Канстанцінаўны 35 унукаў і праўнукаў. Напэўна, цяжка знайсці такія прыклады ў раёне. Ва ўсякім выпадку, сустракаючыся ў розных вёсках з людзьмі, пакуль яшчэ не чулі пра гэткі феномен.

Навасёлы са сталіцы

Каняўцы стаяць на аўтадарозе Зэльва-Крамяніца-Ваўкавыск. Адсюль і сюды зручна дабірацца. Напэўна, таму і вы-бралі для жыцця домік у Каняўцах жыхары Мінска Галубовічы. Доктар па прафесіі, Уладзімір Міхайлавіч, адчуўшы, што стан здароўя не дазваляе займацца любімай справай так, як прывык, не стаў выпрабоўваць лёс, сам сабе адрэзаў шлях у медыцыну. Заняўся з жонкай добраўпарадкаваннем сельскага дома і ўсёй сядзібы. Як гавораць суседзі, зрабілі за год вельмі шмат. Іх падворак радуе вока прахожых. Сапраўдная алея са сланечніку вядзе да падсобных прыбудоў, кветнік ля вакон міжволі прымусіць прыпыніцца і палюбавацца багаццем фарбаў.
Не часта сустракаеш спецыялістаў медыцыны з такім разуменнем ролі ўрача ў сучасным свеце, як Уладзімір Міхайлавіч. Ён стаіць за тое, каб кожны ўрач быў не вузкім спецыялістам у адной галіне, а мог дыягнаставаць і лячыць любую хваробу, каб чалавек ішоў на прыём не да тэрапеўта, хірурга, кардыёлага і г.д, а да УРАЧА. У невялікіх гарадах менавіта такія спецыялісты і запатрабаваны, лічыць Галубовіч (не ведаю, як урачы, а мы, іх пацыенты, былі б толькі “за”, ці не так?).

Ізноў пра коней

Едучы ў Каняўцы, уважліва ўглядаліся навокал, моцна жадаючы ўбачыць коней. І як толькі прыехалі, першым нашым пытаннем да старасты было: ці ёсць у вёсцы хоць адзін конь? Часлава Вацлаваўна пазнаёміла нас з чалавекам, які адпавядаў нашай зацікаўленасці.

8573

Станіслаў Антонавіч Бортнік пра прафесіі трактарыст. А яшчэ – пячны майстар (вазьміце гэта на заметку, паважаныя чытачы, калі маеце печы: восень і зіма блізка). Зараз Станіслаў Антонавіч даглядае састарэлых хворых бацькоў. Каня трымае не толькі таму, што той па-трэбен у гаспадарцы: мужчына проста любіць гэтых надзейных памочнікаў чалавека.
А вось збрую ў музей, аб чым мы прасілі, Станіслаў Антонавіч аддаць не змог: патрэбна самому, а лішняй не мае. Затое суседка, Бярнарда Іванаўна Азерская, ахвотна аддала на за-хоўванне ў музей Ганненскага кірмашу некаторыя рэчы.

8572

Расказаць пра ўсіх жыхароў Каняўцоў немагчыма: іх, дзякуй Богу, больш за 90. Ды і “Праца” пісала ўжо пра некаторых з іх. Але агульнае ўражанне ад усіх, з кім па-знаёміліся, вельмі прыемнае. Шчыра дзякуем усім жыхарам за любоў да прыроды, адданасць сваім сем’ям і абавязкам. Шчасця і дабрабыту вам, добрыя людзі!
Яніна ШМАТКО.
Фота Аляксандра РАМАНОЎСКАГА.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.