На карце Зэльвеншчыны: Грабава

Крыху гісторыі Вёска Грабава ў ХVІ стагоддзі ўваходзіла ў склад Гродзенскай каралеўскай эканоміі і пэўны час пасылала сельгаспрадукцыю ў Кракаў для патрэб каралеўскага двара. Потым была ўласнасцю то Палубінскіх, то Сапегаў. На пачатку ХХ стагоддзя ў ёй жыло каля пяцісот чалавек. Наконт назвы існуе шэраг думак. Найперш, вядома, узнікае параўнанне з месцам, дзе растуць грабавыя лясы. Некаторыя лічаць, што “грабава”, “грабіна” магло лёгка ўзнікнуць ад назвы другога дрэва – рабіна. Але ж “грабар” – гэта і землякоп. Так што можна схіляцца да кожнага варыянту: усе яны маюць на гэта права. Для зэльвенцаў перш за ўсё Грабава – радзіма знакамітых вучоных – Паўла Уладзіміравіча і Уладзіміра Уладзіміравіча Сцяцко (а для вучняў СШ №2 – і іх настаўніка Валянціна Уладзіміравіча). З медыкаў – у старасты Ніна Уладзіміраўна Горная амаль 40 гадоў працавала медыцынскай сястрой у Дзярэчынскай бальніцы (у апошнія гады – амбулаторыі). Толькі выйшла на пенсію, як аднавяскоўцы выбралі жанчыну старастай. Добра ведалі яе як чулага чалавека і вопытнага арганізатара. І вось ужо болей дзесяці гадоў жанчына стараецца дапамагаць грабаўцам ва ўсім, у чым яны маюць патрэбу. Ведае кожнага жыхара, яго праблемы, нягоды і радасці. Не чакае, пакуль паклічуць на дапамогу – кожную вольную ад хатніх клопатаў хвіліну спяшыць то ў адзін, то ў другі канец вёскі. Падтрымлівае пастаянную сувязь з сельсаветам і Тамарай Кісель, загадчыцай сектара па арганізацыі культурна-досугавай дзейнасці жыхароў аддаленых і маланаселеных пунктаў раёна. Вось і нядаўна яны з Тамарай Лявонцьеўнай арганізавалі свята вёскі Грабава, вельмі парадавалі яго жыхароў і цёплымі словамі, і добрымі песнямі. Матэрыял, сабраны ня-ўрымслівай Тамарай Кісель, дапамог і нам бліжэй пазнаёміцца з жыхарамі гэтай цудоўнай вёскі. Жанчыны са знакамітай «Кадрылі» У 1972 годзе стараннямі загадчыцы грабаўскага клуба Валянціны Свістун быў створаны танцавальны калектыў, у які ўвайшло 8 чалавек – 4 пары. Вырашылі ўзнаўляць танцы сваёй маладосці. Асаблівай папулярнасцю карысталася ў аднавяскоўцаў “Кадрыля”. Яна і стала візітоўкай калектыву. Пра лёс дзвюх удзельніц “Грабаўскай кадрылі” раскажам крыху падрабязней. Марыя Васільеўна Сліж мае 44 гады працоўнага стажу. 10 год аддала цагельні ў Пустаборах, 34 – ферме. Быў перыяд, калі працавала адразу ў двух месцах (калі завод рыхтавалі да закрыцця). Раніцай бегла на дойку, днём – на цагельню, а вечарам – зноў на ферму (днём яе кароў даілі бацькі). Яна вельмі ўдзячна сваім дарагім бацькам. Хіба без іх падтрымкі магла б, акрамя работы, яшчэ і ў мастацкай самадзейнасці ўдзельнічаць?! Рана аўдавеўшы і застаўшыся з малой дачушкай на руках, Марыя Васільеўна даверыла свой лёс бацькам. І яны падтрымлівалі яе да канца сваіх дзён. Пра танцавальны калектыў жанчына згадвае з вялікай любоўю: – Вельмі дружны быў у нас калектыў. Мы шліфавалі сваё майстэрства пастаянна. Асабліва, калі трэба было ехаць у Гродна ці Мінск. А выступалі там, колькі пом-ніцца, па два разы на год. Ну, а дома ці ў Зэльве – не злічыць. (Нагадаем, што “Грабаўская кадрыля” у свой час зацікавіла студэнтаў Мінскага інстытута культуры, і яны стажыраваліся ў народнага калектыву, пераймалі тэхніку і элементы танца). Яшчэ адна ўдзельніца легендарнай кадрылі – Наталля Іосіфаўна Мацкевіч – напярэдадні свята вёскі адзначыла сваё 89-годдзе. Жыве яна то ў адной дачкі, то ў другой, таму пра яе нам расказала стараста. Жанчына расла ў сям’і, дзе спявалі і ігралі на розных інструментах усе. Таму не дзіва, што яна стала ўдзель-ніцай танцавальнага калектыву. Маючы чацвёра ўнукаў і праўнукаў, жанчына марыць дажыць і да нараджэння прапраўнукаў. А чаму б і не: старэйшая праўнучка ўжо паўналетняя. Вялікае жыццё – разам Як і ў кожнай сённяшняй вёсцы, поў-ных сем’яў у Грабаве намнога менш, чым аўдавеўшых мужчын ці жанчын. Але, дзякуй Богу, ёсць і тут некалькі сямейных пар, што дзеляць усе радасці і нягоды жыцця па сорак, пяцьдзясят і болей гадоў. Горбач Мікалай Іванавіч і Марыя Іванаўна разам ужо 62 гады. Гаспадар родам з Залацеева, у Грабава трапіў пасля арміі, здавалася, на адзін вечар танцаў. Аказалася – назаўсёды, бо прываражылі хлопца вочы маладзенькай Марыйкі. Сустракаліся нядоўга, як нядоўга і з бацькамі Марыі Іванаўны жылі. Умелыя рукі Мікалая Іванавіча не баяліся ніякай справы, таму і дом свой хутка ў вёсцы вырас (бацькі жонкі жылі на хутары). Тут нарадзіліся ў Горбачаў дачка і сын, тут яны гадаваліся і сталелі. Зараз ужо дзеці даглядаюць бацьку і маці, а ў 50-60-я гады Мікалай Іванавіч і Марыя Іванаўна рабілі ўсё, каб іх дзеці не мелі ні ў чым патрэбы. Працавалі ад зары да зары ў полі і на ферме, дома трымалі вялікую гаспадарку. Усюды паспявалі, добры прыклад далі дзецям і ўнукам. У Жабрун Мікалая Іванавіча і Ірыны Іванаўны сямейны стаж складае 54 гады. Працалюбівыя, цярплівыя, дружалюбныя, яны гэтыя якасці перадалі дзецям і ўнукам. Нездарма ўнукі здзейснілі свае юначыя мары і сталі хто ўрачом, хто лётчыкам, хто артыстам. Зараз Жабруны разам з першай праўнучкай рыхтуюцца… ў першы клас (а што – праграмы ў школах моцна змяніліся). «Люди всякие важны» У сённяшнім Грабаве жывуць не толькі паляводы і жывёлаводы. Ва ўсе часы людзі з павагай ставіліся да настаў-нікаў, медыкаў, ветэрынараў, заатэхнікаў, бібліятэкараў і культработнікаў. Бо ўсе прафесіі на вёсцы запатрабаваны. Як, напрыклад, без ветурача абысціся? Вось Міхаіл Канстанцінавіч Ельяшэвіч, скончыўшы Ваўкавыскі веттэхнікум, быў заўсёды ў павазе сярод вяскоўцаў, не раз лячыў іх дамашнюю жывёліну. Тое ж можна сказаць і пра ветфельчара-гінеколага Валянціну Іванаўну Гербік. Марыя Паўлаўна Стасевіч 30 гадоў “с толстой сумкой на ремне” дастаўляла спачатку з Марачоў, а потым з Крывічаў газеты, часопісы, пісьмы. Людзей было шмат, ды і пісьмы, паштоўкі часцей тады адпраўлялі. Шмат было і пасылак. А выхадны дзень – толькі адзін. Так што адпачынку жанчына не мела. Затое зараз яе дом і сядзіба цешаць натомленую клопатам матулю. Гэта дочкі і ўнучкі стараюцца парадаваць маці і бабулю кветкамі. Асабліва дачка Валянціна. Ледзь сыйдзе снег з агарода, а яна ўжо кветнік рыхтуе, радуе матулю і аднавяскоўцаў рознакаляровымі адценнямі вядомых і малавядомых раслін. Алена Аляксандраўна Вялічка доўгі час загадвала складам. Яна карэнная грабаўчанка. Выгадавалі з мужам дзвюх дачушак і сына. Зараз пад апекай дачкі Ніны, не забываюць і іншыя дзеці з унукамі. У Алены Аляксандраўны ўжо і праўнукі ёсць. Прывучаюць яе да сучаснай тэхнікі. Нядаўна паказалі справаздачу пра свята вёскі ў “Аднакласніках”, дзе і бабуля годна глядзелася на фоне іншых. І стала Грабава радзімай Ёсць нешта прыцягальнае ў Грабаве, што дазваляе людзям, народжаным далёка ад гэтых мясцін, прыкіпець да іх сэрцам і лічыць блізкімі і дарагімі. Маю на ўвазе некалькі сем’яў, што ў розныя гады і па розных прычынах апынуліся ў вёсцы і не каюцца ў сваім выбары. 28 гадоў таму пераехалі з Казахстана Мамаевы – Анатоль Сцяпанавіч і Валянціна Васільеўна. Спачатку працавалі на ферме, а потым Валянціну Васільеўну папрасілі паспрабаваць сябе на сацыяльнай рабоце. Згадзілася, і 13 гадоў аддала нялёгкай працы з патрабуючымі апекі людзьмі. Шанавала і старалася як мага лепш выконваць не толькі непасрэдныя абавязкі, але і тыя, што не з’яўляліся абавязковымі. Нездарма адносіны з падапечнымі былі мацярынска-даччынымі. Пажылыя людзі і сёння згадваюць пра яе з вялікай цеплынёй. Васіль Анатольевіч і Ганна Іванаўна Чарняхоўскія таксама перасяленцы з Казахстана. А вось Галіна Іванаўна Пячон-кіна з сям’ёй прыехала ў Беларусь з Расіі. І ўсе яны адчуваюць сябе адзінай сям’ёй з карэннымі грабаўчанамі. Што нам па сілах? У Год малой радзімы асабліва часта задумваешся над пытаннем: што мы можам зрабіць, каб пра знакамітых землякоў, нараджэнцаў вёсак, памяталі і нашы дзеці-унукі? Напэўна, тут рэцэптаў шмат. Дзесьці, як у Зблянах, устанавіць памятны камень, дзесьці на дарожным указальніку напісаць, чыёй радзімай з’яўляецца вёска, а дзе – вуліцу назваць імем Сідара, Клубовіча, Сцяцко… Галоўнае – не даць
Вам может быть интересно
2 комментариев
  1. Валентина says

    Отдаленная деревня, а молодые семьи есть. Значит, быть селу.

  2. Лиза says

    Грабаўскую кадрылю выконваюць зэльвенскія артысты і зараз. Гэты танец стаў візітоўкай Зэльвеншчыны.

Reply To Лиза

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.