На что следует обратить внимание во время рождественского поста, рассказывает настоятель костела Святой Троицы г.п.Зельва Яцек Маркель

i

У каталіцкіх вернікаў распачаўся Адвэнт – перыяд падрыхтоўкі да свят Божага Нараджэння. На што варта звярнуць увагу ў гэты час, гутарым з настаяцелем касцёла Святой Тройцы г.п.Зэльва Яцкам Маркелям.

–Адвэнт багаты на разнастайныя сімвалы і традыцыі. Раскажыце пра некаторыя з іх.

–Літаральна праз месяц першая зорка абвесціць аб нараджэнні Хрыста. Ён прыйшоў у гэты свет больш за дзве тысячы гадоў назад у Віфлееме і штогод для мільёнаў вернікаў нараджаецца зноў.

Характэрнай адметнасцю гэтага часу з’яўляецца адвэнтавы вянок. Звычайна ён упрыгожваецца чатырма свечкамі, якія адпаведна сімвалізуюць чатыры тыдні перад Божым Нараджэннем. Такія вянкі ў перадкалядныя дні зэльвенскія парафіяне размяшчаюць таксама ў сваіх дамах.

Прыгожай традыцыяй у гэты час з’яўляецца спецыяльнае набажэнства, якое называецца Раратняй Імшой. Асабліва яго любяць дзеці і прымаюць актыўны ўдзел. Двойчы на тыдзень – у аўторак і пятніцу – хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць у касцёл з ліхтарыкамі, якія аздабляюць на занятках катэхізму.

Маленькіх парафіян чакаюць прыемныя сюрпрызы. На Рараты яны прыносяць з сабой паштоўкі ў выглядзе сэрцаў, на якіх пішуць свае добрыя ўчынкі. Затым святар па чарзе выцягвае імёны шчасліўчыкаў, якія атрымліваюць падарункі. Пазней гэтыя паштоўкі ўпрыгожаць ёлку каля ясляў нованароджанага Хрыста.

–Святары звычайна раяць у гэты перыяд больш увагі звяртаць на духоўнае жыццё.

–Касцёл імкнецца заахвоць чалавека да духоўнага чакання калядных свят, працы над сабой, самаўдасканалення. Неабходна больш часу прысвячаць малітве, наведваць богаслужэнні, прыступіць да споведзі, прыняць святую камунію.

Варта не забываць аб добрых справах, якія ўпрыгожваюць наша жыццё. Кожны год католікі прыносяць падарункі ў выглядзе слодычаў, канцылярскіх прылад, адзення для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У касцёле можна набыць свечкі на калядны стол. Сродкі ад іх продажу будуць накіраваны для дзяцей, якія  патрабуюць дапамогі.

–Хрысціянам абавязкова прытрымлівацца посту?

–Каталіцкі касцёл сёння не разглядае пост як абавязковае выключэнне з меню якіхсьці страў. Ён толькі прапануе. Важнейшы пост духоўны, калі мы больш часу прысвячаем малітве, разважанню і чытанню рэлігійнай літаратуры.

Згодна з каталіцкім звычаем, посным днём лічыцца пятніца – хрысціяне адмаўляюцца ад мясных страў. Так адбываецца на працягу цэлага года, бо Хрыстос памёр менавіта ў пятніцу. У Адвэнце кожны можа выбраць сабе дадатковы дзень, калі будзе пасціцца. Неабавязкова абмяжоўваць сябе ў ежы дзецям і студэнтам, чалавеку, які займаецца цяжкай фізічнай працай або калі яму не дазваляе стан здароўя.

Наталля МАЦЮК.

 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.