Міхаіл Кузняцоў – гонар і сумленне Зэльвеншчыны

843 Гэтага статнага і ў сталым веку чалавека рады вітаць кожны зэльвенец: Міхаіл Мікалаевіч Кузняцоў заслужыў павагу і як ветэран Вялікай Айчыннай вайны, і як рэдактар раённай газеты. У год 70-годдзя вызвалення Беларусі ўдзельніку аперацыі “Баграціён” спаўняецца 90 гадоў. 90 і 70… Сёлета – 90, у 1944 – 20, а за мінусам – 70. Хочацца падрабязней расказаць пра лёс гэтага цудоўнага чалавека.

Дзяцінства і юнацтва

Рос Міхаіл у шматдзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Палтаўка Паўладарскай вобласці (Казахстан). Бацька, Мікалай Арсеньевіч, быў родам з Сібіры, а маці, Надзея Міхайлаўна, з-пад Ваўкавыска. Сібірак і беларуска гадавалі сямёра сыноў і дачку. Дзеці дапамагалі бацькам даглядаць хатніх жывёл і птушак, старанна вучыліся. Самы старэйшы з сыноў – Мікалай – ужо служыў пад Ленін-градам, калі пачалася вайна. Там прыняў ён першы бой, там і загінуў. Неўзабаве прызвалі на фронт другога сына Кузняцовых – Аляксандра. Трэці, Міхаіл, пайшоў на курсы трактарыстаў і да прызыву ў войска паспеў папрацаваць і на трактары, і на камбайне. У канцы 1942-га пайшоў і ён абараняць Радзіму. Удзельнік дзвюх вырашальных бітваў Міхаілу Кузняцову выпаў лёс прыняць удзел у дзвюх вырашальных бітвах Вялікай Айчыннай вайны: за Курскі выступ у 1943-м і за вызваленне Беларусі ў 1944-м. Як чалавека добра знаёмага з тэхнікай, яго спачатку накіравалі на курсы радыстаў. Да бітвы на Курскай дузе быў радыстам танкавай брыгады, потым матацыклетнага палка Прыволжскай ваеннай акругі.

На Курскай дузе

У чэрвені 1943 года Міхаіла накіроўваюць у 169-ю асобную танкавую брыгаду Цэнтральнага фронту, які ўзначальваў генерал К.К.Ракасоўскі. Падрыхтоўка да контрнаступлення ў нашых арміях вялася вельмі актыўна і, наколькі было магчыма, скрытна. Рыць траншэі і акопы дапамагала мясцовае насельніцтва. Кожны фронт рыхтаваў па тры паласы глыбока эшаланіраванай абароны і тры франтавыя абарончыя рубяжы на лініі магчымых галоўных удараў ворага. Так што ў вольныя ад баёў хвіліны байцы глыбока “ўкліньваліся” ў родную зямельку. Як вядома, летам 1943-га фашысты вельмі спадзяваліся на новыя танкі. Кіраўніцтва Цэнтральнага фронту выпусціла памяткі для байцоў з малюнкамі “тыграў” і парадамі, як лепш іх можна знішчыць. Міхаіл з сябрамі добра вывучылі гэтыя парады, і ўжо не такой страшнай здавалася ім сустрэча з новай хвалёнай варожай тэхнікай. Калі праціўнік пайшоў у наступленне, было ўвогуле страшна ўзняць угору галовы. Былі моманты, калі адначасова над полем бою кружылася каля трохсот бамбардзіроўшчыкаў і ста знішчальнікаў! Трэба было не толькі выстаяць, але і рыхтавацца да контрудару. Праз суткі пасля пачатку наступлення фашыстаў нашы войскі пачалі атакаваць ворага. Восем дзён працягваліся жорсткія баі на ўсіх участках Цэнтральнага фронту. Міхаіл Мікалаевіч узгадвае, якое ўражанне на байцоў аказваў вынас на поле бою Сцяга часці, а таксама магчымасць узнімаць чырвоныя сцягі ў вызваленых населеных пунктах. Усё лета 1943-га прайшоў Міхаіл Кузняцоў з войскамі Цэнтральнага фронту, вызвалялі не адзін населены пункт. А вось у фарсіраванні Дняпра ўдзельнічаць не давялося: у адным з баёў Міхаіл Мікалаевіч быў цяжка паранены і накіраваны на лячэнне. Падлячыўшыся, ён стаў салдатам іншага фронту – 3-га Беларускага, аднаго з тых, што акажацца вызва-ліцелем нашай рэспублікі летам 1944-га.

Аперацыя “Баграціён”

За 2 гады акупацыі Беларусі немцы стварылі надзвычай моцную лінію абароны. Гітлер добра разумеў, што з Беларусі пачынаецца прамы шлях да сэрца Германіі, таму не шкадаваў для сваёй арміі ні людзей, ні тэхнікі. Але скрупулёзна спланаваная аперацыя “Баграціён” збіла ўсе разлікі нямецкага камандавання. У ходзе першага этапу аперацыі нашыя войскі вызвалілі большую частку Беларусі. На 2-м не толькі ўся краіна была ачышчана ад ворага, але і часткі Літвы і Латвіі. Нашы войскі падышлі да граніц Усходняй Прусіі. 844 19-гадовы сяржант Міхаіл Кузняцоў камандаваў аддзяленнем аўтаматчыкаў танкавага дэсанта 5-й арміі 3-га Беларускага фронту. На 2-м этапе беларускай аперацыі 5-я армія змагалася за вы-зваленне Вільнюса. Шэсць напружаных дзён ішлі баі. Па 10–15, а то і па 25–30 км даводзілася праходзіць з баямі, вызваляючы адзін населены пункт за другім. Многае забылася, але многае і помніцца былому байцу Кузняцову. Помніць, як знішчалі знаёмыя яшчэ па Курскай бітве “тыгры”, як бралі ў палон разгубленых немцаў… Сярод тысяч варожых салдат, што траплялі ў палон, былі і тры “кузняцоўскія”. Расстрэльваць падняўшых угору рукі людзей не стаў, здаў ужо не страшных ворагаў вышэйшаму камандаванню, а сам з дэсантам пайшоў далей. Ажно да Ўсходняй Прусіі, дзе і закончылася для Міхаіла Кузняцова вайна. Праўда, не салдацкая служба: дамоў воін вярнуўся ажно ў 1947 годзе. Мірнае жыццё: подступы да галоўнага Пасля дэмабілізацыі Міхаіл Кузняцоў прыехаў да цёткі ў Ваўкавыскі раён. Родныя прапанавалі пляменніку застацца ў Беларусі. Міхаіл уладкаваўся на працу ў школу фабрычна-завадскога навучання. Хутка і нявесту сабе знайшоў – прыгажуню Анастасію. Толькі з прафесіяй пакуль не мог вызначыцца былы салдат. Працуючы ўжо ў рамесным вучылішчы, адшукаў галоўнае прызванне. Справа ў тым, што яшчэ ў школе Міхаіл любіў пісаць замалёўкі ў насценгазету. Зрэдку і ў раённую газету адсылаў кароценькія артыкулы, вучыўся ў школе рабселькораў. Неўзабаве яго запрасілі на працу ў рэдакцыю газеты “Колхозная правда” палітаддзела Ваўкавыскай МТС.

Прызванне

У МТС-ай газеце Міхаіл Кузняцоў працаваў адказным сакратаром, а хутка стаў і рэдактарам. Праўда, не ў Ваўкавыску, а ў Скідзелі. Адтуль і паехаў на вучобу ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1956 годзе Міхаіл Мікалаевіч прыехаў на Зэльвеншчыну ў якасці рэдактара раённай газеты “Путь к коммунизму”, наступныя тры гады працаваў трэцім сакратаром РК КПБ. Калі раён часова расфар-міравалі, стаў намеснікам рэдактара ваўкавыскай міжраённай газеты “Знамя Октября”. А з канца 1966 года ўзначаліў абноўленую зэльвенскую раённую газету “Праца”. Больш за 25 гадоў аддаў любімай справе Міхаіл Кузняцоў. Як згадваюць сёння былыя калегі, працаваць з Міхаілам Мікалаевічам-рэдактарам было адно задавальненне. Не было тады такой аргтэхнікі, як цяпер. Набіралі тэкст па літарцы наборшчыцы (у сваёй зэльвенскай друкарні). У дзень выхаду газеты, успамінае Марыя Пятроўна Сячэйка (тады проста Марыйка Чэчат), даводзілася працаваць да позняй ночы. Кожны тыдзень збіраў рэдактар свой калектыў, каб зрабіць агляд папярэдніх нумароў, пра-аналізаваць матэрыялы, агучыць і лепшае, і пралікі. Радаваліся ўсе, калі рэдактар стрымана хваліў кагосьці, падбадзёрвалі таго, у каго штосьці не атрымалася. Як чалавек мяккі і тактоўны, Міхаіл Мікалаевіч не ўмешваўся ў творчую лабараторыю супрацоўнікаў. Калі лічыў, што нешта трэба па-правіць у матэрыяле, выклікаў да сябе і прапаноўваў некалькі варыянтаў сказа. Журналісты не крыўдавалі, а ўлічвалі ўсе заўвагі ў далейшай працы. Былы літаратурны рэдактар “Працы” Людміла Іванаўна Данец сцвярджае, што не знойдзецца ў вобласці журналіста, які б выгадаваў столькі таленавітых газетчыкаў, як Міхаіл Мікалаевіч. Прыклады? – Калі ласка. Былыя яго намеснікі ўзначалілі потым “Гродзенскую праўду” (Іосіф Багіна), “Працу” (Ірына Васілеўка). Рабселькораўцы і супрацоўнікі шчыравалі ў раённых газетах вобласці: слонімскай – Сяргей Прасняк і Марыя Данюк, карэліцкай – Уладзімір Карпук і Іван Шлык. Некаторыя карэспандэнты ўвогуле сталі прыкметнымі постацямі ў рэспубліканскім і абласным друку: Анатоль Дожын, Мікалай Шлык і г.д. Ды і сённяшні галоўны рэдактар “Працы” Клаўдзія Крэчка не без падстаў лічыць сябе вучаніцай Кузняцова. Член Саюза журналістаў СССР (як і Кузняцоў) былы загадчык сельскагаспадарчага аддзела “раёнкі” М.І. Сяляўка характарызуе Міхаіла Мікалаевіча як дэмакратычнага кіраўніка. “Мы паважалі яго і шанавалі, стараліся працаваць плённа, каб ён з-за нас не атрымліваў вымовы ад вышэйстаячых кіраўнікоў”, – успамінае Сяляўка. Імкнуўся Кузняцоў, каб журналісты працавалі з перспектывай. Ведаючы любоў М.І.Сяляўкі, агранома па адукацыі, да прыроды, параіў яму не прапускаць ніводнай падзеі ў час будаўніцтва Зэльвенскага вадасховішча. Так нарадзіўся цэлы цыкл нарысаў Сяляўкі пра зэльвенскае рукатворнае мора. Нямала сіл аддаваў Кузняцоў арганізацыі спаборніцтва творчых калектываў газет розных раёнаў вобласці і нават аддаленых рэгіёнаў СССР. Напрыклад, ПРАЦАўнікі пэўны час трымалі раўненне на журналістаў Нёманскага раёна Калінінградскай вобласці. Заўсёды старанна рыхтаваліся да прыезду нёманцаў. А калі да калінінградцаў ехалі, пераймалі ўсё лепшае ў працы расіян. Міхаіла Мікалаевіча, вядома, вельмі цікавіла тэма патрыятычнага выхавання чытачоў і калег. Яны ж працавалі там, дзе калісьці са сваімі баявымі сябрамі праходзіў малады дэсантнік Міхаіл Кузняцоў. Па дарозе да сяброў і на зваротным шляху рэдактар-воін згадваў нямала старонак сваёй ратнай біяграфіі.

Грамадская работа

Назаўсёды развітаўшыся з журналістыкай, Міхаіл Мікалаевіч стаў яшчэ больш актыўным удзельнікам хору ветэранаў “Успамін”, 14 гадоў узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. Міхаіл Мікалаевіч – жаданы госць у школах, клубах, бібліятэках. Нават зараз, нягледзячы на даволі сталы ўзрост, удзельнічае ў акцыях ветэранскай арганізацыі. Асабліва ў дні ўсенародных свят. Ратныя і мірныя справы ветэрана ацэнены дзяржавай і грамадствам. Міхаіл Мікалаевіч узнагароджаны ордэнамі “Чырвонай зоркі” і “Айчыннай вайны І-й ступені”, медалём “За перамогу над Германіяй”, шматлікімі юбілейнымі медалямі. Праца ў мірны час адзначана медалём “За працоўную доблесць”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ў 1990 годзе Кузняцову прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры БССР”. Яго імя ўшанавана на старонках раённай кнігі “Памяць”. А галоўнае – яго паважаюць усе жыхары Зэльвеншчыны, памятаюць тыя, хто працаваў з ім поруч. Яніна ШМАТКО. P.S.: Калектыў рэдакцыі віншуе з Днём Незалежнасці і 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былых калег Міхаіла Мікалаевіча КУЗНЯЦОВА і Мікалая Іванавіча СЯЛЯЎКУ. Моцнага вам здароўя, шаноўныя, дабрабыту, і павагі ад людзей.

Вам может быть интересно
1 комментарий
  1. Леонид Серафимович Татарин says

    Сердечно поздравляю Михаила Николаевича с юбилеем!
    Здоровья, надежды и уверенности всегда и во всём!
    Ваш ученик с 1958 года из Голынковской СШ,
    капитан дальнего плавания
    Татарин Л. С.

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.