Масавым народным гуляннем завяршыўся масленічны тыдзень на Зэльвеншчыне

image (6)

У суботу, напярэдадні прабачальнай нядзелі, жыхары Зэльвы развітваліся з
Масленіцай. Згодна старажытным традыцыям, перадвеснавое свята завяршае зіму і
ўслаўляе прыход вясны, сонца і цяпла. Раней лічылася, каб паскорыць вясну,
забяспечыць дастатак і багаты ўраджай, неабходна ўвесь масленічны тыдзень
правесці весела і сытна. А асабліва добра пагуляць у апошні дзень перад Вялікім
постам.

Па-сапраўднаму шумнае і  вясёлае тэатралізаванае прадстаўленне разгарнулася на  цэнтральнай плошчы райцэнтра. Тыя, хто прыйшоў на свята, радаснымі крыкамі і  апладысментамі сустракалі прыгожае  шэсце спевакоў і музыкантаў на чале з
Масленіцай і яе сяброўкамі.  Прывітаўшы гасцей, добразычлівая гаспадыня свята запрасіла ўсіх весяліцца і жартаваць, прымаць удзел у конкурсах і атракцыёнах, а таксама частавацца масленічнымі стравамі. Прыемны водар разнёсся ў паветры, калі памочніцы Масленіцы вынеслі духмяныя аладкі з варэннем, тварагом і іншымі напаўняльнікамі. Чакалі зэльвенцаў і
прысмакі, якія можна было набыць у палатках выязднога гандлю Зэльвенскага
філіяла аблспажыўтаварыства.

Шырокім попытам у дарослых карысталася печыва і цукеркі, мясныя і рыбныя паўфабрыкаты, у дзяцей – чыпсы і папкорн. Не скупіліся людзі на падарункі і сувеніры. Цудоўныя вырабы з гліны, саломы, дрэва прапаноўнавалі рамеснікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Дзятва весялілася з рознакаляровамі паветранымі шарамі, падлеткі – на гульнёвых пляцоўках.

Пакуль удзельнікі свята частаваліся, на сцэне разгарнулася дзея ўсяго масленічнага тыдня.

Нагадаем, раней кожны яго дзень меў сваю назву  – сустрэча, зайгрышы, цешчына вячэра, дзень святога Уласа, нявеставы пачастункі, прабачальная размова – і патрабаваў адпаведных дзеяннеў. Да прыкладу, панядзелак прысвячаўся сустрэчы Масленіцы, у аўторак хлопцы ішлі ў сваты, каб вясной згуляць вяселле, у сераду цешча павінна была запрасіць зяця на бліны, чацвер адрозніваўся шматлікімі забавамі, у ліку якіх ушанаванне маладых, якія нядаўна пажаніліся, у пятніцу зяць частаваў цешчу, сустрэчай нявесткі з роднымі мужа вылучалася субота.

Нікога не пакінулі раўнадушным выступленні самадзейных артыстаў устаноў культуры раёна.  Станоўчыя эмоцыі падарылі мініацюры каралінцаў і кашалёўцаў. З задавальненнем зэльвенскія мужчыны падыгралі дзярэчынскім персанажам – згадзіліся, каб пагадала цыганка, паскакалі разам з казой. Цікавай была сумесная пастаноўка бародзіцкіх і крывіцкіх культработнікаў. Да смаку прыйшліся бліны князеўскіх, дабраселецкіх і міжэрыцкіх гаспадынь. Па-веснавому цёплым быў абрад гукання вясны, падрыхтаваны гуртамі культработнікаў з Галынкі, Елкі і Чырвонага Сяла.

Кульмінацыяй масленічнага тыдня была нядзеля.  Людзі прасілі адзін у аднаго прабачэння за дастаўленыя непрыемнасці і крыўды. Гэты дзень цікава і змястоўна паказалі работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Наступіў момант развітання з зімой, якая саступала месца вясне. Зэльвенцы ў вясёлым карагодзе пайшлі да вогнішча і там спалілі пудзіла зімы. Але гулянне на гэтым не завяршылася. Арганізатары запрасілі падняцца на сцэну самых актыўных і смелых  удзельнікаў гульнёвых забаў. Сярод іх вызначыліся пераможцы, якія атрымалі прызы. Доўгі час яшчэ гучала прыгожая  музыка над Зэльвай: вясна павінна пачуць, што яе чакаюць.

Людміла ПОПКА.

image

image (7)

image (5)

image (4)

image (3)

image (2)

image (1)

 

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.