На карце Зэльвеншчыны: Малая Угрынь

  У 70-я гады XX стагоддзя ў Малой Угрыні дзейнічалі базавая школа, клуб, бібліятэка, магазін. Жыло больш за 250 чалавек. Зараз засталося толькі 38 жыхароў у 25-ці хатах. Працуе магазін.

Абярэг Малой і Вялікай Угрыняў

На перакрыжаванні дзвюх вуліц, адна з якіх – мала-ўгрыньская, а другая – вяліка-ўгрыньская, стаіць каля старой хаты крыж – абярэг мясцовых жыхароў. Яму больш за сотню гадоў. Фундатарам каменнага помніка быў адзін з братоў Дожыных – “амерыканец”. У 1908 годзе ён прыехаў да брата Сяргея ў госці, дамовіўся з дзярэчынскім каменячосам Чартком, і той пакінуў нашчадкам крыж-помнік, крыж-абярэг. Мясцовая  краязнаўца Валянціна Боцька запісала ўспаміны жыхароў, якія памяталі падзеі мінулай вайны. Антаніна Юльянаўна Стырнік прыгадвала такі эпізод. Каб зберагчы Угрынь ад фашыстаў, жанчыны вёскі і бліжэйшых хутароў за адну ноч выткалі вялікі ручнік, павесілі яго на крыжы, а ніткамі, што заста-ліся, абвязалі ўсе хаты. Раніцай немцы спыніліся на скрыжаванні, паглядзелі на абвіты руч-ніком крыж, нешта, як казалі старажылы, “пагергеталі” і паехалі далей, на Галынку. Галынку спалілі, а Угрынь уцалела… У хаце Сяргея Паўлавіча Дожына, каля якой стаіць абярэг, да 1939 года размяшчаўся магазін, таму тут заўсёды было мнагалюдна. Кожны мог пакланіцца крыжу і падзякаваць Богу або папрасіць Яго аб заступніцтве. Тут адбывалася і развітанне вяскоўцаў з памерлым, якога везлі на могілкі. Традыцыя ўшанавання крыжа жыве і сёння. У маі жанчыны вешаюць на яго ручнічок, а пры развітанні з нябожчыкам – вяночак.

Угрыньцы – патомкі венграў?

У тапанімічным слоўніку В.Жучкевіча даецца лагічнае тлумачэнне паходжання назвы вёскі. Уграмі называлі венграў, якія маглі асесці ў Дзярэчыне і яго ваколіцах у гады княжання венгра Стэфана Баторыя. Этнанімічнай версіі прытрымліваецца і лінгвіст Алена Таболіч, вядомая нам усім гарнянка, вы-кладчыца Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Другая версія збліжае назву ракі Угры з балцкім словам ungur – луг, што таксама магчыма: мясцовасць каля ручая, што злучае Сіпу са Шчарай, – нізінная. Значыць, угрыньцы могуць лічыць сябе або нашчадкамі венграў, або балтаў: каму што падабаецца!

Неўгамонная Ільінічна

Гісторыя жыцця Ганны Ільінічны Жацько для вёскі, нават з такой загадкавай назвай, нетыповая. Хоць жанчына і мясцовая – нарадзілася на адным з хутароў каля Угрыні, – але свету пабачыла рознага. І зусім не блізкага. У дзяцінстве разам са старэйшай сястрой выехала ў Прыморскі край, у горад Спаск Дальні. Там закончыла школу, там працавала на пякарні і на пошце. Калі выйшла замуж, пераехала на востраў Сахалін, бо муж быў астравіцянінам. Часта ўспамінае маладыя гады, прыроду далёкага ад Беларусі краю. Хто ведае, як бы склаўся лёс жанчыны, калі б не смерць мужа. Цяжка было заставацца адной з  дзецьмі ўдалечыні ад блізкіх лю-дзей. Таму і вярнулася ў Беларусь. Праз пэўны час сустрэла другога мужчыну. У спадзяванні на жаночае шчасце выйшла замуж, нарадзіла яшчэ дваіх дзетак. Ды кароткім было і другое замужжа. З тых пор Ганна Ільінічна – і гаспадар, і гаспадыня. Жанчына працавала ў калгасе і ў паляводстве, і  на ферме. Перад выхадам на пенсію было 27 гадоў толькі “беларускага стажу”. “Гады працы ў Прымор’і і на Сахаліне “згарэлі” разам з Саюзам”, – жартуе Ганна Ільінічна, бо тыя гады ёй у стаж не залічылі, хоць і мела ўсе даведкі з Расіі. Але жанчына не зацыкліваецца на асабістых праблемах. Актыўная і ў сталым веку, клапоціцца аб аднавяскоўцах. Вось і нядаўна падчас наведвання ў вёску інфармацыйнай групы райвыканкама менавіта Ільінічна першай заявіла аб неабходнасці адводу вады з вуліц. Падчас ліўняў нельга прайсці ад суседа да суседа. Ільінічну пачулі, і ўжо ачысцілі канавы, хутка будуць пракладваць ліўневыя трубы. Ганна Ільінічна была акты-вісткай і ў маладыя гады. Удзельнічала ў хоры, у якім налічвалася больш за сорак чалавек. Кіравала харавым калектывам музычны работнік Ірына Уладзіміраўна Горная. Не раз віталі самадзейных артыстаў у Дзярэчыне, Зэльве, Гродне. Нават у Польшчу ездзілі. Ганна Ільінічна захоўвае фотаздымкі той пары, часта разглядвае іх і ўспамінае пражытае-перажытае добрым словам.

Гаспадыня дома-гісторыі

Шмат фотаўспамінаў ёсць і ў Алены Іванаўны Бекіш. Яна засталася адна ў доме, які памятае гісторыю вёскі не толькі XX стагоддзя. Дом Алены Іванаўны будаваў яшчэ дзед яе мужа. Тут пэўны час была школа, пакуль узводзіўся тыповы будынак. Па словах гаспадыні, размяшчалася і бібліятэка. (Ці не тая, якую стварыў у трыццатыя гады XX стагоддзя вядомы ў свеце вучоны Ян Пятроўскі, што жыў у Дзярэчыне з 1932 па 1936 гады?!). Бацька мужа, свёкар Алены Іванаўны Рыгор Антонавіч, загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён адзін з 12-і ўгрыньцаў, што не вярнуліся з фронту. Калі маці Барыса Рыгоравіча шукала звесткі пра мужа, то ёй даслалі даведку з Польшчы, дзе значылася, што Рыгор Антонавіч Бекіш памёр ад цяжкіх ран у шпіталі і пахаваны на кракаўскіх мо-гілках у магіле пад нумарам 1. Беларус з Угрыні пачаў адлік ахвярам за вызваленне кракаўскіх мясцін… Сын воіна – Барыс Рыгоравіч – 45 гадоў адпрацаваў у калгасе вадзіцелем, Алена Іванаўна выконвала розную работу ў паляводстве. Доўгі час займалася вырошчваннем ільну. Спачатку была радавым членам у звяне матулі, а потым і сама ўзяла на сябе гэту нялёгкую ношу. У той час жанчыны ўсё рабілі ўручную, калі не паспявалі, задзейнічалі і дзяцей. (Дзяцей, дарэчы, у Алены Іванаўны трое, а ўнукаў – шасцёра). Як і Ільінічна, Алена Іванаўна была актыўнай удзельніцай хору. Таксама з вялікай цеплынёй згадвае 60 – 70-я гады мінулага стагоддзя, многіх аднавяскоўцаў, з якімі працавала і сябравала.

Жанчына-ўніверсал

Непадалёку ад Алены Іванаўны жыве сям’я мужавага брата Валянціна Рыгоравіча Бекіша. І муж, і жонка ў гэтай хаце – людзі добразычлівыя, адкрытыя і вельмі актыўныя. Асабліва га-спадыня. (Мне здаецца, што га-спадар не толькі не пакрыўдзіцца, што тут больш будзе гаворкі пра жонку, а наадварот застанецца ўдзячны, бо вельмі паважае сваю энергічную палову). Бекішы – спецыялісты і майстры на ўсе рукі. Кім толькі не даводзілася працаваць! Гаспадар быў і кінамеханікам, і млынаром, і пажарным, і шафёрам. Гаспадыня – ветурач з вышэйшай адукацыяй – таксама не цуралася дадатковых работ. І мужу дапамагала, і асноўную работу бездакорна выконвала, людзей зёлкамі ад многіх хвароб ратавала. Яна і зараз, на пенсіі, дапамагае ўсім, хто б ні звярнуўся да яе з просьбай. Яшчэ ў дзяцін-стве моцна пасябравала Марыйка з жанчынай-аднавяскоўкай (Марыя Мікалаеўна родам з Дубраўкі Мастоўскага раёна), што ведала толк у зёлках. З той пары збірае травы, шчодра дорыць людзям не толькі рэцэпты, але і высушаны, гатовы для прымянення прыродны скарб. Паўсюль у хаце, сенях, на падворку сушацца-вяляцца гаючыя травы. Часта звяртаюцца аднавяскоўцы да Марыі Мікалаеўны і як да прафесіянала. Нікому ні разу не адмовіла жанчына-ўніверсал,  вялікай душы чалавек.

Разам – больш за паўстагоддзя

Мікалай Іванавіч і Лідзія Іванаўна Марцішыкі дзеляць разам нягоды і радасці сямейнага жыцця больш як 50 гадоў. З суровай зімы 1963 года, калі на санях маладыя ехалі на шлюб і са шлюбу, са-граваючы адзін аднаго позіркамі даверу і любові, яны не разлучаюцца. Захаваўся стары аматарскі фотаздымак той зімы, які нагадвае пра шчас-лівы пачатак іх сумеснага жыцця. Жыццё, як вядома, бясхмарным не назавеш. Мікалай Іванавіч працаваў на трактары, Лідзія Іванаўна – на ферме, у брыгадзе, у звяне льнаводаў. У гаспадарцы ў асноўным перавалодвала ручная праца. Асабліва цяжка было на ферме. Не дзіва, што зараз баляць рукі і ногі, нагадваюць пра той нялёгкі час. Але, як і ўжо згаданыя жанчыны-ўгрынкі, Лідзія Іванаўна з цеплынёй успамінае тыя гады. Было вельмі цікава ў мнагалюднай вёсцы. Вечарамі, вярнуўшыся з працы ды парабіўшы хатнія справы, спяшылі ў клуб: Лідзія Іванаўна таксама была харысткай. Бралі з сабой дзяцей, якія знаходзілі занятак у бібліятэцы ці ў адным з клубных гурткоў. …У Мінску падрастаюць у Марцішыкаў двое праўнукаў ад трох унукаў – сыноў дачкі. Тэлефануюць, пры магчымасці наведваюць дзядулю з бабуляй. Ёсць каму перадаць жыццёвы вопыт.

У доме бацькоў Галіны Тарасік

Было б недаравальна быць ва Угрыні і не зайсці ў дом, дзе гадавалася вядомая паэтка Галіна Тарасік. Бацькі Галіны – адна з найстарэйшых сямейных пар у вёсцы. Яны – дзеці вайны. Так называюць пакаленне тых, хто нарадзіўся за некалькі гадоў да грознага 1941-га. Яўгеній Васільевіч Боцька школу пачаў наведваць яшчэ да вайны. Вучыліся па чарзе ў хатах вяскоўцаў. Добра памятае першых настаўнікаў: Кузьму Ломшыка і Міхаіла Ракевіча. Настаўнікі не пакінулі сваёй справы і ў час вайны, хоць нямецкія ўлады і выклікалі іх не раз у камендатуру, дапытваючыся, як і чаму яны вучаць дзяцей. Пасля вайны трэба было працаваць, таму давучваўся Яўгеній Васільевіч ужо ў вячэрняй школе. У Галынкаўскай МТС прайшоў курсы механізатара, працаваў спачатку прыцэпшчыкам, а потым ужо і на трактары. Разам з Яўгеніяй Сцяпанаўнай выгадавалі трох дачушак: Валянціну, Галіну і Таццяну. Як згадваюць настаўніцы дзяўчынак, Ганна Сончык і Ірына Вен-ская, усе трое былі прыкладам для іншых і ў паводзінах, і ў вучобе. Усе атрымалі добрую адукацыю, паважаныя сярод аднавяскоўцаў людзі, хоць з бацькамі засталася толькі Валянціна. Таццяна – гараднічанка, таму часта наведваецца дамоў. Галіне – цяжэй, але і яна ніколі не забывае бацькоў, а вершы, прысвечаныя родным людзям, грэюць іх сэрцы заўсёды, нават у дажджлівую восень і марозную зіму.

Крыху настальгічных уражанняў

Усе, з кім мы размаўлялі, з настальгіяй згадвалі гады маладосці, руплівай працы на калгасных палетках і фермах, расказвалі пра аднавяскоўцаў, суседзяў (на жаль, многіх ужо няма ў жывых). Паказвалі фотаздымкі – сведкаў актыўнага свайго жыцця, а таксама школьных гадоў сваіх дзяцей. Добрым словам успаміналі ўгрыньцы за любоў да іх дзяцей мясцовых настаўнікаў – Міхаіла Канстанцінавіча Януля, Аляксандра Нікіфаравіча і Клару Якаўлеўну Шчукіных, Аляксандра Аляксандравіча і Ганну Уладзіміраўну Сончыкаў, Уладзіміра Сяргеевіча Слёзніка, Ірыну Антонаўну Венскую, Леаніда Іванавіча Юргеля, Івана Міхайлавіча Ракевіча, Валянціну Іванаўну Дожыну і іншых. Міжволі хочацца захаваць усё лепшае, чым напаўнялася жыццё нашых працавітых вяскоўцаў. Таму і працягвае “Праца” даўнюю рубрыку “На карце Зэльвеншчыны”. Яніна Шматко. Фота  Аляксандра Раманоўскагаі з сямейнага архіву Валянціны Боцька.  
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.