Любви много не бывает

772
Заўсёды прыемна пісаць пра людзей, якія ў згодзе і павазе разам пражылі шмат гадоў. У іх ёсць чаму павучыцца, яны валодаюць пэўнымі сакрэтамі сямейнага дабрабыту.
У народзе гавораць, што каханне выпрабоўваецца часам. Пяцьдзясят гадоў, дзелячы разам радасці і нягоды, нясуць незгасальны факел вернасці і шчырых адносін Міхаіл Іванавіч і Ірына Аляксандраўна Ляуты з вёскі Бязводна. Нядаўна яны справілі залатое вяселле. Павіншаваць юбіляраў прыйшлі супрацоўнікі сельсавета, прадстаўнікі мясцовай гаспадаркі, работнікі Дабраселецкага сельскага Дома культуры. Шмат цёплых і шчырых слоў у адрас сямейнай пары прагучала ад родных і знаёмых.
Усё жыццё залатых юбіляраў звязана з вёскай Бязводна. Тут абое нарадзіліся і выраслі, тут сустрэлі і пакахалі адзін аднаго.
Міхаіл рана пазнаў цяжкія выпрабаванні: маленькім хлопчыкам яму давялося перажыць вайну. Пасля яе заканчэння ў пошуках лепшай долі сям’я паехала на Урал. Прабыўшы на чужыне тры гады, Ляуты вярнуліся на радзіму. Бацькі ўладкаваліся ў мясцовы калгас. Як усе вясковыя хлопцы, Міхаіл не цураўся работы. Працаваць даводзілася і на ўласнай гаспадарцы, і ў калектыўнай. А калі выпадала вольная хвіліна, мясцовая моладзь арганізоўвала вечарыны. На адной з іх хлопец сустрэў прыгажуню Ірыну. Хутка іх знаёмства перарасло ў каханне. Праз некалькі месяцаў згулялі вяселле.
У тыя далёкія пасляваенныя гады жыццё было цяжкім. Тэхнікі ў калгасе было мала, і ўсе важныя сельскагаспадарчыя работы выконваліся ўручную. Вясною грузілі кампосты, палолі пасевы, нарыхтоўвалі кармы. Улетку сярпамі жалі збажыну і складвалі ў дзясяткі, а потым ноччу малацілі яе на збожжатаках. Восенню капалі бульбу, убіралі іншыя караняплоды.
Самай паважанай і ганаровай на вёсцы тады была прафесія трактарыста. Таму Міхаіл Іванавіч і запісаўся на курсы, дзе атрымаў спецыяльнасць механізатара. Прафесійнае майстэрства ўдасканальваў на палях гаспадаркі – працаваць даводзілася на трактарах розных марак.
Ляуты сумленна спраўляліся са сваімі абавязкамі, працавалі з душой. За гэта мужа і жонку паважала як кіраўніцтва гаспадаркі, так і аднавяскоўцы.
Галоўнае ў сямейным дабрабыце, лічаць юбіляры, каб муж і жонка любілі і цанілі адзін аднаго. – Кахання многа не бывае, – лічыць гаспадар. – А ў жыцці ўсякае здараецца. Каб пражыць яго годна, трэба праявіць мудрасць і павагу да сваёй другой палавінкі.
Міхаіл Іванавіч і Ірына Аляксандраўна нарадзілі і выхавалі чацвёра дзяцей: дваіх сыноў і дзвюх дачок. Дзяцей выхоўвалі ў строгасці. Старэйшыя заўсёды адказвалі за малодшых, дапамагалі ім у вучобе.
Пасля заканчэння школы яны адзін за другім сталі пакідаць бацькоўскі дом, стварылі свае сем’і. Старэйшая Таццяна закончыла педінстытут, жыве і працуе ў Слоніме. Сын Іван таксама мае вышэйшую адукацыю. У Зэльве жывуць малодшыя дзеці: Люба і Сяргей. У Ляутаў восем унукаў і два праўнукі – галоўнае багацце бабулі і дзядулі. Калі малыя прыязджаюць у госці, дом напаўняецца смехам і радасцю.
Віктар МАКОЎСКІ.

Leave a Comment

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.