Испытания глубиной

Испытания глубиной

19 студзеня сваё прафесійнае свята адзначае калектыў выратавальнай станцыі. Ужо многія гады ён уваходзіць у лік лепшых  падраздзяленняў АСВОДа  вобласці.   

Работнікі станцыі займаюцца прадухіленнем няшчасных выпадкаў на вадзе і выратаваннем пацярпелых.

– У нас пакуль што зацішша,– гаворыць начальнік станцыі Аляксандр  Бойка. – Вадасховішча яшчэ не пакрыта льдом, таму аматараў зімовай рыбалкі зусім мала. Самы напружаны для нас час, калі вада пачынае замярзаць і ў перыяд ледаходу: у выпадку няшчасных здарэнняў мы не можам выкарыстаць катар і лодкі. А гэта, у сваю чаргу, перашкаджае аператыўна аказаць патрэбную дапамогу чалавеку, які трапіў у бяду. 

Мы заўсёды напагатове. Каб папярэдзіць няшчасныя выпадкі, рэгулярна праводзім абходы, гутарым з рыбакамі, адпачывальнікамі. Дзяжурная змена кожны дзень робіць агляд акваторыі вадасховішча. Толькі з пачатку года за парушэнне правіл  паводзін на ва-дзе папярэджаны 19 чалавек.  Сумесна са старшынёй раённай арганізацыі АСВОД Янінай Цяслоўскай наладжана актыўная прафілактычна-растлумачальная работа ва ўстановах адукацыі, у працоўных калектывах. 

Акрамя таго пастаянна праводзім вучэбныя трэніроўкі, у час якіх адпрацоўваюцца навыкі аказання дапамогі пацярпелым. Круглы год у любое надвор’е вадалазы спускаюцца пад ваду, каб да аўтаматызму ўдасканаліць свае навыкі. Варта адзначыць, што на абласных спаборніцтвах па выратавальным мнагаборстве ў раздзеле “Выхад катара па трывозе” наша  каманда заняла другое месца.

У апошнія гады значна ўмацавалася матэрыяльная база выратавальнай станцыі. Цяпер у распараджэнні вадалазаў пяць імпартных аквалангаў і столькі ж гідракасцюмаў мокрага тыпу, два – сухога. Апошнія дазваляюць спускацца пад ваду нават у мароз. У мінулым годзе набылі маторную лодку і кампрэсар, крыху раней – выратавальную дошку.

Акрамя сваіх асноўных абавязкаў вадалазы займаюцца абследаваннем і ачысткай вадаёмаў зон адпачынку ў Зэльве, Дзятлаўскім і Ваўкавыскім раёнах.

Многія работнікі станцыі працуюць тут больш за дзясятак гадоў. Сам Аляксандр Бойка – вадалаз першага класа. На яго рахунку больш за паўтары тысячы гадзін, праведзеных пад вадой. Для сваіх падначаленых Аляксандр Якаўлевіч не толькі кіраўнік, але і настаўнік. Ён адказвае за падрыхтоўку і ўдасканальванне прафесійнага майстэрства вадалазаў і матарыстаў. Першы клас таксама маюць вадалазы Аляксандр Марцута і Віталій Янулевіч, другі – Юрый  Ляскевіч і Сяргей Конік, трэці – Алег Баравы. З першых дзён ад-крыцця станцыі працуюць медыцынскія сёстры Ніна Шчамялёва і Валянціна Булак. Перад заступленнем на дзяжурства яны правяраюць стан здароўя вадалазаў, санітарны стан абсталявання, у выпадку трывогі разам з дзяжурнымі спяшаюцца на месца здарэння. Кожны з вышэй названых работнікаў адзначаны шмат-лікімі граматамі абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў.

Паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі матарысты Дзяніс Хадакоўскі, Анатолій Макарэвіч і Андрэй Іваноў.

 

Акрамя пастаянных трэніровак на станцыі вадалазы кожны год праходзяць навучанне ў спецыяльных цэнтрах Гродна і Мінска, здаюць экзамены на прафесійную прыгоднасць.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.