“Беларусічы” ў пошуках радзімы: як турысты-краязнаўцы з СШ №2 вандравалі па Беларусі

Па маршруце “Зэльва – Гродна – Кобрын – Брэст – Гродна – Каробчыцы – Зэльва” адправіліся ў вандроўку па родным краі юнакі і дзяўчаты з турысцка-краязнаўчага лагера “Беларусічы”, што дзейнічаў летам на базе СШ №2 г.п.Зэльва.


Перш за ўсё турысты-краязнаўцы пазнаёміліся з маршрутам падарожжа, выбралі для сябе накірунак, па якім будзе весціся экскурсійная работа. Выхавацель лагера Ларыса Рыбак правяла для юнакоў і дзяўчат навучальную экскурсію “Зэльва – ты наш лёс”. Дырэктар лагера Наталля Ступчык арганізавала заняткі па састаўленні тэхналагічных карт і напісанні тэкстаў экскурсій, сфарміравала партфелі экскурсаводаў. Акрамя таго, юныя турысты прынялі ўдзел у фарміраванні аптэчкі і падрыхтоўцы турысцкага снараджэння. А ўжо 26 ліпеня наведвальнікі лагера адправіліся на чыгуначным транспарце вывучаць Беларусь.

У Гродна юныя падарожнікі прагуляліся па гістарычных месцах, спыніліся ля храмаў і знакавых будынкаў, наведалі парк Жылібера, пабывалі ў музеі гісторыі Гарадніцы, а яшчэ – на ААТ “Малочны мір”, дзе для іх была арганізавана вытворчая экскурсія.

Далей быў начны пераезд. І вось мы ўжо ў Кобрыне – горадзе Суворава. Юнакі і дзяўчаты правялі аглядавую экскурсію па гістарычным цэнтры Кобрына, прайшліся па парку імя Суворава, спыніліся ля помніка салдатам, што загінулі ў бітве з Напалеонам… А пасля наведалі Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя Суворава, дзе экскурсавод правёў юных турыстаў па экспазіцыях “Сем стагоддзяў Кобрына” і “Дом А.В.Суворава”.

Гадзіна часу на электрычцы – і нас ужо прымае гасцінны Брэст. Два насычаныя падзеямі дні правялі хлопцы і дзяўчаты ў слаўным горадзе, дзе спыніліся на начоўку ў Брэсцкім абласным цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Прадстаўнікі ўстановы адукацыі арганізавалі экскурсію, падчас якой расказалі пра мінулае Брэста і яго сучаснае жыццё. Асабістага ўпамінання патрабуе алея каваных ліхтароў, якія былі зроблены рознымі прадпрыемствамі горада, а яшчэ – цікавы рытуал запальвання ліхтароў на газе, які кожны вечар збірае на алеі шматлікіх дапытлівых.

Добрым адпачынкам пасля начнога пераезду стала наведванне Лядовага палаца, а палюбавацца прыгажосцю Брэста змаглі ў час прагулкі на цеплаходзе па рацэ Мухавец. Дарэчы, (што вельмі сімвалічна!) цеплаход меў назву “Гродна”.

Юнакі і дзяўчаты з цікавасцю прайшліся па музеі чыгуначнай тэхнікі, у якім напярэдадні была адчынена новая выставачная зала. Уразіла ўсіх сваёй веліччу і Брэсцкая крэпасць-герой. У Брэсце мы аказаліся ў час святкавання 999-годдзя, што адчувалася ў самой атмасферы горада. І нават спёка ў 32 градусы не стала перашкодай для падарожжа.

Апошняй кропкай падарожжа стаў агратурыстычны комплекс “Каробчыцы”. Юныя турысты прайшліся па дэндрапарку “Лукамор’е”, дзе расце больш за 400 відаў раслін, што рэдка сустракаюцца ў Беларусі. Пабывалі ў гасцях у Бабы Ягі, наведалі майстэрні каваля і рэзчыка па дрэве. Зайшлі ў стайні, дзе ўтрымліваюцца прыгажуны-коні. У міні-заапарку назіралі за кенгуру, нутрыямі і выдрамі, кролікамі і вавёркамі, фазанамі і паўлінамі. Спыніліся на адпачынак ў альтанцы, каб атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды і пакарміць птушак.

Непадалёк ад маёнтка знаходзіцца гісторыка-культурны комплекс “Гарадзенская крэпасць – Партызанскі лагер”. Нам давялося ўбачыць ва ўсіх падрабязнасцях ваенны лагер і баявыя пазіцыі, атрымаць дакладнае ўяўленне аб тым, як жылі і ваявалі партызаны ў гады вайны. Юнакі і дзяўчаты заглянулі ў зямлянку камандзіра, пункт сувязі, медпакой, убачылі партызанскую школу і майстэрні. І лагер, і фарты, і зенітная пазіцыя ствараліся па ўспамінах ветэранаў і пры прафесійнай дапамозе музейных работнікаў, таму максімальна набліжаны да рэальных умоў.

Апошні пераезд – і мы ўжо дома, каб падвесці вынікі. Падчас круглага стала “Пазнай Радзіму – выхавай сябе” юныя турысты падзяліліся ўражаннямі ад падарожжа і былі гатовы адразу ж адпраўляцца ў новае!

У нашай краіне многа незабыўных месцаў. Хацелася б як мага больш вандраваць з дзецьмі па родным краі, адкрываючы яго дзівосы, прыгажосць і багатую гісторыю.

Присоединяйтесь к нашему каналу    

2 Thoughts to ““Беларусічы” ў пошуках радзімы: як турысты-краязнаўцы з СШ №2 вандравалі па Беларусі”

  1. Ольга

    Есть много мест. Было бы желание путешествовать.

  2. kalendary

    я бы не рискнула отпустить ребенка под опеку одного учителя

Leave a Comment

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.