Версия для слабовидящих

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне лепшых: у Зэльвенскім раёне прайшло пасяджэнне савета сектара культуры

13 февраля 2026
Просмотры: 2916

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне лепшых: у Зэльвенскім раёне прайшло пасяджэнне савета сектара культуры

Падвядзенне вынікаў мінулага года і вызначэнне планаў на будучыню – добрая традыцыя, якой прытрымліваюцца ва ўсіх галінах. У сферы культуры гэты працэс мае асаблівае значэнне, бо гаворка ідзе не проста пра лічбы, а пра захаванне традыцый і творчае развіццё. Менавіта з гэтай мэтай у Зэльве адбылося пашыранае пасяджэнне савета сектара культуры. Месцам правядзення стаў цэнтр культуры і народнай творчасці, на якое сабраліся кіраўнікі і спецыялісты клубных устаноў, бібліятэк, дзіцячай школы мастацтваў. Парадак дня – аналіз вынікаў работы галіны за 2025 год і вызначэнне прыярытэтных задач на 2026 год.

У рабоце савета прынялі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык і намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Сяргей Лойка.

З дакладамі па асноўных напрамках дзейнасці выступілі загадчык сектара культуры Галіна Раманчук, дырэктар раённай бібліятэкі Святлана Жамойціна і дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Вольга Генюш. Па выніках абмеркавання пытання ўдзельнікамі пасяджэння прынята пастанова, накіраваная на далейшае ўдасканаленне работы ўстаноў культуры раёна.

Пры падвядзеннi вынікаў года асобная ўвага была звернута на прызнанне дасягненняў тых, хто штодзённа працуе для захавання і развіцця культуры на Зэльвеншчыне.

Сняжана Куратчык уручыла Ганаровую грамату ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. За высокі прафесіяналізм, творчую дзейнасць, значны асабісты ўклад у развіццё і прапаганду беларускай культуры ўзнагароджаны кіраўнік аматарскага аб’яднання «Спадчына» Дзярэчынскага сельскага клуба Генадзій Коўш.

Акрамя таго, па выніках абласнога агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў «Свет захапленняў» дыпломам II ступені і каштоўным падарункам у намінацыі «Клуб традыцыйнай народнай культуры – гісторыка-краязнаўчы клуб» (дарослая ўзроставая катэгорыя) узнагароджаны клуб «Спадчына» Дзярэчынскага сельскага клуба (кіраўнік Генадзій Коўш). 

Тэма добраўпарадкавання, якая не раз гучала падчас выступленняў, знайшла свой лагiчны працяг ва ўзнагароджанні пераможцаў раённага агляду-конкурсу сярод устаноў культуры і адукацыі ў галіне культуры па навядзенні парадку на тэрыторыях, якія прылягаюць да ўстаноў. Узнагароды з рук Сяргея Лойкі атрымалі кіраўнікі ўстаноў, чыя праца па стварэнні ўтульнасці і парадку была прызнана лепшай. Дыпломам II ступені узнагароджаны раённы цэнтр культуры і народнай творчасці і Елкаўскі сельскі клуб, дыпломам I ступені – дзіцячая школа мастацтваў і Цяглевіцкі клуб-бібліятэка. 

Галіна Раманчук ўручыла Ганаровыя граматы сектара культуры Зэльвенскага райвыканкама.

Узнагароджаны настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў Іна Германовіч і Ірына Вежнавец, Анастасія Слуцкая і Святлана Гушча, бібліятэкар Елкаўскай сельскай бібліятэкі Алена Дзянішчык, бібліятэкар Каралінскай сельскай бібліятэкі Ірына Марцінчык, бібліятэкар Зэльвенскай раённай бібліятэкі Дар’я Лях, кіраўнік народнай эстраднай студыі «Рэтра» Іван Матах, загадчык Дзярэчынскага сельскага клуба Валянціна Лапа, загадчык гаспадаркі раённага цэнтра культуры Валянціна Маняк, загадчык касцюмернай раённага цэнтра культуры Наталля Чыргун, рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў раённага цэнтра культуры Сяргей Шышко, вадзіцель раённага цэнтра культуры Іван Сямашка. 

Асобнай увагі былі ўдастоены калектывы, якія забяспечваюць высокі ўзровень культурнага абслугоўвання насельніцтва. Свое узнагароды атрымалі: калектыў Галынкаўскага сельскага клуба (загадчык – Лілія  Генюш), калектыў Елкаўскага сельскага клуба (загадчык – Святлана Богуш), калектыў сектара па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва (загадчык – Аксана Шышлоўская), калектыў аддзела арганізацыйна-метадычнай работы (загадчык – Кацярына Галаўко), калектыў аддзела па кінавідэаабслугоўванні (загадчык – Вольга Горбач). 

Падводзячы вынікі пасяджэння, удзельнікі адзначылі, што установам культуры раёна ўдалося забяспечыць стабільную работу і дасягнуць значных поспехаў. Кіраўніцтва сектара культуры выказала ўдзячнасць усім прысутным за добрасумленную працу і пажадала далейшых творчых здзяйсненняў.

Наталля ПАЦАЛУЙКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале.Подписывайтесь по ссылке!