Гліна, што дорыць казку. У Зэльве адкрылася выстава «Казачная гліна»
Гліна, што дорыць казку. У Зэльве адкрылася выстава «Казачная гліна»
У цэнтры культуры і народнай творчасці адкрылася выстава «Казачная гліна». Аўтар работ – майстар народных мастацкіх рамёстваў Ірына Дзерачынік.
Гліна – матэрыял падатлівы і ўдзячны. У руках умелых яна ажывае, ператвараецца ў посуд, цацку, абярэг... І ў казку. У цэнтры культуры гэтая казка пасялілася на цэлы месяц – дзякуючы вопытнаму майстру Ірыне Дзерачынік, якая прэзентавала персанальную выставу «Казачная гліна».
Ірына Сабіржанаўна освойвае новыя тэхнікі эксперыментуючы з формамі, але заўсёды дзейнічае з павагай да традыцый. Пад яе кіраўніцтвам працуюць два дзіцячых гуртка: «Цуды з гліны» ў аграгарадку Дзярэчын, дзе займаюцца 6 выхаванцаў, і «Гліняная гасцёўня» ў Зэльве – тут сакрэты рамяства спасцігаюць 10 вучняў. Кожны з іх вучыцца не проста ляпіць, а адчуваць матэрыял і ствараць настрой.
Прафесійны ўзровень зямлячкі пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды – майстар неаднаразова станавілася дыпламантам і пераможцай абласных і рэспубліканскіх конкурсаў народнай творчасці. Яе работы знаёмыя не толькі зэльвенцам, але і прыхільнікам аўтарскай керамікі далёка за межамі раёна.
У экспазіцыі – і традыцыйны посуд, і сувеніры, і аўтарскія кампазіцыі. Усяго каля 80 керамічных вырабаў рознага накірунку, кожны з якіх прасякнуты цяплом рук і душы майстра.
Урачыста адкрыла выставу загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марыя Жоглік. Яна падкрэсліла, што такое мерапрыемства – не проста дэманстрацыя таленту, а жывы мост паміж традыцыямі і сучаснасцю.
Сярод ганаровых гасцей – загадчык сектара культуры раённага выканаўчага камітэта Галіна Раманчук. Таксама на адкрыцці прысутнічалі ўдзельнікі хору ветэранаў “Успамін”, работнікі цэнтра культуры і народнай творчасці, мясцовыя жыхары.
Асаблівым госцем стала дзетвара – выхаванцы дзіцячага садка №4. Для іх Ірына Дзерачынік правяла сапраўдны майстар-клас. Пад яе цёплым поглядам малыя з задавальненнем адціскалі з гліны падковы і анёлаў – кожны хацеў забраць з сабою часцінку казачнай выставы.
Адкрыццё атрымалася шчырым, па-хатняму цёплым. І гэта невыпадкова: сапраўдная творчасць заўсёды аб’ядноўвае людзей розных узростаў і прафесій.
Паважаныя жыхары і госці Зэльвеншчыны!
Выстава «Казачная гліна» будзе працаваць па 13 сакавіка. Завітайце ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці – дакраніцеся да прыгажосці, створанай чалавекам і прыродай.
Наталля ПАЦАЛУЙКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!





















