Падчас нядзельнай імшы каталікі памаліліся за бабуль і дзядуль і асвяцілі аўтамабілі
Падчас нядзельнай імшы каталікі памаліліся за бабуль і дзядуль і асвяцілі аўтамабілі
25 ліпеня Касцёл узгадваў святога Хрыстафора, апекуна вадзіцеляў, маракоў, вандроўнікоў, падарожнікаў. У гэты дзень маліліся за кіроўцаў, а асвяцілі розныя віды транспарту пасля нядзельнай імшы.

Напачатку святой імшы ксёндз Яцэк Маркель запрасіў парафіян ушанаваць бабуль і дзядуль, так як Касцёл адзначае Сусветны дзень, прысвечаны ім.


Святар зачытаў прыветлівы ліст і пажаданні Папы Леона XIV. “Няхай сэрцы аб’ядноўваюцца дзеля любові да Бога ў любым узросце. Давайце праслаўляць Пана за яго дабрыню, клапаціцца аб еднасці з блізкімі, “адчыняць” свае сэрцы для далёкіх і для тых, хто знаходзіцца ў розных патрэбах. Так мы будзем жыць з верай”, – гаварылася ў звароце.
Затым усе сабраныя ў касцёле Святой Тройцы усклалі малітвы да Бога за хлебаробаў, асабліва падчас жніва.
Святая імша суправаджалася цудоўнымі спевамі касцёльнага хору. Пасля супольнай малітвы ксёндз Яцэк паблагаславіў бабуль і дзядуль, акрапіў іх святой вадой. Затым прагучала благаслаўленне для уладальнікаў сродкаў, на прыкасцельнай тэрыторыі быў асвечаны транспарт.


Адзначым, дадзеная традыцыя не адносіцца да магічнага рытуалу. Асвечаны святаром – значыць, прысвечаны Богу. Бог заўсёды з чалавекам, Ён спадарожнічае яму як на блізкіх адлегласцях, так і ў далёкай дарозе. Галоўнае, верыць у Божую ласку і з малітвай адпраўляцца ў вандроўку. А таксама захоўваць правілы дарожнага руху і паважаць на дарозе як адзін аднаго, так і пешаходаў. Шчаслівай дарогі і духоўнай падтрымкі ўладальнікам машын!



Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!





















