Версия для слабовидящих

Наша спадчына. У аграгарадку адсвяткалі фестываль, прысвечаны гісторыі Дзярэчына

Просмотры: 11994

Наша спадчына. У аграгарадку адсвяткалі фестываль, прысвечаны гісторыі Дзярэчына

Дзень сённяшні

Калі першы раз узгадваецца Дзярэчын у пісьмовых крыніцах, хто быў першым уладальнікам мястэчка, якія князі валодалі часткамі яго зямель, які ўклад унеслі Сапегі ў развіццё дадзенага населенага пункта? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказ атрымалі жыхары аграгарадка і госці цікавага мерапрыемства. Прыгожы і пазнавальны фестываль “Па старонках гісторыі Дзярэчына” ладзіўся ў суботні выхадны.

Свята распачалося задоўга да тэатралізаванай дзеі з набажэнства ў мясцовым храме. У Спаса-Праабражэнскай царкве гучалі малітва і спеў аб спакоі і дабрабыце ў родным куточку, згодзе паміж людзьмі і іх здароўі.

Крыху пазней удзельнікі святочнасці сабраліся ў музейным пакоі на пазнавальную праграму “Рэха стагоддзяў”. Хіба ж толькі лянцяй не захацеў паслухаць Генадзя Каўша, кіраўніка аматарскага аб’яднання «Спадчына», які не толькі вывучае і цікавіцца гісторыяй мястэчка, а цалкам аддаецца любімай справе. Віртуальнае падарожжа ў “малы Версаль”, змястоўная экспазіцыя і даўнія экспанаты значна папоўнілі багаж ведаў аматараў гісторыі і краязнаўства.

Канешне ж, у юбілейны год Вялікай Перамогі дзярэчынцы аддалі даніну павагі абаронцам Айчыны, усклаўшы кветкі да падножжа Брацкай магілы.

У другой палове дня парк і эстрадная пляцоўка загучалі шматгалоссем, заквітнелі выставамі, аздобіліся майстар-класамі і гульнямі. Кожны госць знайшоў для сябе цікавы вугалок. Вернісаж фотаздымкаў адлюстроўваў вобразы мінулага. Дзіўна, што некаторыя фотаработы датаваны 40-50-ымі гадамі мінулага стагоддзя. На фотаздымках моманты з сямейных юбілеяў, розных святочнасцей, працоўныя калектывы, сем’і, шматлікія мерапрыемствы і канцэрты. 

Тых, хто хацеў пазнаёміцца з мясцовымі рамёствамі, запрасілі майстры-рамеснікі: Аляксандр Галянда, Лілія Амельянчык, Ірына Дзерачынік, Аляксандр Ішчанка. Тут жа можна было пачаставацца духмянымі і апетытнымі дамашнімі стравамі, пакаштаваць смачных напояў. Было дзе адвесці душу малечы: гульнёвыя пляцоўкі, атракцыёны так і клікалі да сябе!

Для дарослых вельмі цікавымі былі тэматычныя падворкі. “Дзярэчынскі кірмаш” вяскоўцы пастараліся на славу адлюстраваць былыя тавары і тагачасныя рэчы. Тут і музыкальныя інструменты, гадзіннікі, посуд. Побач “Буфет” савецкіх часоў.

“Ваеннае ліхалецце”, дзе ні на хвіліну нельга забываць, якой цаной дасталася нам Перамога.

“Сучасны”: пад мірным небам народ працуе і ганарыцца сваімі поспехамі і здабыткамі. 

Па старонках гісторыі Дзярэчына

І вось загучалі гукі эпохі Рэнесансу і на сцэне з’явіўся вяльможа Аляксандр Вітаўт, які “пожаловал пану Копачу за верную службу его Деречин со всеми селами и пущей”. Замалёўкі змяняліся адна другой. Дзякуючы ім гледачы даведаліся, што недакладны ўспамін пра Дзярэчын датуецца прыкладна 1385 годам і ён быў змешчаны ў “Паведамленнях пра літоўскія шляхі”, складзены крыжакамі нямецкага (тэўтанскага) ордэна. Дакладнай датай першага ўзгадвання Дзярэчына ў пісьмовых крыніцах з’яўляецца 10 кастрычніка 1416 года. Ад гэтай даты і адлічваецца яго ўзрост.

Першым вядомым уладальнікам мястэчка быў баярын Дрэмут. З 1416 па 1505 год Дзярэчынам валодалі Васіль Копач, яго сын дваранін гаспадарскі Яцак Капацэвіч, сястра Яцака Ганна Сангушкава. На працягу наступнага стагоддзя рознымі часткамі Дзярэчына валодалі князі Сангушкі, Адзінцэвічы, Палубінскія, Вішнявецкія, Валовічы, Нарбуты. З 1609 па 1686 год адзінымі ўладальнікамі зямель былі князі Палубінскія. Далей да 1832 года тут уладарыў род Сапегаў.

Што датычыцца архітэктуры, у Дзярэчыне (у розныя гады) існавалі царква Святога Спаса, касцёл і кляштар (манастыр) дамініканцаў, галоўная рэзідэнцыя князёў, палаца-паркавы ансамбль, дзе знаходзіліся архіў князёў Сапегаў, карцінная галерэя, бібліятэка (па маштабнасці другая пасля бібліятэкі князёў Радзівілаў), тэатр, пакой са зброяй, археалагічны кабінет, званіца, капліца, сонечны гадзіннік, а таксама быў разбіты парк плошчай на 18 гектараў, дзе вырошчваліся экзатычныя культуры.

У Дзярэчыне праходзілі буйныя кірмашы, вядомыя па продажы коней.

У 1609 годзе тут налічвалася 62 двары, пражывала каля 430 жыхароў. Дзярэчын быў цэнтрам Дзярэчынскай воласці, да якой належалі 27 населеных пунктаў, сярод якіх былі паселішчы: Ланцавічы, Мілявічы, Дарагляны, Алекшыцы, Савічы, Бібікі, Грабава, Крывічы, Залацеева, Шчара, Курылавічы, Монькавічы, Даўгаполічы, Збляны і іншыя.

У 1619 годзе тут з’явіліся першыя яўрэйскія пасяленцы, пазней была пабудавана сінагога.

Праз трохі больш як тры дзесяцігоддзі маршалак Аляксандр Палубінскі далучыў да сваіх дзярэчынскіх уладанняў Зэльву.

З гісторыі таксама вядома, што найбольшага росквіту Дзярэчын дасягнуў, калі ім валодалі Сапегі, асабліва канцлер Аляксандр. Маштабны палаца-паркавы ансамбль асвятляўся ліхтарамі фігур Адама і Евы, у двары быў устаноўлены сонечны гадзіннік і высокі слуп-званіца, на тэрыторыі размяшчаліся скульптуры, тэрасы, вадаём, аранжарэі, заапарк. Пры палацы існаваў тэатр з музычнай капэлай. Дзярэчынскі палаца-паркавы ансамбль меў назву “малы Версаль”. Пры Аляксандры Сапезе Дзярэчын быў цэнтрам Дзярэчынскага графства, у якое ўваходзілі 14 маёнткаў, 55 вёсак. Насельніцтва складала звыш 10 тысяч чалавек. 

Пасля Аляксандра графствам валодаў яго сын Францішак, які таксама ўдзяляў шмат увагі культурнаму і гаспадарчаму развіццю Дзярэчына, пільна сачыў за вядзеннем гаспадаркі і маёнткамі. У гаспадарчых інструкцыях, якія падпісваў Францішак Сапега, Дзярэчын называўся ўжо не “мястэчкам”, а “местам” гэта азначала “горадам”. 

Пры Аляксандры і Францішку Сапегах у Дзярэчыне можна было сустрэць французскіх арыстакратаў, нямецкіх маркграфаў, англійскіх падарожнікаў і іншых заходне- еўрапейскіх гасцей.

У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай тутэйшыя землі адышлі да Расійскай імперыі. І ў 1801 годзе Дзярэчын з’яўляўся цэнтрам Дзярэчынскай воласці Слонімскага ўезда Гродзенскай губерніі. Праз 16 гадоў пры касцёле пачала дзейнічаць першая ў гісторыі Дзярэчына школа. 

Далей наступілі цяжкія часы. У 1832 годзе за ўдзел князя Яўстафія Сапегі ў паўстанні 1830-1831 гадоў Дзярэчын і іншыя маёнткі былі канфіскаваны расійскімі ўладарамі. Шматлікія каштоўнасці з палацава-паркавага ансамбля былі вывезены ў Пецярбург, дзе значна ўзбагацілі калекцыі мясцовых музеяў. 

Што датычыцца 19 стагоддзя, у 60-х гадах тут была пабудавана трэцяя па ліку ў гісторыі мястэчка царква, але і згарэў касцёл. І толькі ў 1913 годзе пачаў дзейнічаць другі ў гісторыі мястэчка касцёл Небаўзяцця Найсвяцэйшай Панны Марыі.

У 1921-1939 гадах землі Заходняй Беларусі знаходзіліся ў складзе Польшчы. Дзярэчын быў цэнтрам гміны Слонімскага павету. Напрыканцы 39-га Заходняя Беларусь была ўключана у склад СССР і аб’ядналася з БССР. Дзярэчын стаў цэнтрам сельскага Савета ў складзе новаўтворанага Зэльвенскага раёна.

Наступная старонка тэатралізаванай дзеі апавядала аб страшных ваенных падзеях. Калі ў канцы чэрвеня 1941 года населены пункт быў захоплены нямецка-фашысцкімі акупантамі. У гэты час, з пачатку і па чэрвень-ліпень 1942 года, у мястэчку размяшчалася яўрэйскае гета. Тут было замучана і расстраляна звыш 4000 яўрэяў, каля 3000 у Дзярэчыне, астатніх вывезлі і забілі ў іншых месцах. 

Ад акупантаў Дзярэчын быў вызвалены войскамі Чырвонай арміі 11 ліпеня 1944 года. Пачало наладжвацца мірнае жыццё. З восені 1944 года стала дзейнічаць сямігадовая школа, якая праз тры гады стала сярэдняй. У 1952 годзе мястэчка Дзярэчын стала вёскай. У пачатку 70-х – гэта цэнтр калгаса імя Чарняхоўскага, а ў 2008 годзе атрымала статус аграгарадка. 

Так, перагортваючы старонкі гісторыі, кожны прысутны сэрцам адчуў глыбіню перажытага. Здаецца, даўніна. А як уражвае, кранае. І хочацца кожную дэталь захаваць для нашчадкаў, што і робяць работнікі культуры, арганізатары мерапрыемства. Таксама ў сілах кожнага з нас – шанаваць гістарычную спадчыну.

Мода з Дзярэчынскага камода

Калі хто і не мае рарытэтнага адзення, дык гэта не дзярэчынец. Бо тут многія жыхары захавалі рэчы даўніны і адносяцца да іх з трапятаннем. Яркімі элементамі і прыгожымі аксэсуарамі яны ўмеюць карыстацца і даказалі гэта падчас дэфіле, на якім гледачы сталі сведкамі, якія ўбранні можна было пашыць з мешкавіны і ільну, узорыстай тканіны і меху, як аздобіць, напрыклад, рукаў і каўнер. Гардэроб жанчыны дэманстраваўся праз якасныя спадніцы, блузкі, сукенкі, галаўныя ўборы. Мужчынскі – праз фрак, накідкі, цыліндры. Модны дух часоў іх стварэнне прасочваўся праз гады і сведчыў: калі ёсць жаданне і ўменне спалучаць элементы гардэроба, ён будзе непаўторны.

Квэст-гульня і пазнавальны батл

На фестывалі не прыйшлося сумаваць ні дзецям, ні дарослым. Юнакі і дзяўчынкі захапіліся квэст-гульнёй пад назвай “Малая радзіма – вялікая гісторыя”. Згодна з яе ўмовамі неабходна было пераадолець спецыяльна пабудаваны маршрут па Дзярэчыне з некалькімі прыпынкамі і сабраць адно цэлае з маленькіх элементаў. Веласіпеды дапамаглі фізічна хутка справіцца з дыстанцыяй, а веды і кемлівасць аблегчыць пошук і выдатна выканаць пастаўленую задачу. Самым хуткім аказаўся васьмікласнік Арцём Клімовіч, які перамог канкурэнтаў.

Не менш цікавым стаў гістарычна-пазнавальны батл “Сто пытанняў пра Дзярэчын”. Удзельнікам – камандам “Спадчына (старэйшае пакаленне), “Знаўцы гісторыі” (аматары краязнаўства і гісторыі) і “Нашчадкі Перамогі” (моладзь) – неабходна было як мага хутчэй знайсці адказы на тэматычныя пытанні. 

Яны датычыліся гісторыі ўладання князяў Сапегаў, перыяду Вялікай Айчыннай вайны, знакамітых асоб Дзярэчынскай зямлі. Канешне ж, хто быў уважлівым слухачом урачыстага адкрыцця свята, мог з лёгкасцю адказаць на шэраг пытанняў. Не цяжка прыйшлося і тым, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю. Аднак падумаць, абмеркаваць і даць правільны адказ павінна была па чарзе кожная каманда. Лепшымі сталі жанчыны з каманды “Спадчына”: яны адказалі дакладна на ўсе пытанні.

Незабыўныя хвіліны гасцям мерапрыемства дарылі таленавітыя землякі, якія праз вершы і песні праслаўлялі свой край: народны ансамбль песні “Звончыкі”, клуб аматараў песні і гумару "Тапаліна", Аліна Супрун, Таісія Біч і Святлана Карнейчык, Марыя Скібінская, Станіслава Качук, Валянціна Ганчар, Алена Рыбак, Яна Кучарава, Генадзь Коўш, Ягор Кіслы, Часлава Мазоль, Аксана Маляўская, Алег Януль-Венскі. А таксама самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія падрыхтавалі канцэртную праграму і музычныя застаўкі. Актыўны адпачынак, спевы, танцы – усё гэта толькі дапаўняла добры настрой удзельнікаў мерапрыемства, якое ў суботні выхадны прайшло з размахам і сведчыла аб шчырасці і гасціннасці мясцовага насельніцтва, адказнасці і крэатыўнасці арганізатараў.

Алена Рыбак і Галіна Плаўская:

На наш погляд, свята ўдалося на славу. Па-першае, з пункту гледжання пазнання вельмі добра, што прагучала гістарычная даведка пра Дзярэчын. Старэйшае пакаленне паўторыць, малодшае – запомніць. Па-другое, арганізацыйныя моманты на высокім узроўні і праграма насычана новымі элементамі. У мінулым годзе было трошкі інакш. Дарэчы кажучы, Дзярэчын заўсёды быў прыгожым і цікавым месцам. Былі гады росквіту, гады разбурэння. Але ён захаваў сваю аўтэнтычнасць, і мы ганарымся, што жывем менавіта тут. Тут вырасла не адно пакаленне. Падрастаюць дзеці. Квітнее і забудоўваецца тэрыторыя, абнаўляюцца дамы і парк. А гэта значыць, што Дзярэчын прадаўжае новую старонку ў сваім жыцці і летапіс сваёй гісторыі.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!