Версия для слабовидящих

Равеснікі Гродзенскай вобласці. Настаўніца Валянціна Вановіч

29 октября 2024
Просмотры: 14455

Равеснікі Гродзенскай вобласці. Настаўніца Валянціна Вановіч

Настаўнік першай катэгорыі Валянціна Піліпаўна Вановіч не з тых людзей, што абавязкова стараліся звярнуць на сябе ўвагу, але за 39 гадоў педагагічнай працы заслужыла вялікую павагу сярод школьнікаў і іх бацькоў.

Вогненны водбліск часу Валянціна Вановіч (у дзявоцтве Дожына) нарадзілася ў Малой Угрыні ў вялікай сям’і Піліпа Паўлавіча і Ганны Герасімаўны. Яна была шостай у сям’і. Восенню 1945 года сям’ю напаткала вялікае гора: падарваўся на міне адзіны сын бацькоў, адзіны брат пяцярых сясцёр.
І матчына сэрца не вытрымала страшнага “падарунка” вайны: Ганна Герасімаўна памерла, пакінуўшы дачушку Валюшку ў дзесяцімесячным узросце…

Не адзіны гэта быў выпадак пасля вайны, калі цікаўныя хлапчукі, нягледзячы на забароны бацькоў, не-не ды кідалі ў агонь неразарваныя патроны ці міны. Дорага каштавалі людзям гэтыя страшныя “цацкі” вайны. І ў кожнай сям’і яны перажываліся па-рознаму… Піліп Паўлавіч застаўся адзін з пяццю дачушкамі. Яго ўдаўцовае “шчасце” было ў тым, што старэйшыя дачушкі ўжо сталі памочніцамі ў доме і полі. Усёй гурбой неяк паднялі на ногі маленькае дзяўчо.

Шлях да прафесіі

Вучыліся сёстры Дожыны ва Угрынскай сямігодцы. І хоць усе вучыліся добра, старэйшым давялося закончыць навучанне менавіта тут. Валянціне ў гэтым плане пашанцавала: сёстры ўжо працавалі і маглі забяспечыць яе далейшую адукацыю. Яна пайшла ў Дзярэчынскую сярэднюю школу, паспяхова яе закончыла і вырашыла, што стане настаўніцай. А кім яшчэ магла марыць стаць дзяўчына пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя?! Калгаснікі вельмі паважалі настаўнікаў, амаль кожная сям’я хацела бачыць сваіх дзяўчат ці хлопцаў сярод паважаных людзей. Таму ні бацька, ні сёстры не пярэчылі Валянціне. І яна стала студэнткай самай прэстыжнай на той час установы – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна. (Праўда, завочніцай, бо ўсё ж фінансавае становішча сям’і не разлічвала на сталічныя затраты).

Паколькі настаўнікаў не хапала, то аддзелы адукацыі накіроўвалі на працу ў школу нават першакурснікаў. Так Валянціна стала Піліпаўнай і пачала выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Маскалёўскай васьмігодцы. (Угрынь тады адышла да Мастоўскага раёна). І хоць было страшнавата, маладая настаўніца не запанікавала. Яна была ўпэўнена, што яе ведаў, якія ўжо атрымала ў сярэдняй школе і будзе атрымліваць ва ўніверсітэце, для пяцікласнікаў будзе дастаткова. А далей будзе расці сама, – будуць расці і яе выхаванцы. Так яно і здарылася. Калі праз тры гады перавялася ў Падбалоцкую васьмігодку, адчувала сябе ўпэўнена, як і належыць настаўніку-практыку.

Школа як лёс

14 гадоў, з 1965-га і да 1980-га, калі пабудавалі ў Князеве сярэднюю школу і падбалоцкіх настаўнікаў (акрамя настаўнікаў пачатковай школы) перавялі ў Князеўскую СШ, Валянціна Піліпаўна працавала ў Падбалоцкай васьмігодцы. Гэта былі гады ўзмужання, росту, пошукаў свайго непаўторнага метаду ў адносінах з дзецьмі і калегамі. Школу ў першыя гады яе працы ў Падбалоцці ўзначальваў Ігар Антонавіч Гаўрон, выдатны спецыяліст, адказны кіраўнік і цудоўны чалавек. Для яго школьны калектыў быў такім жа дарагім, як свая сям’я. Асабліва клапаціўся ён пра маладых спецыялістаў. Валянціна Піліпаўна адразу адчула яго бацькоўскія адносіны да сябе і як да настаўніцы, і як да новага члена калектыву, і як да новай жыхаркі ў незнаёмай вёсцы.

Хоць у школу наведваліся дзеці толькі адной вёскі, напаўняльнасць класаў была даволі значнай: ад 20 да 30 чалавек. Зараз ужо дакладна не скажаш, хто і калі быў яе вучнем, памятаюцца дзеці з розных гадоў выпускаў: Валя Сідорка, Аліна Сасноўская, Аліна Шот, Толя Лапіч, Часлаў Гарадок, Крысціна Кавалевіч, Анатоль Вялічка, Марыя Хвядук, Валянцін Сасноўскі, Марыя Яскевіч…

Не ўсе з іх пайшлі потым у сярэднія спецыяльныя ці вышэйшыя ўстановы адукацыі, але сумленна працавалі на прадпрыемствах і ў калгасах. Валянціна Піліпаўна з усмешкай згадвае, як адзін з яе былых вучняў казаў, нібы апраўдваючыся: “Я хоць не вельмі добра вучыўся ў школе, затое авалодаў мноствам іншых навыкаў, і яны мне вельмі спатрэбіліся ў жыцці”. А хіба не таго хацела і настаўніца?

“Гэта быў спрыяльны перыяд для развіцця роднай мовы, – успамінае Валянціна Піліпаўна, – мне было лёгка працаваць. Дзецям не трэба было даказваць важнасць роднай мовы. Яны камунікавалі на ёй. Беларуская мова была адзінай у сямейных зносінах, таму школьнікі ахвотна чыталі беларускіх класікаў, адгукаліся на навінкі нашай літаратуры. Ахвотна ўдзельнічалі ў раённых алімпіядах. Памятаю, мяне нават адзначылі за добрую падрыхтоўку некалькіх вучняў да алімпіяд”.

Не баялася настаўніца і адкрытых урокаў для калег, бо сярод дваццаці ці трыццаці вучняў няцяжка знайсці тых, хто не збаіцца чужых вачэй і вушэй, не падвядзе настаўніцу.

Садзейнічала яднанню з вучнямі і іх бацькамі пазакласная работа. Ладзілі з дзецьмі экскурсіі ў Гродна, Брэст, Мінск, хадзілі ў паходы па месцах партызанскіх баёў. Цікаўнасць дзяцей да падарожжаў была настолькі вялікай, што іх не палохалі нязручнасці ў дарозе (пра сучасныя камфортныя аўтобусы і марыць не марылі, маглі і ў адкрытых грузавіках не адзін кіламетр праехаць).

Яшчэ Ігар Антонавіч Гаўрон (ён неўзабаве быў пераведзены дырэктарам Дзярэчынскай СШ) заўважыў музычныя здольнасці маладой настаўніцы, даручыў ёй весці ўрокі спеваў. Валянціна Піліпаўна, вялікі аматар фальклору, сабрала нямала народных песень ад старажылаў, апрацоўвала іх і ўключала ў рэпертуар мастацкай самадзейнасці як школьнікаў, так і калег. Ды і ў праграму калгаснага хору: усім вядома, што касцяк такіх калектываў складалі настаўнікі. Валянціну Піліпаўну вылучылі і тут: калі яна па нейкіх прычынах адсутнічала на рэпетыцыях, гэта адчуваў не толькі кіраўнік-ды-
рыжор, але і астатнія, бо моцны прыгожы голас яе вёў за сабой іншых.

Падбалоцце стала для маладой настаўніцы не толькі месцам яе станаўлення як педагога, але і як маладой жонкі і матулі. Тут яна пазнаёмілася з будучым мужам – Антонам Браніслававічам Вановічам, тут і пачалося іх сямейнае жыццё. Так што гэтую старонку ў жыцці Валянціна Піліпаўна перагортвае з удзячнасцю. 

Князева

У 1980-м годзе было закончана будаўніцтва Князеўскай сярэдняй школы. Амаль увесь калектыў Падбалоцкай васьмігодкі ўліўся ў новы. Дырэктарам прызначылі М.І.Касабуцкага, добра знаёмага падбалоцкім настаўнікам, бо менавіта ён пасля І.А.Гаўрона ўзначальваў васьмігодку. Умовы для працы сталі намнога лепшымі, хоць папрацаваць на суботніках давялося нямала. Паколькі вырасла колькасць дзяцей, то і настаўнікаў-прадметнікаў стала болей. Валянціна Піліпаўна з цеплынёй успамінае гады працы ў адным кабінеце з Ядвігай Альбінаўнай Касабуцкай, а пасля з Валянцінай Аляксандраўнай Семяняка. Яны ахвотна дзяліліся адна з адной сваімі напрацоўкамі, наведвалі ўрокі калег, перадавалі свой вялікі вопыт. Тут яшчэ цікавей стала працаваць з тымі вучнямі, якія праяўлялі здольнасці і цікавасць да роднай мовы, бо ты мог весці іх з 5-га па 11-ы клас, апірацца на дасягненні, бачыць перспектыву. 

Радавала, што побач сталі працаваць тыя, каго вучыла ў першыя гады настаўніцтва ў Падбалоцці. А са старэйшымі калегамі настолькі здружыліся, што прадаўжалі сябраваць ужо сем’ямі, з некаторымі нават пабудаваліся побач. 

Вановічы выгадавалі трох прыгожых разумных дачушак, дапамаглі атрымаць ім вышэйшую адукацыю. Зараз рады сустра-
каць іх і іх дзяцей, сваіх унукаў – семярых! Жыццё працягваецца. Галоўнае, каб яно было мірным. 

Яніна Шматко

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!