Творчая каманда – для добрага настрою. Зладжаны тандэм работнікаў культуры працуе ў Елкаўскім сельскім клубе
Творчая каманда – для добрага настрою. Зладжаны тандэм работнікаў культуры працуе ў Елкаўскім сельскім клубе
У Елкаўскім сельскім клубе склаўся зладжаны тандэм работнікаў, якія шчыруюць на ніве культуры. Усе прадстаўніцы дружнай каманды не проста яркія, ініцыятыўныя жанчыны – яны яшчэ і пазітыўныя, таварыскія, з адкрытым поглядам на жыццё. А праца на малой радзіме напаўняе іх станоўчымі эмоцыямі.

Хто яны – тыя, што нясуць дабро, дораць радасць? Загадчыка клуба Святлану Богуш характарызуе ўменне павесці за сабой. Поруч з ёй працуюць культарганізатар Таццяна Юрко і бібліятэкар Алена Дзянішчык. Елкаўцы добра ведаюць магчымасці спецыялістаў, якія ўмела арганізуюць культурны адпачынак не толькі жыхароў аграгарадка. Дзякуючы іх крэатыўным ідэям і напружанай працы ўвесь мікрараён – Казловічы, Сынкавічы, Шулякі, Франкова, Чырвонае Сяло, Ярнева, Дзешкавічы, Раўтовічы, Драпаўцы, а апошнім часам – Снежная, Старое Сяло – жыве насычаным і цікавым жыццём.
– Асабліва гасцінна нас сустракаюць у аддаленых вёсачках, – расказвае загадчыца клуба. – Мясцовыя старажылы, жыхары перадпенсійнага ўзросту рэдка бавяць час на канцэртах і імкнуцца адпачыць актыўна. Таму, калі праходзяць Дні вёскі, весяляцца на ўсю моц. Ведаеце, такое стаўленне падсілкоўвае энергіяй, натхняе працаваць яшчэ лепш.
Пры ўстанове дзейнічаюць тры клубы па інтарэсах. Накірунак дзіцячых – сольныя спевы, танцы і актыўны адпачынак. Для дарослых – тэатральны жанр.
Перад любым, нават радавым, канцэртам ідзе скрупулёзная падрыхтоўка кожнага нумара мастацкай самадзейнасці. А рэпертуар шырокі, разнастайны. Захопленыя сваёй справай артысты цешаць публіку шыкоўнымі касцюмамі і арыгінальнымі задумкамі.

– Выдатна, калі побач з табой не проста прафесіяналы, а сапраўдныя аднадумцы. Намнога прасцей падрыхтавацца да мерапрыемстваў. З Таццянай Іванаўнай у дадзеную ўстанову мы прыйшлі амаль адначасова. Разам і прапануем землякам разнастайныя канцэртныя і гульнёвыя праграмы, дыскатэкі.
Любоў да Радзімы фарміруецца як праз веды пра ўласныя карані, так і праз абрадавыя святы народнага календара. Дарэчы, песня – выдатны інструмент творцаў. Тым больш важна, што на розныя актыўнасці людзі ідуць цэлымі сем’ямі і спонсарскую падтрымку ў такіх маштабных ініцыятывах аказвае СВК “Сынкавічы”.

Трывалыя стасункі ў работнікаў клуба з настаяцелем Сынковіцкай царквы Архангела Міхаіла протаіерэем Арсеніем Ананка. У маі прыхаджане храма ўрачыста сустрэлі тыдзень жанчын-міраносіц, якія першымі даведаліся пра ўваскрослага Хрыста і абвясцілі гэтую радасць усім апосталам. Фестываль “У славу веры, пяшчоты і душэўнай цеплыні” сабраў шмат удзельнікаў. У святочным прадстаўленні, арганізаваным сумесна з сектарам культуры райвыканкама, разам з іншымі свецкімі калектывамі паўдзельнічалі і елкаўскія артысты. На іх плечы лягла адказнасць за конкурс “Я – жанчына”, за работу гульнёвых пляцовак.

Сапраўды, брэндавыя мерапрыемствы малой радзімы займаюць адметнае месца ў творчасці работнікаў клуба. І вынік адпаведны: дыплом І ступені прынёс удзел у раённых конкурсах мясцовых абрадаў “Фарбы спадчыны маёй”, “Гуляюць дзеці – гуляем мы” і іншых.

Пра ўсё, што ладзіцца ў Елкаўскім філіяле цэнтра культуры і народнай творчасці, можна расказваць бясконца. Відавочна адно: гэта месца, куды хочацца прыходзіць яшчэ і яшчэ, у тым ліку за цікавай кнігай. Маё знаёмства з Аленай Дзянішчык пачалося з прызнання аб тым, што ёй пашчасціла нарадзіцца ў Дзень бібліятэк. Алена Уладзіміраўна, якая ўсе свядомыя гады аддала прафесіі бібліятэкара, сцвярджае, што, чытаючы, дзеці імкнуцца да лепшага. З любоўю гаворыць, што асабліва летам адбою няма ад юных чытачоў. Кожная імпрэза рыхтуецца спецыялістам з улікам аудыторыі. Так, школьнікам спадабаліся мерапрыемствы “Азбука сімвалаў беларускага арнаменту”, “Будзь здаровы без урачоў”, прычым апошняе прайшло з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Між іншым, многія творчыя ідэі зыходзяць ад чытачоў: нават для дарослых любы візіт у храм кнігі ўжо своеасаблівае свята.
Дзякуючы такім падзвіжнікам у сферы культуры захоўваюцца векавыя традыцыі і духоўныя каштоўнасці. А яшчэ, падзялілася Святлана Іванаўна, актыўна ўліваюцца ў культурнае жыццё аграгарадка не менш таленавітыя жыхары Зэльвеншчыны. Гэта Святлана Літвінчык, настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы аграгарадка Галынка іерэй Сергій Шумец і матушка Аксана. Марыя Садчанка, Вольга Гаштольд, Наталля Яскавец, Наталля Вандзіч, Вольга Мякеня, Аляксандра Сцепанчук, Алена Коршун таксама здзіўляюць сваім вакальным, танцавальным і сцэнічным майстэрствам. Як бачым, творчая каманда сапраўднага ачага культуры ўпэўнена расце і развіваецца. А гэта толькі на карысць вяскоўцам.

Любоў ШЭЙКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!





















