Версия для слабовидящих

Весела, гучна і каларытна прайшла “Сустрэча каля млына” ў аграгарадку Галынка

8 сентября 2024
Просмотры: 16204

Весела, гучна і каларытна прайшла “Сустрэча каля млына” ў аграгарадку Галынка

У Зэльвенскім раёне многія вёскі маюць свае адметныя святы. А што датычыцца аграгарадкоў, то яны актыўна імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу цікавымі народнымі абрадамі, якія ідуць з глыбіні вякоў. Многія традыцыі ўжо адноўлены работнікамі культуры. Такая ж работа вядзецца і ў адносінах да інфраструктуры: у працэс актыўна ўключаюцца мясцовыя жыхары. Такім чынам уносіцца пэўны каларыт у развіццё месцаў, дзе ладзяцца традыцыйныя брэндавыя фэсты.

Шмат дзесяцігоддзяў стаіць у Галынцы стары млын. З канца 30-х гадоў мінулага веку працаваў там мясцовы жыхар Міхаіл Варабей, які быў вельмі добразычлівым да вяскоўцаў. У вайну сям’я Вараб’ёў пастрадала ад карнікаў: фашысты застрэлілі млынара і яго жонку, якой удалося закрыць сабою дзяцей. Малыя выжылі. Так склаўся лёс, што ўжо дарослы сын Міхаіла Максімавіча вярнуўся на малую радзіму і прадоўжыў справу бацькі – да выхаду на заслужаны адпачынак ён таксама працаваў у млыне. Памятаюць вяскоўцы і іншых млынароў – Фёдара Аніську, Івана Кірцуна. Дзесьці ў 1980-х гадах млын закрылі, кажуць, што за шмат гадоў працы сцерліся жорны. Так і стаяў каля дарогі незапатрабаваны будынак. 

Нядаўна фасад адрамантавалі, побач абуладкавалі сучасную зону адпачынку. А каб вяскоўцы не забывалі пра гістарычнае мінулае населенага пункта, работнікі культуры ініцыіравалі правядзенне брэндавага самабытнага мерапрыемства “Сустрэчы каля млына”, галоўнымі героямі якога сталі Млынары і Мельнічыхі. Забягаючы наперад трэба сказаць, што атмасфера свята была добразычлівай, творчай і адначасова па-дамашняму ўтульнай. Спалучэнне гісторыі, крэатыву, таленту і душэўнасці нікога не пакінула раўнадушным – умеюць зэльвенскія культработнікі ствараць настрой сваім землякам.   

Адкрылі мерапрыемства яркім тэатралізаваным шэсцем, што распачалося ў цэнтры населенага пункта і па галоўнай вуліцы накіравалася ў парк, дзе і размяшчаецца млын. 

Жыхароў аграгарадка і гасцей свята прывітаў настаяцель мясцовага храма іерэй Сергій Шумец:

На Зэльвеншчыне спрадвеку жывуць працалюбівыя,  таленавітыя, вынаходлівыя і гасцінныя людзі. Таму і шануецца ў нас самабытная беларуская культура, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Дзе б чалавек ні быў, куды б яго ні закінуў лёс, назаўжды ў сэрцы кожнага застаецца малая радзіма. Няхай яна і надалей будзе месцам прыцягнення для нашых нашчадкаў.  

Дарэчы, арганізатары падрыхтавалі даволі насычаную творчую праграму, галоўнай лакацыяй якой стала спаборніцтва “Спрытныя млынары”. Каб прыняць у ім удзел, у Галынку прыехалі ахвотнікі з розных куточкаў раёна. У час конкурснай праграмы, у якой было шмат інтэрактыву, Млынары і іх умелыя памочніцы Мельнічыхі імкнуліся даказаць, хто з іх лепшы гаспадар.

Гледачы з інтарэсам і захапленнем назіралі, як Яўген Раманчык і Арына Гродзь, Барыс Барынбаеў і Таццяна Юрко, Аляксандр Шчаюк і Валянціна Лапа, Аляксандр Ішчанка і Лідзія Кіслая, Мікалай Барташэвіч і Вольга Ляскевіч напаўнялі мяхі зернем, вязалі снапы і плялі завязкі… Для мужчын не выклікала цяжкасці прышыць латку на мех, а для жанчын – з завязанымі вачыма навобмацак распазнаць збожжавыя культуры. Кожная пара старалася на справе паказаць, што дастойна ганаровых званняў “Млынар-прафесіянал” і “Спрытная Мельнічыха”. 

Так ужо здаўна павялося на галынкаўскай зямлі, што ніводнае народнае свята не абыходзіцца без пачастункаў. Вось і на гэты раз у рамках фэсту праходзіў конкурс-дэгустацыя “Хлебны водар”. Якія толькі кулінарныя дэлікатэсы ні былі на ім прадстаўлены: духмяны хлеб і пірагі, пончыкі, розныя віды пячэнікаў, рулеты… Усе прысутныя маглі паласавацца мучнымі вырабамі ад гаспадынь з розных населеных пунктаў раёна.

Свята арганічна дапаўнялі тэматычныя фотазоны, упрыгожыла мерапрыемства вялікая рамесная выстава з сувенірамі і майстар-класамі. Увагу малечы прыцягвалі батут і гандлёвая кропка. Не было адбою ад жадаючых пракаціцца на возе, прыгожа прыбраным спецыяльна да фэсту.

Настрой гасцям і жыхарам аграгарадка стваралі работнікі ўстаноў культуры раёна. У іх выкананні прагучала нямала прыгожых песень пра хлеб, прыгажосць роднай зямлі, жыццё ў вёсцы. Гледачы не шкадавалі для артыстаў бурных апладысментаў.

Мерапрыемства атрымалася вясёлым, каларытным і па-свойму адметным. Пераможцаў конкурсаў адзначылі дыпломамі і прызамі, якія прадаставіла кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства “Галынка”. 

Усе гледачы пакідалі святочную пляцоўку з прыўзнятым настроем, выказваючы ўдзячнасць за цудоўна праведзены час. 

Такія святы спрыяюць папулярызацыі народных традыцый, – адзначыў старшыня Галынкаўскага сельвыканкама Дмітрый Сухалет. – Па-першае, яны нясуць людзям радасць і натхненне.  Па-другое, нагадваюць дзецям і моладзі пра мясцовыя абрады. Лічу, што менавіта праз брэндавыя мерапрыемствы і захоўваецца сувязь пакаленняў. Кожнай вёсцы патрэбны такія фэсты, каб на ўсё жыццё захаваць у сэрцах людзей цеплыню і прыемныя ўспаміны, звязаныя з роднымі мясцінамі. 

Тэрэза КАВАЛЕВІЧ

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!