Шумна, весела і звонка было на сельскагаспадарчым падворку
Шумна, весела і звонка было на сельскагаспадарчым падворку
Так можна ахарактарызаваць атмасферу кожнага імправізаванага дворыка, які падчас “Ганненскага кірмашу” размясціўся на адной з вуліц Зэльвы. Чаго толькі не прыдумалі гаспадары невялічкіх сядзіб, аформленых у стылі мясцовага каларыту?! А як жа інакш – госці павінны быць і сытымі, і задаволенымі.
Да сустрэчы з зэльвенцамі і іншаземнымі турыстамі ўдзельнікі традыцыйнага конкурсу на лепшы сельскагаспадарчы падворак сярод сельвыканкамаў і арганізацый АПК рыхтаваліся загаддзя. Вясёлыя песні ліліся з розных куточкаў.
Вабіў прыемны пах вясковых беларускіх страў і мучных вырабаў. Здалёк прыцягвалі ўвагу цікавыя рэчы даўніны.
Прычым, арганізатары пастараліся знайсці і захаваць тыя побытавыя прылады, якімі карысталіся нашы продкі ў быту, хатніх справах, на працы. Вельмі творча, каб цалкам перадаць менавіта традыцыі свайго мястэчка, падышлі да афармлення інсталяцыі. Так, напрыклад, хацелася дэтальна разглядзець падворак “Князеўскі” (філіял «Князева» і Крамяніцкі сельсавет), на якім было сабрана ўсё патрэбнае ў гаспадарцы.
На Цяглевіцкім падворку адразу ж узгадаліся словы Янкі Купалы “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”: так гарманічна спалучаліся прадстаўленыя кампазіцыі - плеценыя кашы, гліняны посуд і г.д.
Кухні сядзіб упрыгожвалі апетытныя каўбасы, тлустае сала і мясная вяндлінка. Так і “прасіліся” у рот стравы багатых сталоў: розныя выдрымусы з мяса і бульбы, мукі і гародніны. Дзякуй богу, славяцца зэльвенцы працавітасцю, вынікам якой з’яўляюцца багатыя ўраджаі.
Не адняць і шчодрасці ў гаспадароў падворка “Бародзіцкі” (сельгаспрадпрыемства «Бародзічы», Зэльвенскі сельсавет). Практычна з парога частавалі сваімі брэндавымі прысмакамі – мёдам і прысмакамі з яго. А якія ж кулінарныя вырабы прапанавалі пакаштаваць!
Елкаўчане, як заўжды, крэатыўна прадумалі, чым уразіць гасцей. Незвычайна і казачна накрылі стол са стравамі. Больш таго, усе дары прыроды і палёў вельмі цікава аздобілі. І нават прыдумалі варажбу на мяшочках, чым зацікавілі не аднаго госця свята. А вось Заманіха частавала адразу з парога. Навокал шмат прывабных зон, у тым ліку і фотазон.

Нягледзячы на водар і выгляд пачастункаў, журы і гледачы звярталі ўвагу на мастацкі і эстэтычны стыль “мястэчка”. Па ўсім было відаць – пашаны да спадчыны ні ў кога не адняць.
Старадаўнія беларускія традыцыі з улікам тэрытарыяльнага размяшчэння сталі галоўным атрыбутам практычна кожнай сялянскай хаты.: у кутку размяшчаўся абраз ці рушнік, на стале – каравай ці бохан хлеба.
Дарэчы, калі надышоў час наведвання падворкаў членамі журы, то многія гаспадары сустракалі паважаных гасцей хлебам з новага ўраджаю.
Калектывы, у склад якіх увайшлі работнікі ўстаноў культуры, моладзь і маладыя спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў, пазнаёмілі аматараў фальклору з мясцовымі абрадамі і легендамі, адметнасцямі свайго краю. Не абышлося і без пачастункаў, а таксама танцаў і песняў. Інакш не можа быць – беларускі народ умее працаваць, умее і адпачываць.
Цікавыя дзеі адбываліся, напрыклад, на падворку “Дзярэчынскі” (каля млына гасцей сустракалі цыгане). Гучным тэатралізаваным дзеяннем здзівіла талака цяглевіцскіх і дабрасялецкіх гаспадароў, а таксама князеўцаў, каралінцаў і міжэрыцскіх шчырых гаспадынь.
Таксама прываблівалі канцэртныя і гульнёвыя праграмы, майстар-класы, бяспройгрышныя латарэі. Дарэчы, з кожнага падворка можна было выйсці з сувенірам. За сімвалічную плату можна было нават выйграць жывую гусь, якую, як заўжды, выгадавалі князеўцы.
Забягаючы наперад, адзначым, што шчасліўчыкам стаў наш зямляк - Аляксандр Патаповіч, родам з вёскі Пасуцічы. На свята мужчына, які зараз жыве ў Гродна, прыехаў з сям'ёй:
- Вырашыў весела правесці выхадны дзень, каб захаваць памяць аб Ганненскім кірмашы. Цікавіўся падворкамі, бо гэта наша мясцовае, гісторыя і традыцыі. Канешне ж, паспрабаваў лёс у латарэю. З 30 прададзеных білетаў мой стаў шчаслівым. Гуську будзем клікаць "Зяльвяначка", так як набылі яе ў Зэльве.
Трэба сказаць, што жадаючых павесяліцца ды пажурыцца было дастаткова каля сынкаўчан, дзе ў лато можна было здабыць мяшок зерня.
Адзначым, што пры падвядзенні вынікаў згодна палажэння аб правядзенні конкурса вызначана некалькі намінацый. Імёны пераможцаў загучаць са сцэны цэнтральнай пляцоўкі.
Праз час былі падведзены вынікі. 1 месца прысуджана "Цяглевіцкаму падворку". Лепшае мастацкага афармленне на погляд журы было на "Галынкаўскім двары" (2 месца). Мясцовыя традыцыі каларытна перадалі прадстаўнікі Бародзіч (3 пазіцыя). Стравы адпавядалі тэматыцы мерапрыемства і былі смачнымі на "Міжэрыцскім падвор'і". А вось музычная прэзентацыя сынкаўчан уразіла больш за астатніх. Цалкам перадалі легенду свайго мястэчка і перамаглі ў намінацыі "Лепшая прэзентацыя" князяўцы.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!





















