Якой была Зэльвеншчына ў 17-19 стагоддзях? Навукоўцы з Мінска і Гродна дзеляцца пазнавальнымі гістарычнымі фактамі

Стала добрай традыцыяй напярэдадні Ганненскага кірмашу арганізоўваць навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя важным падзеям з жыцця нашага пасёлка і раёна. Сёлета тэмай абмеркавання навукоўцаў была “Гістарычная спадчына Зэльвы – погляд з сучаснасці”.

У канферэнцыі прынялі ўдзел вучоныя з Гродна і Мінска, краязнаўца з Ваўкавыска. Віталі гасцей старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянцін Семяняка і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Лойка.

– Мы не павінны забываць плён працы нашых продкаў, адкідаць вялікі пласт культурных традыцый, забываць мову дзядоў і прадзедаў. Усё гэта не страчвае актуальнасці і ў наш час. І вялікі дзякуй як вучоным, што адклікаюцца на нашы просьбы і радуюць нас новымі даследаваннямі, так і прысутным у зале нераўнадушным да сваёй спадчыны людзям, – адзначыў Валянцін Міхайлавіч.

А Сяргей Лойка коратка паведаміў пра работу школьных музеяў (асабліва пра “Светач” з СШ №3), якія шмат увагі ўдзяляюць краязнаўству і захаванню памяці пра людзей Зэльвеншчыны, пра падзеі, што адбываліся на нашай зямлі. Ён упэўнены, што ідэя старшыні раённага Савета дэпутатаў аб стварэнні раённага музея абавязкова будзе ўкаранёна ў раёне.

Зэльвенцы ў ХVІІ-ХІХ стагоддзях

Даўно і плённа распрацоўвае зэльвенскую тэматыку доктар гістарычных навук, прафесар кафедры філасофіі і паліталогіі Беларускага інстытута права-знаўства Сяргей Токць. Ён не раз ужо выступаў на нашых перад-святочных канферэнцыях з цікавымі паведамленнямі. Сёлета знаёміў прысутных з даследаваннямі па тэме “Сацыяльная тапа-графія і дэмаграфія мястэчка Зэльва ў ХVІІ-ХІХ стагоддзях”. Сяргей Міхайлавіч адразу адзначыў, што дакументаў выяўлена пакуль недастаткова. Найстарэйшым з’яўляецца “Подтверждение пану Юрию Ивановичу Иллиничу на две части имения на Зельве”, датаванае 21 верасня 1522 г. Юрый Іванавіч зрабіў абмен часткі Зэльвы на Івацэвічы са сваім родзічам Мікалаем Ілінічам з тым, каб уся Зэльва стала ўладаннем аднаго гаспадара. У гэтай дамове ёсць указанне толькі на колькасць зяльвян, якія перадаюцца ад аднаго ўладальніка да другога. Прозвішчы людзей не названы – толькі іх заняткі і становішча: чэлядзь, цяглыя, служэбныя, мяшчане.

А вось інвентар 1616 года ўжо прыводзіць назвы як зэльвенскіх вуліц, так і прозвішчы ўладальнікаў корчмаў. Усяго іх было 11. Сярод уладальнікаў – Шымко Аляксевіч, Томка Руды, Карп Скомат, Павел і Якуб Блашкевічы, Якаў Бакуновіч, Лаўрын Путрэша і іншыя. На рынку і трох вуліцах – Ваўкавыскай, Дворнай і Мяжэрыцкай – налічвалася 103 двары і больш за 500 жыхароў.

Інвентары 1631 і 1633 гадоў гавораць пра змены ў колькасці двароў (іх ужо 125) і тапаграфіі вуліц. Так, на месцы Мяжэрыцкай з’явілася Кушнерская і Заблоцкая, а вуліца Ваўкавыская “зліваецца з вуліцай ад рынку да двару”. Знаходзім тут як новыя прозвішчы зяльвян, так і іх заняткі: Фёдар Горбач – касцельны званар, Ян Сакалоўскі і Якуб Бабала – краўцы, Фёдар Нясцюк – півавар…

Інтрыгуе апісаннем зэльвенскага палаца інвентар 1757 года. Мураваны будынак, звернуты фасадам да горада. Двор прасторны. Каб трапіць сюды, трэба прайсці па новай плаціне, што выкапана праз балота. Мост забяспечаны парэнчамі і прыгожымі балясінамі. Лесвіца ў палац надзейная і прыгожая, зроблена з дрэва. А належыць палац Юзафу Кавалеўскаму. (Значыць, не толькі Сапегі маглі дазволіць сабе раскошу?!)

Цікава прасачыць за з’яўленнем у мястэчку новых вуліц і перайменаваннямі старых. У 1785 годзе з’явілася вуліца Царкоўная, а Мяжэрыцкая ў інвентары 1616-га Кушнерская і Заблоцкая і ў 1631-1633 гадах ператварыліся ў Слонімскую ды Ружанскую, Ваўкавыская ў 1616 і 1633 гадах у 1785 – ужо Гродзенская. Касцельная не мяняла сваёй назвы з 1633 г. да 1897 г., першага ўсесаюзнага перапісу, як і ўзнікшая ў 1785 годзе Царкоўная. У сувязі з адкрыццём у 1886 годзе чыгуначнай станцыі, перапіс 1897 г. зафіксаваў з’яўленне ў мястэчку Вакзальнага завулка.

Інвентар 1815 г. дае цікавае апісанне фальварка, нават уда-кладняе, што дарога да яго і вуліца абсаджаны вербамі. А тром узнікшым вуліцам яшчэ не паспелі даць назвы, таму яны проста “над выганам”, “за кафенгаўзам”, “у тыле над выганам”.

Шмат звестак пра жыхароў Зэльвы ў інвентары 1875 года. Побач з прозвішчам – род заняткаў. Шмат муляраў, што сведчыць пра рост жыхароў і ўзвядзенне новых дамоў. Гэта Юзаф Дарашкевіч, Габрыэль Чурыла, Пётр і Міхал Тукальскія, Ісідор Яхімовіч. Ёсць рымары, рыбакі, млынары, пахолкі (слугі). Францішак Янулевіч, Эльяш і Антон Ярмаловічы, Ежы Дашко, Францішак Пасінецкі запісалі сябе баярамі. (Як растлумачыў Сяргей Токць, гэта нешта пераходнае ад селяніна да шляхціча.)

Як бачым, цяжкі, але надзвычай цікавы шлях да пазнання нашай гісторыі.

Рэклама 100 таму?! Ды яшчэ якая

Іншы раз нам так дакучае тэлевізійная рэклама, што міжволі думаеш: жылі ж людзі без яе, і няблага! А ці жылі на самай справе?! І ці такая шкодная гэта рэч – рэклама?!

Сваім выступленнем кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Амелька даказаў: рэклама і была заўсёды, і запатрабавана была заўсёды. Больш таго: без яе абы-сціся проста немагчыма! А тое, што яна іншы раз крыклівая і дакучлівая – віна адказных за яе распаўсюджванне.

Дык якой жа была рэклама ў 20-30 гады мінулага стагоддзя?

Час быў вельмі складаны. Толькі што закончылася Першая сусветная вайна, людзі яшчэ не паспелі забыцца пра тыя велізарныя страты, што яна прынесла. Але жыццё брала сваё. Наладжвалася мірная прамысловасць, узнаўляліся шляхі зносін паміж мястэчкамі і гарадамі, выпускалася шмат бытавой тэхнікі. Расла колькасць пісьменных людзей, значыць, расла і колькасць спажыўцоў інфармацыі. Усё больш і больш выдаецца газет і часопісаў, і кожны выдавец стараецца задаволіць запыты падпісчыкаў. Улічваецца шматнацыянальны склад насельніцтва, і перыёдыка выходзіць як для палякаў, так і для беларусаў, літоўцаў, іншых народнасцей.

Насельніцтва на Крэсах Усходніх было нямала, працоўных месц не хапала. Сотні людзей шукалі сабе працу. Вось газеты і давалі аб’явы аб вакансіях. Больш таго, стараліся падтрымліваць надзею людзей на лепшую долю, давалі парады, як крызісныя сітуацыі пераўтварыць на карысць сабе, не апускаць рук у складаных сітуацыях. Жартоўнымі подпісамі да камічных малюнкаў сцвярджалі: без рэкламы чалавек трапляе ў такую ж непрыемную сітуацыю, як той, хто падае “з печы на лоб” (лобам уніз).

З’яўлялася ўсё больш грузавых і легкавых машын, людзі часцей адпраўляліся ў падарожжы. Патрэбна было ведаць расклад руху аўтобусаў, сетку сэрвісных устаноў, кошт іх паслуг і г.д. Напрыклад, у “Слонімскім штотыднёвіку” можна было знайсці расклад руху па маршруце “Слонім-Зэльва-Дзярэчын”, час прыбыцця аўтобуса ў Ярнева, Сынкавічы і іншыя вёскі. Веласіпедысты з нецярпеннем чакалі інфармацыі пра вельмі папулярны ў тыя часы маторны веласіпед “Нёман”. Падарожнікі ў больш аддаленыя мясціны шукалі звесткі пра рэстараны, кафэ, пра вы-творцаў мясцовай прадукцыі. Аматары піва спрачаліся, якія яго гатункі больш карысныя і прывабныя па цане і якасцях. (Рэкламы піва ў даваенных выданнях было вельмі шмат.)

Сяргей Амелька стараўся пазнаёміць прысутных з рэкламай, што найболей датычылася знаёмых нам мясцін. Ён адшукаў такі цікавы факт: непадалёку ад Слоніма ў 30-я гады арганізоў-ваўся чэмпіянат па лыжным спорце. Турыстычныя агенцтвы карысталіся гэтай нагодай, каб заклікаць людзей наведваць бліжэйшыя да Слоніма гістарычныя мясціны – Сынкавічы, Навагрудак, Нясвіж. А спартсмены нагадвалі, дзе можна навучыцца азам лыжнага спорту, дзе купіць ці ўзяць напракат лыжы. Або яшчэ: у 1927 годзе вельмі шырока рэкламавалася ў чатырох ваяводствах Польшчы выстава тавараў слонімскіх і зэльвенскіх майстроў, на якой дэманстраваліся і прадаваліся абрусы, ручнікі, вышыванкі, ходнікі, кілімы і іншая прадукцыя.

Па тэме свайго выступлення Сяргей Уладзіміравіч падрыхтаваў шэраг цікавых відэаматэрыялаў. Іх дапамагала прадэманстраваць інжынер-сістэматэхнік раённай бібліятэкі Надзея Лагунова.

Прысутныя маглі пазнаёміцца не толькі з таварамі ці паслугамі, якія рэкламаваліся, але і з папулярнымі ў тыя гады людзьмі, якія згаджаліся рэкламаваць той ці іншы тавар. Са здзіўленнем даведаліся, што знакаміты “Persil” быў знаёмы і людзям міжваеннага часу. Ацанілі знаходку вы-творцаў, што наймалі людзей, якіх апраналі ў спецыяльныя касцюмы-тавар, і тады на вуліцы можна было сустрэць… новы гатунак мыла, крэма ці парфумы і павітацца з імі за руку.

Метамарфозы адміністрацыйна-тэрытарыяльных дзяленняў

Прадстаўляючы чарговага выступоўцу, дырэктар раённай бібліятэкі Святлана Жамойціна падкрэсліла, што ўпершыню ў нашай перадсвяточнай канферэнцыі прымае ўдзел ураджэнец Зэльвеншчыны – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Валянцін Мазец. А сам Валянцін Генрыхавіч пачаў выступленне з пытання:

– Ці ёсць у слухачоў прыклады, калі ў членаў адной сям’і месцы нараджэння ў пашпартах розныя, хоць фактычна яны аднолькавыя?

Сабраныя ў зале пацвердзілі, што такія прыклады ёсць. Вучоны ўсміхнуўся і рэзюмаваў:

– Мы з братам нарадзіліся ў Станелевічах, але адзін – у Зэльвенскім раёне, а другі – у Ваўкавыскім. Усё гэта вынік тых метамарфозаў з дзяленнем-узбуйненнем раёнаў, што адбываліся ў рэспубліцы ў розныя гады ХХ стагоддзя. Пра гэта я і пастараюся расказаць.

Зэльва стала райцэнтрам яшчэ ў 1940 перадваенным годзе. Пасля вайны статус раённага гарадка захаваўся. Праўда, людзей пасля фашысцкага кіравання стала менш (у 1940-м было трохі больш за 50 тысяч, а ў 1944-м – каля 41,5 тысячы чалавек). І хоць страты былі значнымі, але рабочых рук хапала. Нават частку людзей мабілізавалі на шахты Данбаса ды новабудоўлі рэспублікі.

Да сярэдзіны 50-х гадоў узбуйнялі ў асноўным калгасы, а з 1956 г. пачалося ўзбуйненне раёнаў. Усяго ў перыяд з 1956 па 1961 гг. было скасавана 44 раёны. Перастаў існаваць і Зэльвенскі. Частка яго перайшла да Ваўкавыскага, частка – да Мастоўскага, частка – да Слонімскага раёнаў Гродзенскай вобласці, а частка – да Ружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

Пасля візіта кіраўніка СССР Мікіты Хрушчова ў ЗША была спроба праз тэрытарыяльныя ўпраўленні па кіраванні сельскай гаспадаркай палепшыць якасць работы ў гэтай галіне. Планавалася, што больш дасведчаныя ў справах сялян людзі ўзначаляць не толькі раённыя звенні, але і асабістым прыкладам пакажуць, як трэба гаспадарыць на зямлі. Больш за дзве тысячы раённых кіраўнікоў павінны былі стаць старшынямі калгасаў, дырэктарамі саўгасаў, загадчыкамі вы-творчых участкаў і фермаў. Аднак на практыцы ідыліі не атрымалася: толькі 226 чалавек адгукнуліся на заклік партыі, пераехалі ў сельскую мясцовасць. Больш за 1700 чалавек знайшлі сабе менш адказную працу.

Не атрымалася добрага выніку ні з тэрытарыяльнымі ўпраўленнямі, ні з узбуйненымі раёнамі. У сярэдзіне 60-х гадоў усё часцей сталі гучаць заклікі вярнуць усё на ранейшае месца. (Некаторыя нават прапаноўвалі дадаць 23 раёны.) Чарговыя рэарганізацыі адбываліся ў 1965-1966 гадах. Зэльвенскі раён быў адноўлены 30 ліпеня 1966 года. Плошчы сваёй не страціў, дастаткова было і жыхароў – больш за 44 тысячы чалавек. Праўда, не ўсё засталося ў межах 1961 года, але асноўная частка Зэльвеншчыны, яе касцяк, захавалася.

Цярністы шлях зэльвенскай жамчужыны

Сёння зэльвенскі касцёл Святой Тройцы заслужана лічыцца жамчужынай нашага краю. Але не ўсе ведаюць, які цярністы шлях прайшоў ён за 100 гадоў свайго існавання. Ваўкавыскі краязнаўца Мікалай Быхаўцоў нядаўна выдаў кнігу “Гісторыя касцёла на Ваўкавышчыне”, і ў ёй ёсць нарысы пра некалькі святынь нашага раёна. На канферэнцыі аўтар пазнаёміў слухачоў менавіта з гісторыяй зэльвенскага касцёла.

Мікалай Іванавіч расказаў пра некалькі будынкаў каталіцкіх храмаў. Мы ж нагадаем толькі гісторыю апошняга, які ў 2013 годзе адзначыў векавы юбілей.

У Зэльве касцёл не дзейнічаў сорак гадоў, з 1866 г., калі царскі ўрад, абвінаваціўшы мясцовага ксяндза ў спачуванні паўстанцам 1863 года, забараніў службы, а недабудаваны нашчадкамі мураваны касцёл “на горцы” перадаў праваслаўным. І толькі пасля падзей 1905 года цар выдаў указ аб верацярпімасці, што дазволіла католікам змагацца ці за вяртанне недабудаванага касцёла, ці будоўлю новага. З вяртаннем касцёла “на горцы” нічога не атрымалася. Пачалі дабівацца дазволу на новабудоўлю. Шмат было прашэнняў, хаджэнняў, перапіскі паміж Гродзенскім губернскім праўленнем, Віленскай кансісторыяй і Ваўкавыскім дэканатам. Быў створаны з вернікаў будаўнічы камітэт, каб мець права збіраць сродкі на будоўлю.

У канцы 1905 года складзены план і каштарыс на амаль 20 тысяч рублёў. Атрыманы дазвол на пабудову часовай каплічкі на рынку, куды па нядзелях і святах прыязджаў адпраўляць службу крамяніцкі ксёндз Галаўня.

У канцы 1906 года нарэшце прыбыў свой святар – Людвіг Клюк. Некаторыя вернікі запатрабавалі ад яго ўзнавіць змаганне за недабудаваны касцёл. Параіўшыся з адвакатамі, Клюк зразумеў бессэнсоўнасць траты грошай на судовыя спрэчкі, пачаў актыўную работу на новабудоўлі. Каб зменшыць яе кошт, трэба было зменшыць памеры касцёла. За работу ўзяўся варшаўскі архітэктар Дзяконскі. У верасні 1909 года Людвіг Клюк залажыў першы камень пад новы касцёл. На цагляным заво-дзе Сліазберга ў Ваўкавыску закупілі 200 тысяч штук цэглы, дамовіліся з уладальнікам лесу на нарыхтоўку патрэбнай колькасці драўніны.

У 1910 годзе ад Клюка прыняў справы новы ксёндз-беларус Ян Жыткевіч. 27 чэрвеня гэтага ж года вуглавы камень фундаменту асвяціў віленскі дэкан Антон Чарняўскі. З гэтай нагоды была наладжана ўрачыстасць, на якой прысутнічалі католікі і з суседніх парафій (ксёндз нават запрасіў з Гродна аркестр, за што атрымаў ад уладаў штраф у 100 рублёў).

Грошай катастрафічна не хапала, і Жыткевіч просіць Вілен-скую кансісторыю аб фінансавай дапамозе. Сродкаў не знайшлося, таму будаўніцтва ішло вельмі марудна. Восенню 1910 года ўзвядзенне касцёла прыпынілася, і толькі летам 1912 года ўзвялі сцены і паклалі бэлькі. Доўга не зацвярджалі новы праект, ксёндз пасылаў і тэлеграмы, і давераных асоб, і сам стукаўся ва ўсе дзверы, каб як найхутчэй закончыць будаўніцтва.

Пра тое, якім напружаным для Жыткевіча і вернікаў быў той час, гаворыць такі факт: 25 красавіка 1913 года ксёндз атрымлівае ад гродзенскага губернатара зацверджаны новы план, а ўжо праз 4 месяцы, 26 жніўня, падае рапарт у Віленскую кансісторыю аб заканчэнні будоўлі. Акт аб прыняцці касцёла быў падпісаны архітэктарам Храсціцкім з Гродна і пробашчам Крамяніцкага касцёла 19 верасня 1913 года. Асвечаны касцёл як парафіяльны пад тытулам Святой Тройцы быў 29 кастрычніка віленскім дэканам Чарняў-
скім.

Доўга яшчэ ксёндз і вернікі разлічваліся за даўгі, вялі ўнутраныя работы, аздаблялі інтэр’ер. Дзякуй Богу, што ён не панёс страт у Першую сусветную вайну і доўга служыў людзям. Не быў зачынены і ў Другую сусветную.

Пасля 40 гадоў забароны дзейнасці ў 50-60 гады ХХ стагоддзя касцёл зноў пачаў дзейнічаць у 1989 годзе. І яго сённяшняя гісторыя ўжо знаёма ўсім зэльвенцам, як і прызнанне яго ў 2009 годзе гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі.

Яніна ШМАТКО

 

Вам может быть интересно
5 комментариев
  1. Илона says

    Не знала, что раньше в Зельве был дворец

  2. Hamster says

    А чаму Мяжэцыркі, калі Міжэрычы?

  3. Алена says

    З такімі звесткамі варта не толькі пазнаёміцца, але захаваць іх для нашчадкаў.

  4. Алла says

    Я вот тоже всю жизнь живу в Коневцах Кремяницкого сельсовета. Никуда не уезжала. Но по документам родилась в Волковысском районе.

  5. Надежда says

    А вот у меня вопросов не возникло. Сведения исторические. Значит и названия переданы так, как писались в то время.

Reply To Илона

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.