Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна Лявонцій Харужык аб незабыўных і дарагіх яму гадах і людзях

 

Пры напісанні нарыса пра Ганаровага грамадзяніна Зэльвеншчыны Л.І.Харужыка мелася недастаткова звестак пра яго біяграфію. Пагэтаму распачалі журналісцкае расследаванне пра зэльвенскую старонку жыцця Лявонція Іванавіча. Адштурхнуліся ад першага імені, якое назваў рэдактару Харужык у тэлефоннай размове. А згадаў ён пра калегу па камсамольскай рабоце Марыю Паўлаўну Заяц. З яе і пачалося збірацца “дасье” на вядомага ў рэспубліцы чалавека, лёс якога цесна пераплёўся з лёсамі многіх жыхароў Зэльвенскага раёна.
Нітачка ад Марыі Паўлаўны прывяла да А.А.Тачонага і падшыўкі “Працы” за 2003 год, ад гэтых крыніц – да М.І.Януля, І.М.Матаха і В.І.Будрэвіча, ад Віктара Іосіфавіча – да жыхароў Угрыні.

А з далейшых адказаў Харужыка на тэлефонныя пытанні рэдактара са здзіўленнем даведаліся, што вядомы і паважаны ўсімі зэльвенцамі айцец Арсеній з Сынкавіцкага храма быў… вучнем Лявонція Іванавіча падчас яго працы ў Жыровіцкім саўгастэхнікуме. З усімі названымі людзьмі мы сустрэліся, і вось што яны нам расказалі.

Пачатак працоўнай біяграфіі
Калгас імя Гагарына нашага раёна стаў першым месцам працы выпускніка Жыровіцкага саўгастэхнікума Лёні Харужыка. З вялікай цеплынёй згадвае ён 70-я гады мінулага стагоддзя, усіх, з кім давялося сустракацца. Жартуе: “Можа, гэта “последствия романтического возраста”, але ўсё, што адбывалася тады ў маім жыцці, здаецца самым лепшым, самым цудоўным”. У калгасе добрым дарадцай быў старшыня В.І.Будрэвіч, у сельгасупраўлен-ні – А.А.Тачоны, у сям’і Юргеляў з Угрыні, дзе кватараваў, – сама гаспадыня і яе сын, механізатар Барыс. “Механізатарам ад Бога” лічыць гаспадара Т-42 Л.І.Харужык. Хлопец утрымліваў свайго жалезнага сябра ў ідэальным стане, так што прэтэнзій да яго ў адказнага за тэхніку бяспекі (Харужык тады займаў гэтую пасаду) і быць не магло. Ды і іншыя калгаснікі з разуменнем ставіліся да патрабаванняў маладога спецыяліста. А што, заўвагі Лявонцій даваў вельмі карэктна. Людзі адчувалі павагу да сябе і без лішніх слоў выпраўлялі недахопы. А ўжо з моладдзю Лявонцій наладзіў кантакт увогуле адмысловы. Маладыя калгаснікі і калгасніцы жылі весела, дружна, ніколі не адмаўляліся ад суботнікаў, на якіх маглі зарабіць на апаратуру для клуба ці на экскурсію ў тэатр. Сёння Лявонцій Іванавіч нават колькасць тагачасных камсамольцаў калгаса памятае – 32 чалавекі. Ён стаў іх нефармальным лідарам. Пра гэта ведалі і ў калгасе, і ў райкаме камсамола, таму неўзабаве прапанавалі ўзначаліць арганізацыйны аддзел РК камсамола. Тым болей што да гэтага часу ён ужо паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. На жаль, нядоўга працаваў у райкаме Лявонцій Іванавіч: па сямейных абставінах вымушаны быў вярнуцца на радзіму, у Жыровічы. Але знаёмства з М.П.Заяц, В.Д.Зянько, В.М.Белянко і іншымі хлопцамі і дзяўчатамі Зэльвы было настолькі плённым, што і гэты перыяд зэльвенскага жыцця застаўся ў памяці.

Жыровічы як стартавая пляцоўка для прафесійнага росту
У родных Жыровічах Л.І.Харужык пайшоў на працу ў сваю альма-матар – саўгастэхнікум. Прайшоў усе ступені кар’ернай лесвіцы: ад лабаранта да намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Сведка гэтага перыяду жыцця – айцец Арсеній Ананка – гаворыць: “Быў Лявонцій Іванавіч вельмі строгім настаўнікам, але інтарэсы студэнтаў адстойваў заўсёды. Вучыў нас сваім прыкладам, сумленным стаўленнем да абавязкаў, прынцыповасцю, самакрытычнасцю, інтэлігентнасцю”. Студэнт Ананка добра запомніў Харужыка, бо быў старастай вялікай групы і нярэдка звяртаўся да Лявонція Іванавіча за парадай. Праблем хапала, як заўсёды ў маладым калектыве: то “хвост” у некага, то пропуск заняткаў, то хвароба самога студэнта або яго блізкіх. Усе пытанні намеснік дырэктара вырашаў спакойна, кампетэнтна, без пагроз і скандалаў.

Дзесяць гадоў працы ў родных Жыровічах былі вельмі важным этапам у жыцці Харужыка. І не толькі ў прафесійным сэнсе. Тут ён стаў сямейным чалавекам, адказным за лёс жонкі і сына.

Праца ў сталіцы іпасільная дапамога зэльвенцам
У сталіцы Лявонцій Іванавіч працаваў падоўгу і ў Рэспубліканскай інспекцыі катланагляду ў сельскай гаспадарцы, і выканаўчым дырэктарам Беларускай рэспубліканскай асацыяцыі спецыялістаў па ахове працы, і першым намеснікам кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Гэта былі няпростыя, у многім вызначальныя для рэспублікі гады: перабудова ў вялікім саюзным доме, развал гэтага дома і вызначэнне свайго месца ў свеце, адстойванне нацыянальных інтарэсаў. Не забудзем, што ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў пачалося адраджэнне рэлігійнага жыцця. Вернікі Сынкавіцкага храма ўзнавілі прыход, але не мелі свайго святара. Мінская духоўная семінарыя была нанава адкрыта толькі ў 1989 годзе, святароў катастрафічна не хапала. І вось у 1994 годзе адбылося спатканне былых настаўніка і вучня Харужыка і Ананкі, якое моцна паў-плывала на лёс Сынкавіцкай святыні. Арсеній Ананка ў гэты час становіцца студэнтам духоўнай семінарыі, а Лявонцій Харужык – першым намеснікам кіраўніка спраў Прэзідэнта. Ананка добра ведаў стан цэркваў, асабліва Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў, Харужык атрымліваў шмат пісем з розных прыходаў і таксама арыентаваўся ў іх праблемах. Таму калі Ананка атрымаў адпаведную адукацыю, прыход і стаў у хуткім часе памочнікам рэктара семінарыі, абодва яны былі гатовы да супрацоўніцтва. А калі ў 2004-м Ананка быў прызначаны настаяцелем Сынкавіцкай царквы і пачаў рыхтаваць святыню да 600-годдзя, без дапамогі Харужыка абысціся не мог. Выявіўшы многа невядомых да той пары абставін узнікнення храма, Ананка зацікавіў гэтым Харужыка, а Лявонцій Іванавіч – Прэзідэнта. Таму пісьмы-просьбы прыхаджан траплялі на добрую глебу. Старажытнаму храму была аказана матэрыяльная дапамога. Як лічаць многія зэльвенцы, ужо толькі гэты факт падтрымкі Харужыкам зэльвенскай жамчужыны заслугоўвае самай высокай пашаны і ўзнагароды. Але гэта – не ўся падтрымка зэльвенцаў з боку Харужыка. Была ж яшчэ шматпакутная станцыя абезжалезвання “Бярэжкі”!

Удзячнасць за чыстую ваду
Станцыю абезжалезвання для Зэльвы пачалі будаваць, калі яшчэ існаваў СССР, і фінансаванне не было праблемай для выканаўцаў праекта. Але вось будоўлю “замарозілі”. Спробы вырашыць “водную праблему” сваімі сіламі і сродкамі не прынеслі ніякіх вынікаў. Намеснік старшыні райвыканкама М.І.Януль не траціў надзеі на вырашэнне балючай для зэльвенцаў праблемы – чыстай пітной вады. І калі даведаўся, што ў Мастах пачалося будаўніцтва аналагічнай з нашай ачышчальнай станцыі, вырашыў, што рызыкаваць – справа высакародная, і без папярэдняга запісу паехаў у… Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Верыў, што Лявонцій Іванавіч зэльвенцаў выслухае. Так яно і адбылося. Выслухаў, зразумеў і ўключыў наш раён у лік першачарговых на завяршэнне даўгабуда – станцыі абезжалезвання “Бярэжкі”. І нават падказаў Мікалаю Іванавічу людзей, якія могуць выканаць праект найбольш якасна і ў кароткія тэрміны. Вядома, нямала давялося патраціць сіл і здароўя, сродкаў абласной і раённай прыродаахоўным інспекцыям, зладжанай працы ўсіх службаў, каб запусціць станцыю. Але ўжо тое, што Міністэрства ўзяло на кантроль будаўніцтва, выдзеліла сродкі на навейшае абсталяванне, рэгулярна цікавілася ходам работ, вельмі паскорыла працу на аб’екце. А калі Лявонцій Іванавіч у верасні 2003 года прыехаў на сустрэчу з жыхарамі раёна, ён наведаў і станцыю “Бярэжкі”. Дэталёва ўнікнуўшы ў сітуацыю, паабяцаў выдзеліць дадатковыя сродкі, каб станцыя запрацавала найхутчэй. Як успамінае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І.М.Матах, на кожнай калегіі Харужык цікавіўся ходам спраў як на станцыі абезжалезвання, так і ўвогуле экалагічнай сітуацыяй у раёне. У тыя гады ішла інтэнсіўная ліквідацыя старых аб’ектаў у калгасах, і гэта таксама кантралявалася Міністэрствам. Выдзяляліся вялікія сродкі на будаўніцтва новага палігона для адходаў, граматнага захавання старых прамысловых аб’ектаў.

                           Прыём жыхароў раёна вядзе міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Лявонцій ХАРУЖЫК. Праца, 2003 г.

Нялішне нагадаць, што пасля ўводу ў эксплуатацыю водазабора “Бярэжкі” са станцыяй абезжалезвання наяўнасць жалеза ў нашай вадзе зменшылася ў 10 разоў! А яшчэ такі факт: падобныя да “Бярэжкаў” аб’екты меліся на той час толькі ў сямі раёнах з сямнаццаці. Так што прапанова старшыні Зэльвенскага райвыканкама Л.У.Эльяшэвіча да 750-годдзя Зэльвы (у 2008 годзе) прысвоіць Л.І.Харужыку званне Ганаровага грамадзяніна раёна, была падтрымана ўсімі членамі заканадаўчай і выканаўчай улад.

Сувязі не губляюцца
Зараз Лявонцій Харужык на пенсіі. Ёсць час наведаць знаёмыя з дзяцінства і юнацтва мясціны, убачыцца з дарагімі сэрцу людзьмі. Калі з сям’ёй ці сябрамі едзе ў Жыровічы, то абавязкова загляне і на Зэльвеншчыну. І ў першую чаргу – у Сынкавіцкі храм. З дзяцінства бацька-святар даў прыклад глыбокай веры, і Лявонцій Іванавіч ніколі не здраджваў Божым запаветам. Стараецца сустрэцца з жыхарамі Угрыні, падзякаваць Барысу Іосіфавічу Юргелю і яго сям’і за цёплыя адносіны да яго ў далёкія 70-я гады.

                                                      Сустрэча Л.І.Харужыка з жыхарамі в. Угрынь. Праца, 2003 г.

Пазвоніць да Марыі Паўлаўны Заяц, распытае, як жывуць былыя камсамольцы Зэльвеншчыны. Пацікавіцца ў земляка Аляксея Аляксандравіча Тачонага, хто зараз працуе ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і як ідуць там справы. Гады працы ў Зэльве засталіся ў памяці адной з самых светлых старонак у жыцці. І не толькі для Лявонція Іванавіча. Для знаёмых яму зэльвенцаў – таксама. А ад усіх жыхароў раёна – нізкі паклон за Сынковіцкі храм і чыстую пітную ваду.

Яніна ШМАТКО

Вам может быть интересно
1 комментарий
  1. Николай says

    Не зря говорят: человек славен добрыми делами

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.