Праект «Люблю мой край – старонку гэту» стартаваў у газеце «Праца»

У новым праекце «Люблю мой край – старонку гэту…», які аб’явіла газета “Праца” ў Год малой радзімы, мы раскажам аб знакамітых людзях, праславіўшых Зэльвеншчыну. Заклікаем чытачоў далучыцца да нашай ідэі і дасылаць нам звесткі пра вядомых землякоў. Упэўнены, што наша малая ра-дзіма ўзрасціла і выхавала шмат дастойных, таленавітых і добразычлівых людзей, якія ўносяць значны ўклад у развіццё і пра-цвітанне роднай Беларусі. Пішыце, званіце, рады кожнай сустрэчы з вамі!  

Ганаровы грамадзянін сваёй зямлі

На Зэльвеншчыне нарадзілася шмат таленавітых людзей, якія праславілі нашу зямлю далёка за яе межамі. І першы, пра каго хочацца ўзгадаць у нашым спецыяльным праекце “Люблю мой край – старонку гэту…”, – таленавіты паэт, песеннік, уладальнік медаля Францыска Скарыны Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна Уладзімір Мінавіч Мазго. –Уладзімір Мінавіч, раскажыце нашым чытачам пра свае першыя спробы пяра і пра тое, калі прозвішча Мазго загучала на літаратурнай ніве? – Як ні сціпла гэта будзе гаварыць, але паэзію адчуў з маленства. Недзе ў 1971–1972 гадах я пачаў друкавацца ў раённай газеце “Праца”. Спачатку гэта былі кароценькія заметкі, замалёўкі са школьнага жыцця. Трохі пазней – вершы. У старэйшых класах свае паэтычныя радкі дасылаў у “Гродзенскую праўду”, “Чырвоную змену”, “Знамя юности”, часопіс “Бярозка”. Дзесяці-класнікам дэбютаваў у салідных літаратурных выданнях Беларусі – часопісе “Маладосць” і штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, выступаў на рэспубліканскім радыё, абласным тэлебачанні. Больш за ўсё мне запомніўся снежань 1975 года, калі я прадстаўляў родную Зэльвеншчыну на Рэспубліканскім семінары-нарадзе кіраўнікоў літаратурных аб’яднанняў у Мінску – адзіны школьнік з усёй Беларусі. – З Зэльвеншчынай звязаны лёс многіх вядомых людзей. Але сярод іх зусім мала тых, каму было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна”. Менавіта дзякуючы Вашай актыўнай літаратурнай дзейнасці пра Зэльву даведаліся ў многіх гарадах і нават у сталіцы. Як Вам удалося ўзгадаць пра маленькі край у маштабе краіны і зацікавіць нашай гісторыяй беларусаў? – Мае творы аб малой радзіме друкаваліся не толькі ў мінскіх выданнях, але і ў маскоўскіх, санкт-пецярбургскіх, калінінградскіх. Гісторыя нашага краю настолькі багатая і цікавая, што проста грэх, каб яе не ведалі ў суседніх краінах. Дарэчы, пра гэта расказвае і мая кніга “Адвечныя скарбы Радзімы”, многія старонкі якой прысвечаны роднай Зэльве. – Як намесніку галоўнага рэдактара рускамоўнага часопіса “Нёман” Вам удалося на яго старонках расказаць аб гісторыі бацькаўшчыны… – У дванаццатым нумары часопіса “Нёман” за 2017 год надрукаваны мой краязнаўчы нарыс пад назвай “Мой зялёны гарадок. Зэльва і зэльвенцы”. Хачу яшчэ сказаць і аб тым, што ў сакавіцкім нумары часопіса “Полымя” ў гэтым годзе друкуюцца мае лірычныя мініяцюры “Знічкі вечнасці”, дзе таксама нямала згадак пра малую радзіму. Так што раю выпісваць і чытаць гэтыя выданні. – Ваша літаратурная дзейнасць, безумоўна, заслугоўвае самай высокай адзнакі зэльвенцаў. Але ў землякоў ёсць яшчэ не менш важная нагода быць Вам удзячнымі – гэта штогадовае свята “Сакавіны”, арганізатарам якого Вы з’яўляецеся. А што “Сакавіны” значаць для Вас? – Для мяне – гэта свята душы, дзе радасць вершамі разліта на роднай мове сакавітай. Гэтым сказана ўсё… Аналага “Зэльвенскім Сакавінам”, наколькі я ведаю, у Беларусі не існуе. Прынамсі, пра гэта гавораць і многія госці свята. За дваццаць гадоў дзякуючы святу зэльвенцы адкрылі для сябе шмат зорных імёнаў. У розныя гады ўдзел у “Сакавінах” прымалі лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі Генадзь Пашкоў, Мікола Мятліцкі, Алесь Марціновіч, Уладзімір Саламаха, народны артыст Беларусі Якаў Навуменка, заслужаны дзеяч мастацтваў Алег Елісеенкаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Дзмітрый Качароўскі, заслужаны дзеяч культуры Зіновій Прыгодзіч, лаўрэаты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікола Маляўка і Віктар Шніп, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Міхась Пазнякоў, доктар філалагічных навук, лаўрэат прэміі “Зоркі садружнасці” Іван Саверчанка і шмат-шмат іншых цудоўных пісьменнікаў і арты-стаў. Па водгуках нашых гасцей, ім найболей запалі ў душу шчырасць і гасціннасць зэльвенцаў. А зачаравалі іх сваёй прыгажосцю зэльвенскае вадасховішча і царква-крэпасць у Сынкавічах. – Якія далейшыя планы наконт таго, каб мерапрыемства не засталося старонкай у гісторыі і доўгі час радавала нас? – На першых кроках літаратурнай імпрэзы важкую падтрымку ў арганізацыйных пытаннях мне аказалі тагачасныя загадчык бібліятэкі СШ №2 Яніна Шматко і дырэктар школы Юрый Лізуноў. Сягоння “Сакавіны” нельга ўявіць без удзелу работнікаў раённай бібліятэкі, без увагі прадстаўнікоў райвыканкама ў асобах намесніка старшыні Валянціна Семянякі і загадчыка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіны Раманчук. Вялікі дзякуй ім за шчыры клопат аб развіцці беларускай культуры. Гэта сапраўдныя майстры сваёй справы, супрацоўнічаць з якімі вельмі прыемна. – З кім плануеце пазнаёміць зэльвенцаў у гэтым годзе? – 2018 год у Беларусі аб’яўлены Годам МАлой Радзімы. СёлеТА спаўняецца 760 год з першага ўзгадвання Зэльвы ў Іпацьеўскім летапісе. Падзеі, як бачыце, вельмі значныя. Наша рака Зальвянка спяшае да Нёмана. Таму было б добра, каб і “Нёман” наведаў Зэльву. Я маю на ўвазе рэспубліканскі літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс, што ўваходзіць у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”, якую, дарэчы, узначальвае былы рэдактар “Гродзенскай праўды” Павел Сухарукаў. Нягледзячы на тое, што свята паэзіі і музыкі адлічвае ўжо трэці дзясятак, кожная новая сустрэча з землякамі асабіста для мяне з’яўляецца хвалюючай і незабыўнай, быццам першая. – Над чым зараз працуе Уладзімір Мазго як паэт і песеннік? Якія ў Вас планы на будучае? – Не люблю, калі паэтаў называюць песеннікамі, быццам гэта прыніжае іхнія вартасці. Калі яны паэты, то гэта – галоўнае. А ўдакладненне – лірык, філосаф ці песеннік – выглядае другарадным. Што датычыцца планаў… Як кажуць, раскажы пра свае планы – і рассмяшы гэтым Бога. Пра творчыя задумы можна гаварыць, калі яны ўжо ажыццявіліся. Інакш могуць не збыцца. Гэта не толькі мая выснова. – На Ваш погляд, у век новых тэхналогій інтэрнэт-сайты не выціснуць друкаванае слова, у тым ліку паэтычнае? – Новыя тэхналогіі развіваюцца вельмі імкліва. Прадугадаць, што будзе ў далейшым, чалавеку складана. Але паэтычнае слова, безумоўна, застанецца. А вось у якой форме – адкажа толькі час. – У адным са сваіх твораў Вы пішаце “У кожным вершы крылы ёсць,/ Што над зямлёй цябе ўздымаюць./ І сталасць тут, /і маладосць/ Іспыт аднолькавы трымаюць./ Адчуеш дотык лёгкіх крыл/ Да белых аркушаў аблокаў,/ Дзе толькі ты і небасхіл / Святой паэзіі высокай…” Адкуль бярэ пачатак палёт вашых думак? – Любімых месц, дзе напаўняецца душа радасцю, вельмі шмат. У Мінску, да прыкладу, парк імя Янкі Купалы, Лошыцкі парк, Траецкае прадмесце. На Зэльвеншчыне – родная Зальвянка, а царква-крэпасць у Сынкавічах – гэта проста мастацкі шэдэўр. Безліч любімых твораў і ў паэзіі, і ў прозе, і ў дзіцячай літаратуры, і ў песенным жанры. Але, самае галоўнае, лічу, што трэба самааддана любіць сваю малую радзіму, ганарыцца ёю і рабіць усё магчымае для яе далейшага росквіту. Людміла ПОПКА
Вам может быть интересно
1 комментарий
  1. Анна Ивановна says

    проект интересный. Самое главное: сколько мы сможем узнать о выходцах из Зельвенского района, именами которых мы гордимся

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.