Эсэ высокага прызвання

000022_4168158165FF254843257ED100499073_127548 Напярэдадні Дня настаўніка ў Беларусі праводзяцца шмат-лікія прафесійныя конкурсы на самых розных узроўнях.  Прыемная навіна прыйшла з Мінска ў пачатку кастрычніка: пераможцам аднаго з  творчых конкурсаў – “Мая Беларусь” для маладых педагогаў, які праводзіўся Міністэрствам адукацыі, БЕЛТА, газетай “7 Дней”, стала наша зямлячка, Вераніка Лукашэвіч (на здымку).  Вераніка Дзмітрыеўна родам з аграгарадка Цяглевічы, пасля заканчэння Гродзенскага  дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і магістратуры пры ім працавала настаўнікам фізікі і інфарматыкі  ў сваёй роднай школе. З гэтага навучальнага года яна настаўнічае ў сталічнай гімназіі №33. Па ўмовах конкурсу маладыя настаўнікі павінны былі ў сваіх эсэ расказаць пра нашу радзіму. Як адзначалі падчас цырымоніі ўрачыстага ўзнагароджвання члены журы, выбраць лепшыя работы з больш чым 200 было вельмі складана: сачыненні атрымаліся вельмі душэўнымі, вельмі шчырымі. Маладыя настаўнікі прызнаваліся ў любові да сваёй краіны, сваёй малой радзімы, да сям’і, да людзей, якія натхняюць іх на шляху выкладання і настаўніцтва. Работа Веранікі Лукашэвіч напісана на роднай мове. І гэта невыпадкова: Беларусь асацыіруецца ў яе з роднай беларускай мовай. Ды і мама Веранікі, Таццяна Паўлаўна Латош – настаўніца беларускай мовы і літаратуры, дырэктар Цяглевіцкага дз/с-СШ– выхоўвала ў сваіх дзяцей павагу да роднага слова, з дзяцінства прывівала ім любоў да чытання твораў беларускіх пісьменнікаў. Вераніка яшчэ ў школьныя гады станавілася пераможцай конкурсаў чытальнікаў вершаў, цікавілася гісторыяй сваёй малой радзімы, сваёй сям’і. Тэма патрыятызму, грамадзянскасці, гістарычнай памяці, духоўных пошукаў праходзіць праз усю яе творчую работу, і гэта не можа не натхняць. Немалаважна, каб словы маладой настаўніцы знайшлі водгук і ў яе вучняў. Як адзначыла сама Вераніка, у час напісання работы яе натхнялі, дапамагалі пяцікласнікі, у якіх яна з’яўляецца класным кіраўніком. Разам яны вывучаюць гісторыю Мінска, знаёмяцца з яго архітэктурнымі помнікамі, культавымі пабудовамі. Задача, якую ставіць перад сабой Вераніка Дзмітрыеўна – навучыць дзяцей любіць Беларусь, шанаваць родную мову, паважліва ставіцца да нашай гісторыі. Адным словам, спрыяць таму, каб яны выраслі патрыётамі сваёй краіны, цанілі мір на нашай зямлі, помнілі сваіх продкаў, захоўвалі традыцыі і ўпэўнена рухаліся ў будучыню – усяму таму, чаму яе саму калісьці вучылі яе Настаўнікі.

Калі я думаю пра Беларусь

Калі я думаю пра Беларусь, душа мая напаўняецца гармоніяй. Кожны чалавек марыць пра шчасце, але не ўсе разумеюць, што шчасце трэба шукаць не ў матэрыяльным, а ў духоўным свеце. Менавіта ў гармоніі, у духоўнай раўнавазе і заключаецца сапраўднае шчасце. Дастаецца такое шчасце неймавернымі намаганнямі, шматлікімі перамогамі не над кім-небудзь, а над самім сабой. У такія хвіліны творчага пошуку імкнешся знайсці сябра, настаўніка, мудраца, філосафа, які, як чароўны клубок з казкі, вывеў бы цябе на прамую сцяжынку.    Твар чалавека — гэта адлюстраванне жыццёвага шляху. Паглядзіш на свайго субяседніка, на яго твар, у яго вочы, і адразу разумееш, на што былі патрачаны яго гады: на зайздрасць ці мудрасць, на пазнанне ці на помсту. Я настойліва шукала такі твар, і знайшла яго… у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы. Гэта быў твар Багародзіцы, спакойны, пяшчотны, добры, прыміраны, натхнёны, напоўнены любоўю і ўсёдараваннем… Яна ж ведала, дзеля чаго быў народжаны яе сын. Пазней я даведалася, што гэты абраз адшукалі жыхары Мінска 13 жніўня 1500 года ў рацэ Свіслач. Гэта святыня, якая атрымала назву «Мінская ікона Прасвятой Багародзіцы», не раз ратавала не толькі горад, але і яго жыхароў, свой Храм. Прасвятая Багародзіца ратуе і мяне, і я заўсёды ведаю, куды магу прыйсці за суцяшэннем. Калі я думаю пра Беларусь, маё сэрца радуецца, бо 20 чэрвеня 2015 года адкрыўся Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай праваслаўнай царквы, патрыярхам Кірылам была асвячона скульптура, прысвечаная з’яўленню абраза Божай Маці.  Калі я думаю пра Беларусь, мая душа напаўняецца гонарам за маіх дзядоў, за маіх суайчыннікаў, якіх ніхто не змог зламіць у гады Вялікай Айчыннай. Мой прадзед у 1944 годзе вярнуўся з вайны да жонкі і чатырох дзяцей без нагі. Праз дзевяць месяцаў, 8 красавіка 1945 года, нарадзілася мая бабуля, была вялікая Любоў, таму такое імя ў маёй бабулі. Я ганаруся, што ў нашай сям’і два 70–годдзі ў гэтым годзе! Мне прыемна ўсведамляць: самае дарагое, што ёсць у маёй краіны, майго народа, — гэта памяць. Многія пакаленні з гонарам чыталі: «Подзвігу народа жыць у вяках». «Ніхто не забыты і нішто не забыта», — прачытаюць нашы нашчадкі ў новым будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.  Калі я думаю пра Беларусь, мая душа напаўняецца глыбокай павагай да нашых пісьменнікаў і паэтаў. Мне давялося мець зносіны з Міхасём Міцкевічам, доктарам тэхнічных навук, супрацоўнікам мемарыяльнага музея Я. Коласа, сынам Якуба Коласа. Калі сустракаешся з такімі людзьмі, то разумееш: вось яна, легенда; вось яна, гісторыя; вось ён, падмурак маёй Беларусі.  Калі я думаю пра Беларусь, мая душа напаўняецца радасцю. Гэты, 2015 год аб’яўлены Годам моладзі, значыць, мая краіна напоўнена энергіяй, мэтанакіраванасцю, канструктыўнымі ідэямі і смелымі рашэннямі, захоўвае традыцыі і ўпэўнена рухаецца ў будучыню. Пры гэтым важна ўмець радавацца кожнаму дню, сонцу і чалавеку. Гэтаму я вучуся сама, гэта ж імкнуся прывіць сваім вучням. «На цябе, наша моладзь, надзея!» —  такую назву меў першы ўрок у гэтым навучальным годзе. Гэтыя словы Янкі Купалы не даюць нам права спыняцца. Нават праз сто гадоў класік нас кліча: Бяры светач, ідзі за судзьбінай,  Ідзі з словам святым: Беларусь! Вераніка ЛУКАШЭВІЧ, настаўніца фізікі Святлана ЯРМАЛАВІЧАНЕ.  
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.