Другі брэнд Зэльвы

Другі  брэнд  Зэльвы

Адроджаны ў XXI ст. Ганненскі кірмаш стаў галоўным брэндам сучаснай Зэльвы. А вось Сакавіны могуць стаць яе другім брэндам. Такую думку выказаў на нядаўнім свяце паэзіі і музыкі сам галоўны яго ініцыятар і натхняльнік – Уладзімір Мазго. Думка была падтрымана намеснікам старшыні  райвыканкама Валянцінам Семянякам і апладысментамі залы раённага Дома культуры, дзе і прайшло свята. 

 

Са звычайных літаратурных сустрэч у сценах роднай для Мазго сярэдняй школы №2 Сакавіны неўпрыкмет выйшлі на раённы ўзровень і сталі доўгачаканай па-дзеяй для аматараў паэзіі і музыкі. Дзякуючы ім, зэльвенцы сустракаюцца з такімі знакамітасцямі, пра якіх у іншых раёнах і не мараць. Вось і сёлета разам з Уладзімірам Мазго да нас прыехалі лаўрэат Дзяржаўнай, літаратурнай і журналісцкай прэмій, уладальнік “Залатога купідона” Алесь Марці-новіч; лаўрэат літаратурных прэмій, Федэрацыі прафсаюзаў і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў; лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі Ленінскага камсамола, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, да нядаўняга часу – галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі” Генадзь Пашкоў; дацэнт кафедры мастацтва і эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, таленавіты кампазітар і выканаўца Алег Елісеенкаў.

Для тых, хто не змог прыняць удзел у свяце, раскажам пра яго. 

 

Ініцыятар і натхняльнік Сакавін

Сёлета У.М.Мазго жыццё падарыла дзве пяцёркі за сталасць, мудрасць і дабрыню. З багатай спадчынай падышоў  наш зямляк да гэтай даты. Адных кніг выда-дзена 17! А падборак вершаў у “Вясёлцы”, “Полымі”, “Немане”, “ЛІМе” (і “Праца” не выключэнне) не злічыць. Паспяхова друкуюцца творы нашага земляка ў суседняй Расіі. Маскоўская “Литературная газета”  да 50-годдзя паэта давала вялікую падборку вершаў у перакладах А.Аўруціна, Б.Спрынчана, А. Цяўлоўскага. У гэтым годзе орган пісьменнікаў Расіі “Невский альманах”, што выдаецца ў Санкт-Пецярбургу, па-знаёміў расіян з чарговай падборкай твораў нашага земляка ў перакладзе А.Аўруціна.

Апошнім часам радуюць паэта выдавецтвы “Народная асвета”, “Чатыры чвэрці”, “Выдавецкі дом “Звязда”. На працягу двух апошніх гадоў імі выдадзена шэсць кніг паэта для дзяцей і дарослых. Да юбілею і чарговых Сакавін прымеркаваны  бібліяграфічны даведнік “Вытокі слова Уладзіміра Мазго”, выдадзены раённай бібліятэкай. А літаральна за два – тры дні да свята “Мастацкая літаратура” выпусціла цудоўнейшае выданне пад рэдакцыяй Анатоля Зэкава “Завітала ў госці казка”. Кнігу, што меў аўтар у адзіным экзэмпляры, ён падарыў дзіцячай бібліятэцы.

Успомнім, што Уладзімір Мінавіч – лаўрэат літаратурных прэмій, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў, уладальнік “Залатога купідона”, нагруднага знака “За вялікі ўклад у літаратуру”, выдатнік друку Беларусі. 

У канцы сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь з поспехам прайшла прэзентацыя адной з апошніх кніг Мазго “Адвечныя скарбы радзімы”. На ёй прысутнічалі літаратуразнаўца Яўген Гарадніцкі, намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Звязда” Ала Корбут, літаратуразнаўца, акадэмік, доктар філалагічных навук Уладзімір Гніламёдаў і госць зэльвенскіх Сакавін Алег Елісеенкаў.  Як ад-значыў У.Гніламёдаў, кніга павінна мець працяг, бо ў аўтара ёсць свежы погляд на гісторыю радзімы і вялікая любоў да яе.

Энцыклапедыст 

Генадзь Пашкоў

Напэўна, прысутныя ў зале пакуль не ў поўнай меры ацанілі ўдзел у сёлетніх Сакавінах Гена-дзя  Пашкова. Гэта – адзін з вядомейшых у Беларусі людзей. Шмат гадоў узначальваў ён самае “мудрае” выдавецтва краіны “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”. Ён нёс персанальную адказнасць за выданне кожнага з 

18-ці тамоў Беларускай энцыклапедыі, Энцыклапедыі гісторыі Беларусі ў 6-ці тамах, рускамоўнай Энциклопедии Республики Беларусь у 7-мі тамах, энцыклапедыі  “Беларускі фальклор” і шэрагу іншых “вечных” кніг.

Ён – цудоўны перакладчык з армянскай, латышскай, таджык-скай, украінскай і рускай моў… Піша для дзяцей і дарослых.  Яго лірычныя зборнікі “Зямлю слухаю”, “Дыстанцыя небяспекі”, “Журавінавы востраў”, “Гравюра дарог”, “Кляновік” і “Званы юнацтва” карыстаюцца попытам у чытачоў бібліятэкі.  Між іншым, Генадзь Пашкоў быў адным з трох паэтаў, які трыццаць гадоў таму даў рэкамендацыю ў пісьменніцкі Саюз Уладзіміру Мазго. Выступаючы перад прысутнымі, ён шчыра радаваўся, што не памыліўся тады ў сваім даверы. “Мы вучыліся адначасова з Юркам Голубам”, – сказаў Генадзь Пятровіч, – разам з ім чуйна прыслухоўваліся да парад нашага агульнага літаратурнага настаўніка Анатоля Вялюгіна. Так што я даўно знаёмы з зэльвенскімі творцамі. І вельмі задаволены, што іх рады не радзеюць. У вас нават першыя асобы з райвыканкама пішуць цудоўныя вершы” (Пашкоў меў на ўвазе В.М.Семяняку, які, віншуючы У.М.Мазго з юбілеем, пры-свяціў яму свой верш).

   Кіраўнік сталічных творцаў

Міхась Пазнякоў быў госцем Сакавін-2012, таму віталі яго як добрага знаёмага. Вядучыя свята 

адзначылі, што жыццёвы вопыт госця вельмі багаты. Ён працаваў настаўнікам, навуковым супрацоўнікам інстытута мовазнаўства АН Беларусі, узначальваў літаратурны музей Багдановіча, выдавецтва “Юнацтва”, часопісы “Вожык” і “Неман”. Ён і паэт, і празаік, і пуб-ліцыст, і крытык, і перакладчык…

36 кніг у творчым арсенале Пазнякова, 7 літаратурных прэмій! 

Расказваючы пра свае стасункі з У.Мазго, адзначыў: “ Мы знаёмы з ім амаль 30 гадоў. І за гэты перыяд нават аса не праляцела між намі. Вельмі тактоўны, шчыры, сціплы ваш зямляк. Мяне кранае яго любоў да родных мясцін. Я і сам, калі не пабываю за час адпачынку на Быхаўшчыне, дзе нарадзіўся, не лічу, што паўнацэнна адпачыў. Дзякуй вам за такога добрага і таленавітага чалавека”. 

Як і мінулы раз, Міхася Паўлавіча віталі дзеці: вельмі ж добра ведае ён дзіцячую псіхалогію.  Яго кнігі “Тры чарадзеі”, “Ехаў поўны воз дзівос”, “Дарынка-весялінка” і іншыя часта выкарыстоўваюцца работнікамі дзіцячай бібліятэкі, таму і любяць маленькія чытачы яго творы.

 

Аўтар мнагатомнай гісторыі Беларусі ў асобах

Другі  брэнд  Зэльвы

З хваляваннем бярэш у рукі кожную кнігу наступнага госця Сакавін-2014 Алеся Марціновіча. Больш за 30 кніг (і якіх!) выдаў нястомны шукальнік забытых і паўзабытых імён нашых суайчыннікаў. Пад таленавітым пяром Алеся Марціновіча “ажыло” больш за трыста выбітных асоб. Стамляць пералікам іх не будзем. Проста нагадаем, што сорам не ведаць пра такія выданні, як “Хто мы, адкуль мы…”, “У часе прасветленыя твары”, “Элегіі забытых дарог”, “Залатавуст з Турава”, “Святая Еўфрасіння”.

Алесь Марціновіч – цікавейшы крытык. Ён даследуе творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і літаратараў Беласточчыны. Ён адным з першых звярнуў увагу і на творчасць Ула-дзіміра Мазго. Чытачы “Працы” мелі магчымасць пазнаёміцца з яго аналізам кнігі паэта “У нябёсах вясны”. 

 

Кампазітар, педагог, выканаўца

Другі  брэнд  Зэльвы

Алег  Елісеенкаў, як і Міхась Пазнякоў, на Сакавінах другі раз. Ён – адзін з першых кампазітараў, хто звярнуў увагу на напеўнасць твораў нашага земляка, даў зялёную вуліцу Уладзі-міру Мінавічу як паэту-песенніку. Кіраўніка студыі “Гран-пры” Дзяржаўнага канцэртнага аркестра зэльвенцы ведаюць добра. І калі б маэстра меў магчымасць наведваць Сакавіны штогод, то гэта было б сапраўдным шчасцем для маладых і сталых аматараў музыкі. Адзінаццаць гадоў прайшло з моманту першага наведвання кампазітарам Зэльвы, а памяць пра той дзень жыве і сёння. Таму, калі вядучыя аб’явілі пра выступленне Алега Мікалаевіча, зала адгукнулася гарачымі апладысментамі. 

Кампазітар згадаў гісторыю стварэння песні “Косы твае”. Ён доўга шукаў словы пад ужо напісаную ім музыку. Прасіў знаёмых паэтаў падумаць над тэкстам. Але ўсё нешта было не тое, чаго патрабавала музыка. Тады расказаў аб сваёй праблеме сябру Уладзіміру Мазго. І той на дзіва тонка ўлавіў патрабаванні кампазітара. Атрымалася песня, што дзясяткі год не губляецца, перадаецца ад выканаўцы да выканаўцы. З гэтай песні і пачаў Елісеенкаў сваё прынятае на “ўра” выступленне. Адзначым, што моладзь залы актыўна падтрымлівала спевака. 

Віталі гасцей

За шмат гадоў у Сакавін з’явілася і шмат надзейных сяброў. Гэта ў першую чаргу калектыў СШ №2,  члены клубаў пры цэнтральнай бібліятэцы “Ліра”, “Восень жыцця”, мясцовыя паэты з літаб’яднання пры раённай газеце “Праца” “Зоры над Зальвянкай”. Таму па-дзякаваць гасцям за хвіліны радасці было каму. Валянцін  Семяняка вітаў запрошаных і як службовая асоба, і як паэт, якога падтрымаў Уладзімір Мінавіч і адрэдагаваў яго першую кнігу вершаў “Зорка залатая”. “Некаторыя знакамітасці дзясяткі год не з’яўляюцца ў родных мясцінах, – сказаў Валянцін Міхайлавіч. – А вось Уладзімір Мазго знаходзіць любую магчымасць, каб праведаць землякоў, падтрымаць іх у творчым натхненні. Больш таго, і сябрам сваім паказаў да нас дарогу. Вялікі яму дзякуй за гэта”. Сваё выступленне Валянцін Міхайлавіч закончыў цудоўным паэтычным прысвячэннем Ганароваму грамадзяніну раёна.

Дырэктар сярэдняй школы №2 А.М.Лукашэвіч успомніла прысутным той час, калі Сакавіны праходзілі ў сценах установы. Калектыў школы падрыхтаваў для паэта дзённік-альманах, старонкі якога нагадаюць яму пра тыя незабыўныя сустрэчы. 

Ад імя паэтаў Зэльвеншчыны земляка і гасцей віталі Святлана Літвінчык, Ала Вілесава, Ніна Поршнева. Святлана Іванаўна ўзрушана гаварыла: “Мне, як настаўніцы роднай мовы, вельмі прыемна прымаць удзел у гэтым  свяце. Упэўнена, што карысць для школьнікаў будзе вельмі вялікая. Яны бачаць: роднае слова жыве, яно заслугоўвае глыбокай пашаны і любові. На роднай мове ствараюцца сапраўдныя шэдэўры, якія сёння і чуюць тут дзеці”. 

Цёплы прыём

Госці Сакавін задаволены цёплым прыёмам, зацікаўленасцю зэльвенцаў у паэтычным слове і музыцы. З вялікай увагай слухалі нашых самадзейных артыстаў – народны ансамбль “Званочкі” з Дзярэчынскага Дома культуры, выканаўцаў вершаў – вучняў СШ №2. Але, бадай, найбольш парадавала і ўзрушыла гасцей выступленне выхаванцаў ясляў-сада №4, якія праспявалі “Шадар–Падар” Уладзіміра Мазго. 

А яшчэ парадаваліся за наш край, што не бяднее на таленты, што вершы і музыку ствараюць і адказныя асобы, і настаўнікі, і вучні. Таму яны шчыра дзякавалі ўсім аддзелам райвыканкама, асабліва аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі на чале з Галінай Мікалаеўнай Раманчук за цёплую сустрэчу.

Задумаемся на хвілінку, каб усвядоміць, як складана было і нашаму земляку і гасцям, вельмі занятым людзям, сабрацца разам у адзін дзень і час і прыехаць за сотні вёрст у Зэльву. Усвядомім і нізка паклонімся ўсім за цудоўнае 

свята. 

P.S. Для тых, хто сочыць за лёсам нашага земляка.

У сувязі з кадравымі перастаноўкамі зараз Уладзімір Мазго працуе намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Неман”. 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.