Да 100-гадовага юбілею народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі члены клуба “Малюся Слову” цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (аднаго з яго дзённых аддзяленняў) падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю “Устрывожаны любоўю і болем”

У мерапрыемстве прымалі ўдзел усе без выключэння аматары літаратуры. Вядучыя знаёмілі з жыццёвай і творчай бія-графіяй Пімена Емяльянавіча, астатнія чыталі вершы паэта. Асабліва шмат гучала твораў ваеннай пары. Як вядома, паэт быў франтавым карэспандэнтам Бран-скага, Заходняга, Калінінскага і Паўночна-Заходняга франтоў. У апошнія два гады вайны служыў у Іране і стварыў першы ў беларускай літаратуры зарубежны цыкл з дваццаці двух высокамастацкіх твораў.
Франтавыя вершы паэта ўспрымаюцца як паэтычны дзённік барацьбы, цяжкіх выпрабаванняў і маральнай велічы савецкіх людзей, што здолелі выстаяць у смяротнай схватцы з фашызмам. Не раз прыгадваў паэт франтавыя будні і ў пасляваенны час, упэўнены, што сапраўдныя франтавікі павінны паказваць прыклад мужнасці і гераізму заўсёды. Ён адкрыта заяўляў пра тых, хто не вытрымліваў экзамену на лепшыя якасці чалавека, што той – “не франтавік, не нашай часці, а недзе акалачваўся ў тылах”.
Маральная чысціня чалавечых помыслаў і ўчынкаў заўсёды высока ацэньвалася страсным чалавекалюбам Піменам Панчанкам. Вершы “Капайце ў сэрцы маім магілу”, “Сэрца і крыж”, “Чалавечнасць” былі ўспрыняты як наказ нам, сталым людзям, жыць так, як лепшыя героі Панчанкі”.
Мо бяда каму здушыла горла,
Можа, хтось не можа ўжо дыхнуць?
Не забудзь туды раней за гора
Хоць на дзве хвіліны заглянуць, –
просіць – настойвае паэт.
Ён марыў ашчаслівіць людзей сваёй самаахвярнай любоўю да іх і збіраць іх гора ў сабе: “Я вашае гора зарыю ў сэрца”. І няхай будзе цяжка ад непамернага грузу, затое якое шчасце адчуваць, што “ёсць горад на свеце, дзе пражываюць толькі шчаслівыя людзі”.
Удзельнікі імпрэзы згадвалі таксама гады перабудовы, калі многія страчвалі надзею на лепшае будучае. Паэт упэўнены, што не людзі з “разбойнай біяграфіяй” – гаспадары зямлі, а тыя, хто памятае: зямля ва ўсіх людзей свету адна і да яе праблем трэба адносіцца вельмі адказна. І тады кожнай краіне, у тым ліку і “нашай Беларусі жыць і жыць вякі!”.
Яшчэ адна балючая тэма для народнага паэта – стан роднай мовы, сцяблінкі ў сусветным моўным суквецці. Без роднай мовы Панчанка адчувае сябе стратай, і таму ад яе ён ніколі не адцураецца і не адрачэцца, а будзе ў розных сітуацыях мову сваю да грудзей прытульваць.
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара…
Цудоўны лірык, чалавек слова і справы, Пімен Панчанка пакінуў пасля сябе вельмі багатую спадчыну. І члены клуба пажылых аматараў літаратуры ўпэўнены, што яна будзе невычэрпнай яшчэ не адно стагоддзе.
Яніна Шматко.

Похожие новости

Добавить комментарий