Цэнтр патрыятычнага выхавання

Франтавыя пісьмы Серафіма Татарына – некалькі пажоўклых ад часу папяровых трохвугольнікаў – каштоўныя экспанаты гісторыка-краязнаўчага музея СШ №3. За 10 гадоў на шматлікіх стэлажах сабрана каля сямі соцен экспанатаў.

Ёсць тут і элементы баявой зброі, і амуніцыя, і дзяржаўныя ўзнагароды, і асабістыя рэчы франтавікоў. На другой экспазіцыі – цікавыя гістарычныя фотаздымкі, папулярныя ў мінулым веку плакаты і лістоўкі, газеты першых мірных дзён. Асаблівая каштоўнасць – успаміны ўдзельнікаў мінулай вайны… У маленькай зале – уся гісторыя Вялікай Айчыннай.

Музей карыстаецца папулярнасцю, стаў адным з цэнтраў ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў. З моманту яго адкрыцця тут пабывала некалькі тысяч наведвальнікаў – ветэраны, школьнікі, студэнты, госці раёна. Члены савета музея на чале з яго кіраўніком Максімам Эльяшэвічам праводзяць урокі мужнасці, дэманструюць наведвальнікам дакументальныя фільмы, арганізоўваюць конкурсы, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Кожны год тут праводзіцца больш за 100 экскурсій, каля 70 мерапрыемстваў, мноства тэматычных лекцый.

Вучням школы на чале з членамі савета музея і настаўніцай гісторыі Ліліяй Сідорка ўдалося даследаваць дзейнасць 169-ай Рагачоўскай дывізіі, 129-ай і 5-ай Арлоўскіх дывізій, а таксама жыццёвы шлях нашых землякоў-франтавікоў Аляксандра Сіль-вашкі, Серафіма Татарына, аднавіць тэксты франтавых песень і вершаў Аляксандра Слесарава і інш. Разам з настаўнікамі актывісты музея стваралі карты баявых дзеянняў палкоў, рабілі аўдыё- і відэазапісы ўспамінаў ветэранаў вайны. Адзін з экспанатаў – пісьмо Серафіма Татарына – быў накіраваны на конкурс экспанатаў для будучага дзяржаўнага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.  

– Дзейнасць школьных  музеяў – важны аспект у выхаванні моладзі, – дзеліцца думкамі заснавальнік музея Лілія Сідорка. – Калі вучань прыносіць новы экспанат, ён міжволі пачынае расказваць яго гісторыю і сам не заўважае, як становіцца дапытлівым даследчыкам. Адзінае, што ад яго патрабуецца ў далейшым, – правільна і цікава падаць гэты матэрыял іншым.

З такой задачай удала спраўляюцца ўсе экскурсаводы гісторыка-края-знаўчага музея СШ №3. Яны неаднаразова выходзілі пераможцамі на раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Лілія Барысаўна лічыць, што сакрэт поспеху ў пераемнасці – кожны экскурсавод рыхтуе сабе змену сярод вучняў малодшых класаў.

– Удзел у рабоце музея – выдатная школа жыцця, – у адзін голас сцвярджаюць члены савета музея дзесяцікласніцы Кацярына Шнэйдэр і Вікторыя Мацкевіч. – Вывучаючы гісторыю роднага краю, мы добра ведаем, з чым ісці ў будучыню.

Дарэчы, будучыня самога музея – у руках новага кіраўніка Вольгі Цэйкала, якая з ахвотай падзялілася планамі на бліжэйшы час. Зараз у музеі ідзе рэканструкцыя: пашыраюцца пакоі, распрацоўваюцца новыя экспазіцыі (у тым ліку прысвечаныя гісторыі школы і развіццю сістэмы раённай адукацыі), збіраюцца неабходныя дакументы. Адным словам, робіцца ўсё для таго, каб музею быў прысвоены статус “народны”.

Сярод асноўных задач – стварэнне электроннага музея. На думку Вольгі Мікалаеўны, у век інфармацыйных тэхналогій проста неабходна такія каштоўныя матэрыялы рабіць даступнымі ў Інтэрнэт-прасторы.

Адначасова з перабудовай музея яго актывісты працягваюць весці пошукавую работу. Апошні здабытак – тры фотаздымкі, выпадкова знойдзеныя Вольгай Цэйкала на адным з гістарычных інтэрнэт-форумаў. Цяпер яны праходзяць экспертызу. Па папярэдняй ацэнцы спецыялістаў, на іх зафіксаваны першыя дні прыходу ў Зэльву нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

–  Ёсць яшчэ цікавыя задумкі, – запэўнівае новы кіраўнік музея. – Напрыклад, асабіста я цяпер працую з ўспамінамі сведкаў вайны, звязанымі з гераічнымі подзвігамі нашых землякоў. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб на помніках ахвярам вайны мы чыталі не проста імёны, а маглі расказаць аб іх гераічным мінулым.  

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.