Версия для слабовидящих

«Я – беларус! Я – сын сваёй зямлі!». У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла творчая сустрэча з паэтам, дэпутатам парламента Валянцінам Семянякам

19 декабря 2024
Просмотры: 28143

«Я – беларус! Я – сын сваёй зямлі!». У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла творчая сустрэча з паэтам, дэпутатам парламента Валянцінам Семянякам   

Глыбока філасофскія паэтычныя радкі, пранікнёныя пачуццём любові да бацькоў, сям’і, малой радзімы, роздум над галоўнымі ісцінамі жыцця, разважанні і духоўныя перажыванні – так можна ахарактарызаваць творы нашага земляка, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Семянякі. Вядомы па-за межамі Зэльвеншчыны паэт і перакладчык, аўтар зборніка “Зорка залатая” стаў чарговым героем творчай сустрэчы “Літаратурны Алімп Беларусі”, якая ладзілася ў Нацыянальнай бібліятэцы. 

На літаратурную імпрэзу былі запрошаны калегі-парламентарыі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, родныя, сябры, землякі, аматары беларускага слова. 

У галерэі “Лабірынт”, дзе і праходзіла творчая сустрэча, увагу зэльвенцаў адразу ж прыцягнула творчая выстава нашага земляка. Тут яго запаветная “Зорка залатая”, часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, дзе надрукаваны вершы Валянціна Семянякі, “ЛіМ”, а таксама выданне “Сучасная руская паэзія”, на старонках якога аўтар паказаў свае перакладчыцкія здольнасці. Дарэчы, свой перакладчыцкі талент Валянцін Семяняка праявіў у Міжнародным конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў «Берега дружбы», дзе быў адзначаны ў намінацыі лепшых перакладчыкаў з рускай на беларускую мову. Яго тэксты таксама змешчаны ў фаліянце «Силой общей любви — Беларусь, Россия: финалисты и наставники». 

А зараз звернемся да паэтычнай творчасці. Першыя вершы нашага земляка былі надрукаваны у раённай газеце “Праца” ў рубрыцы “Зоры над Зальвянкай”. А падштурхнуў яго адкрыць сваё творчае захапленне вядомы паэт, пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Уладзімір Мазго. Менавіта Уладзімір Мінавіч пераканаў Семяняку ў пачатку 2000-х гадоў у тым, што яго вершы варты ўвагі аматараў літаратуры. Затым яны з’явіліся ў абласных і рэспубліканскіх выданнях. Неўзабаве Зэльвенская раённая бібліятэка выдала зборнік невялічкага фармату пад назвай “Натхненне, вера і каханне”, у які ўвайшлі дзесяць вершаў. Гэтая падзея стала падставай для творчай сустрэчы землякоў з новай зоркай на літаратурным небасхіле.

Адметным для Валянціна Семянякі стаў лістапад 2013 года, калі ў выдавецкім доме “Звязда” выйшаў зборнік “Зорка залатая”. Ён ужо змяшчаў чатыры раздзелы і больш за 70 вершаў рознай тэматыкі. 

І вось 17 снежня 2024 года. Гэты дзень, як узыход на літаратурны Алімп Беларусі, запомніцца не толькі самаму аўтару, але і гасцям вечарыны. Аматараў паэзіі, на правах гаспадара, прывітаў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка, які адзначыў, што сустрэчы ў межах заяўленага цыкла праходзяць на пастаяннай аснове і менавіта дзякуючы ім адкрываюцца новыя імёны літаратараў. Акрамя таго, для многіх людзей гэта ўнікальная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю беларускіх паэтаў, у ліку якіх і Валянцін Семяняка. 

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Алена Стэльмах падкрэсліла, што для кожнага творцы выступіць у Нацыянальнай бібліятэцы – вялікая адказнасць і гонар:  

– Ці назавеш сённяшнюю сустрэчу Валянціна Міхайлавіча чарговай? З калегамі па пяру, роднымі, сябрамі, землякамі, – можа, і так. А вось для калег-дэпутатаў, якія побач з ім на адказных пасадах вырашаюць важныя грамадзянскія пытанні, клапоцяцца аб дабрабыце краіны і грамадства, літаратурная імпрэза стала адкрыццём яго творчай асобы. Добрая магчымасць спазнаць новае імя ў літаратуры выдалася сёння і для моладзі, якая прысутнічае ў зале. Як паэт, ён жыве метафарычнымі вобразамі, тонкімі пачуццямі, бо душа яго – чулая, слова – ёмкае. Творчасць – як лірычная, так і грамадзянская, патрыятычная, філасофская. Ён умее пісаць пра каханне, пра прыроду, пра радзіму. Кранальныя радкі прысвяціў маці, жанчыне… Дарэчы, пра аўтара цудоўных вершаў можна гаварыць бясконца. Але лепшым доказам маім словам будуць яго вершы. 

Прысутным вельмі прыемна было паслухаць творы Валянціна Семянякі ў выкананні ўнука Міхаіла, жонкі Валянціны Аляксандраўны (адзін з любімых яе вершаў “На скрыжаванні”), дачкі Наталлі. Не скупіліся на прызнанні і пажаданні паэты Уладзімір Мазго, Ірына Войтка, дырэктар Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа Тамара Гайдук, парламентарыі. 

Жывое беларускае слова гучала і з вуснаў самога аўтара: то выклікала слязу, калі ён чула зачытаў “Ліст з дзяцінства”, затым узгадаў матулю, родную вёску Цяглевічы, прызнаўся ў любові да Зэльвеншчыны. Іншы раз шчыміла сэрца, калі гучалі вершы філасофскай тэматыкі, у тым ліку “Вечный вопрос”. Зразумела, кожны задумаўся над тым, як удала майстар слова перадаў пачуцці ўдзячнасці за мір і свабоду абаронцам Айчыны (верш “Ветэранам”). Сваю заклапочанасць аб сённяшніх падзеях у суседніх краінах паэт трапна раскрыў, дэкламуючы верш “Братэрская кроў”. А як прыгожа выразіў сваю грамадзянскую пазіцыю! Учытайцеся толькі: “Я – беларус! Я – сын сваёй зямлі!// Мне тут на свет пашчасціла з’явіцца.// Дзе прашчуры спакон вякоў жылі,// Дзе пояць рэкі чыстыя крыніцы...// Я – беларус і мой закон такі:// Пакуль жывы – не адракуся роду”.

Падзяліўся паэт асабістым вопытам напісання вершаў. Часцей за ўсё натхненне да яго прыходзіць уранку, бывае – ноччу, нечакана ці раптоўна – пры кранальнай сустрэчы. А часам, хапае аднаго погляду ці знаёмага твару – і ў аўтара нараджаецца новы твор. А бывае і такое, што іншыя аўтары застаўляюць паразважаць над той ці іншай тэматыкай. Напрыклад, верш “Воўк” напісаны пад уплывам аднаго з твораў У. Высоцкага. 

Адметным момантам творчай урачыстасці стала віншаванне ад землякоў.  Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік уручыў Валянціну Міхайлавічу сертыфікат аб занясенні яго прозвішча ў Кнігу славы Зэльвенскага раёна.  

Добрым падарункам для паэта сталі музычныя кампазіцыі паводле яго вершаў “На тых сцяжынах” і “Князёўна Зэльва”. Яны гучалі ў выкананні салістаў народнай эстраднай студыі “Рэтра” Арыны Гродзь і Яўгена Раманчыка, салісткі Аксаны Маляўскай. 

Ярка заззяла зорка залатая Валянціна Семянякі на паэтычным Алімпе. Няхай яе светлыя і цёплыя промні саграваюць беларусаў! 

У тэму

Зэльвенцы ўдзячны Валянціну Семяняку за нечаканы прыемны падарунак – запрашэнне на творчую сустрэчу “Літаратурны Алімп Беларусі” з яго ўдзелам і экскурсію ў Нацыянальную бібліятэку.

Людміла ПОПКА 

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!