Бліц-апытанне: аб тым, што было, аб тым, што запомнілася…

Самае маштабнае свята Зэльвеншчыны – Ганненскі кірмаш – ізноў склікае гасцей як з розных куткоў Беларусі, так і бліжняга замежжа. У чарговы раз райцэнтр напоўніцца вясёлым гоманам і дзіцячым смехам, музыкай і цокатам коней. З якім настроем зэльвенцы сустракаюць юбілейны брэндавы фестываль, пацікавіліся напярэдадні мерапрыемства.

 

Іосіф ДАУКШЫС, дырэктар ТАА “Дабравойт”:

– Ганненскі кірмаш – слаўная адроджаная традыцыя, якая цікава і мне, і маім сябрам. Той, хто пабываў на ім хоць раз, не праміне магчымасці штогод вярнуцца, расказаць пра свята знаёмым і прывабіць яшчэ больш турыстаў на славутую зямлю Сапегаў. Перш за ўсё кірмаш асацыіруецца ў мяне з коньмі, з продажам тавараў, якія носяць мясцовы каларыт. Заўсёды наведваю выставу коней, шоу з удзелам коннага клуба, конкурс на лепшую павозку. Вельмі хацелася б, каб у Зэльве знайшоўся ініцыятар і арганізаваў конна-спартыўную школу, падобную да ваўкавыскай. А для пачатку – не дрэнна было б запрасіць на кірмаш выхавальнікаў установы, каб паказалі сваё майстэрства. Хочацца таксама, каб на рамеснай пляцоўцы знайшлося месца і кавалю, які б прадэманстраваў, як падкаваць каня, на вачах гледачоў выбіў падкову, адчаканіў сувенір. Згадзіцеся, кірмаш увасабляе ў сабе шырыню і размах, таму ён павінен жыць, развівацца і дапаўняцца новымі элементамі. Зэльвенцы, у сваю чаргу, павінны берагчы і прымнажаць адметнасць свайго краю.

 

Юлія ЛУЗЬКО, юрысконсульт сельгаспрадпрыемства “Караліно”:

– Два гады працую на Зэльвеншчыне, і кожны жнівень для мяне шчасце прымаць удзел у кірмашы. Што адметна: свята становіцца ўсё больш папулярным, прычым не толькі сярод мясцовых жыхароў, але і сярод гасцей з другіх рэгіёнаў. Успамінаю словы маёй сяброўкі, якая разам са мной вучылася (яна родам з Елкі) і, даведаўшыся, што я еду працаўладкоўвацца ў Зэльвенскі раён, сказала: “Абавязкова наведай Ганненскі кірмаш – з’ява, якая не пакіне цябе раўнадушнай”. Так атрымалася на самай справе: уражана кожным куточкам, кожнай пляцоўкай і наогул дзействам, якім жыве кірмаш. Як аматару народнай творчасці мне даспадобы выставы караваяў, народных майстроў, афармленне гандлёвых месцаў, пляцовак і падворкаў. Разумею, колькі ўся гэта прыгажосць патрабуе сілы, энергіі, часу, таленту, таму загадзя шчыра ўдзячна ўсім тым, хто дорыць нам цудоўную атмасферу Ганненскага кірмашу. 

 

Наталля БУРДУК, студэнтка БДУ:

– Насычаная праграма свята – гэта, зразумела, вялікая заслуга арганізатараў. Чаго вартая толькі гістарычная тэатралізаваная пастаноўка! А колькі розных калектываў выступае на галоўнай сцэне, задаюць тон святу і музыкі на падворках, і майстар-класы па народных танцах, і розныя конкурсы. Уражана і да гэтай пары ўспамінаю тыя мерапрыемствы, што былі праведзены раней, асабліва каля вадасховішча. Спадабаліся заплыў “На чым заўгодна”, воднае шоу, захапіў фестываль “Color FEST”. Высокай ацэнкі заслугоўвае і вячэрняя праграма: тэатр агню, вогненнае шоу – моладзь парадавалася ад душы. Не прамінаю магчымасці наведаць выставу-продаж работ дэкаратыўна-прыкладного мастацтва: заўсёды прадстаўлены шырокі выбар сувеніраў з лазы і саломы, і, канешне, біжутэрыі, якія пасуюць майму густу.

 

Леанід ГАЛАСКОК, пенсіянер:

– Нам, зэльвенцам, ёсць чым ганарыцца: прыгожыя краявіды, унікальныя помнікі архітэктуры, багатая гісторыя, вялікую старонку ў якой займае Ганненскі кірмаш. Добрая традыцыя прадаўжаецца з года ў год, збіраючы ўсё больш і больш людзей. А гэта сведчанне таго, што пра знакаміты кірмаш ведаюць не толькі землякі, але і ў іншых гарадах краіны, па-за межамі рэспублікі. Скажу больш, і сталаму пакаленню, і маладым цікавыя легенды і паданні пра былую славутасць свята, адроджаныя гістарычныя моманты і сучасныя знаходкі. Адназначна, непаўторны каларыт культурна-масаваму мерапрыемству надаюць народныя традыцыі. Вандраваць па Кірмашы рамёстваў – адно задавальненне. Вырабы, сугучныя тэматыцы свята, проста здзіўляюць сваёй непаўторнасцю і арыгінальнасцю. Даніну павагі аддаю тым людзям, якія рыхтуюць падворкі і арганізоўваюць гандаль на розны густ і смак. Падчас свята можна і добра адпачыць, і набыць тое, што прыглянецца.

Гутарыла Людміла ПОПКА.

 

Присоединяйтесь к нашему каналу    

Leave a Comment

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.