Бацькаў подзвіг

2120 Гэтую кранальную гісторыю людзі старэйшага пакалення павінны яшчэ памятаць. Журналісты “Працы” М.Сяляўка і А.Дожын у 60-я гады пісалі пра бацькаў подзвіг селяніна з Рудзевіч. Адзін з матэрыялаў нават перадрукавала “Чырвоная змена”. Чым жа зацікавіў лёс І.А. Амшэя сталічную газету? Сваёй нязвыкласцю, нават выключнасцю. На самой справе: мужчына – адзін, без жонкі – гадуе пяцёра (!) сваіх малых дзяцей і прымае на выхаванне чужое малое дзіця. І не ў мірны спакойны час, а ў самым пачатку вайны, летам 1941 года! Сярод жывых сведкаў той гісторыі – жонка і муж Вера Іосіфаўна і Мікалай Браніслававіч Ясюкевічы. Яна – названая сястра, ён – сябар дзяцінства і юнацтва. З іх дапамогай мы і ўзнаўляем падзеі. Вера Іосіфаўна (тады проста Верачка Амшэй) прачнулася ад стуку ў шыбу. Бацька выйшаў з хаты і хутка вярнуўся з незнаёмым мужчынам, які трымаў на руках дзіця. Відаць, мужчына быў вельмі стомлены, бо адразу прыхіліўся да сцяны і вачамі шукаў месца, дзе можна прысесці. Іосіф Аляксандравіч падаў мужчыне кубак вады і прапанаваў сесці да стала. Дзеці Амшэя сталі ўслухоўвацца ў размову дарослых. Незнаёмы расказаў, што пад Ваўкавыскам падчас авіяналёту загінула яго жонка з грудным дзіцём, а ён застаўся з сынам на руках і проста ў адчаі. Трэба даганяць сваю часць, а тут ніяк не можа знайсці прытулак для сына. Заходзіў у дзясяткі дамоў, але напалоханыя вайной людзі адмаўляюць у дапамозе… Іосіф Аляксандравіч доўга маўчаў, а потым коратка паведаміў нечаканаму госцю пра сваю сітуацыю. Жылі яны з жонкай душа ў душу. Працавалі на сваім надзеле зямлі, гадавалі дзетак. Няшчасце прыйшло нечакана: пры родах шостага дзіцяці памерлі і жонка, і малое. Зараз ён адзін падымае на ногі пецярых. Памочнікі з дзяцей слабыя: старэйшай дачушцы 13 гадкоў, малодшай – 7, а адзінаму “мужчыне” – 8. “Вось сам бачыш, браток, не змагу я яшчэ адзін рот пракарміць”, – закончыў свой расказ селянін. 2121 Мужчына моўчкі падняўся і выйшаў з хаты. Нейкі час Амшэй нерухома сядзеў і, напэўна, не чуў крыкаў і плачу дзяцей: “Татачка, не бяры, не бяры чужога хлопца!”. Потым ускочыў і выбег услед за незнаёмцам. Праз некалькі хвілін дзеці зноў убачылі таго мужчыну з дзіцём і невядома чаму павесялелага бацьку. “Пакідай, браток, свайго сыночка, дзе пяцёра, там і шасцёра вырастуць”, – дапамагаючы мужчыне пакласці хлопчыка на ложак, прыгаворваў, “пабагацеўшы” яшчэ на адно дзіця, бацька. А малечы, якія крычалі і плакалі, абдымаючы і выціраючы слёзы, ласкава казаў: “Дзеткі, ды гэта ж мамка сама нам вестачку дала. Гэтаму хлопчыку столькі гадкоў, колькі і нашаму, памерламу з мамкай, было б. Шкадуйце яго і лічыце сваім брацікам”. Вось так сям’я Амшэя з шасці “я” стала сям’ю “я”. Цяжка прывыкаў малы Васілёк да новых людзей. І дзеці не адразу пры-зналі яго за брата. Вельмі палохала малых, як нема крычаў Васілёк, ледзь даносіліся гукі самалётаў. Відаць, у яго падсвядомасці жыў той жудасны налёт, што за-браў ад яго маці… Цяжка было селяніну падымаць аднаму шасцярых. Але і жаніцца Іосіф Аляксандравіч не хацеў. Ніяк не мог забыць любую жонку, ды і непакоіўся, ці палюбіць чужая жанчына яго дзяцей так, як любіў іх ён. А жаночай справы ён не баяўся: навучыўся прасці, ткаць, шыць, гатаваць. Вучыў усяму дзяцей, таму і раслі яны працавітымі, умелымі. Гледзячы на старэйшых, вучыўся хатняй справе і прыёмны сынок. Паціху час рабіў сваё. Родныя дзеці Іосіфа Аляксандравіча прывыклі да хлопчыка, ён да іх. Гле-дзячы на бацьку, які быў вельмі лагодным і чулым чалавекам, дзеці ніколі не крыўдзілі малога. А за тры гады вайны ўжо і забыліся, што Васілёк – не іх родны брат. Ды і бацька, чакаючы звароту Васілёвага таты, перажываў, як ён расстанецца з хлопчыкам, які стаў для яго родным. Але ніхто з родных Васілька так і не прыйшоў ні ў 1944-м, ні ў 1945-м. Галодныя пасляваенныя гады паўстаюць у памяці Веры Іосіфаўны з жахам. Даводзілася гатаваць не толькі звыклыя крапіву, лебяду, але і свірэпу. Іосіф Аляксандравіч стараўся як мог. Ды і дзяўчынкі старэйшыя ўжо былі добрымі памочніцамі. 2122 Не толькі ў хаце і полі дапамагалі, але і зарабляць нейкую капейку пачалі. Ткалі, самі сябе абшывалі, так што пытанняў з пасагам не ўзнікала, калі прыйшоў час выходзіць замуж. Дружныя, лагодныя, як бацька, па натуры, дзеці Амшэя карысталіся павагай у аднавяскоўцаў. Такім жа падрастаў і прыёмны сын. Калі прыйшоў час ісці Васільку ў школу, дырэктар прапанаваў Іосіфу Аляксандравічу аддаць хлопца ў інтэрнат. І Амшэй, і дзеці не згадзіліся на гэта. А сам Васілёк, ледзь толькі дзе ўбачыць дырэктара, уцякаў з усіх ног. “Бывала, не паспее ўцячы, то на дрэва залезе і сядзіць, пакуль якая камісія не пойдзе”, – выціраючы слёзы, успамінае Вера Іосіфаўна. Ішлі гады. Дзяўчаты выходзілі замуж, хлопцы збіраліся ў армію. Васіль быў прызваны ў танкісты, служыў на Украіне. Там і знайшоў сабе каханую дзяўчыну, пасля войска ажаніўся і асеў у суседняй рэспубліцы. Аднак пра сваіх беларускіх сясцёр і брата не забываў. Як толькі трохі падужэў, вы-клікаў да сябе ў госці малодшую Веру. “Верачка, прыязджай, наробіш там дамашніх каўбас, як вы ў Рудзевічах рабілі”, – пісаў ён у лісце. Добра прыняў Васіль сястру. Самыя цёплыя ўспаміны заста-ліся ў Веры Іосіфаўны ад той даўняй паездкі. І Амшэі не цураліся Васіля. Таксама запрашалі да сябе. Часта не выпадала адрывацца ад сям’і і працы, але некалькі разоў наведваў сваіх выратавальнікаў. Калі атрымаў вестку аб смерці бацькі, кінуў усе справы і пры-ехаў на развітанне. Доўга сядзелі за памінальным сталом, згадвалі дзяцінства, чалавека, які быў ім і строгім бацькам, і спагадлівай маці. Дамовіліся не губляць сувязі, перапісвацца, па магчымасці наведваць адзін аднаго. Так яно і было доўгі час. Але ў 2013 годзе ліст Веры Іосіфаўны вярнуўся назад. Відаць, адбылося непапраўнае… Мы часта ўслаўляем мацярынскую любоў, неяк пакідаючы ў цені бацькаўскую. Іосіф Аляксандравіч Амшэй усім сваім жыццём даказаў, што і бацькаў-ская любоў такая ж самаахвярная, як і мацярынская. Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.