Агульная гісторыя і стасункі сёння: актуальныя тэмы беларуска-польскага памежжа абмяркоўваюць навукоўцы

XXIV Міжнародная навуковая канферэнцыя “Шлях да ўзаемнасці” праходзіць у ГрДУ імя Янкі Купалы. Форум аб’яднаў звыш 60 навукоўцаў з Беларусі і Польшчы, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў. 

Гэта ўжо 24-я канферэнцыя, якую традыцыйна арганізоўваюць Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Гродзенскі аблвыканкам, грамадскае аб’яднанне “Саюз палякаў на Беларусі”, беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, ГрДУ імя Янкі Купалы і кафедра беларускай філалогіі ўніверсітэта ў Беластоку. Праходзіць форум папераменна ў Гродне і Беластоку. А яго ўдзельнікамі становяцца беларускія і польскія навукоўцы, прафесійная дзейнасць якіх непасрэдна звязана з перспектывамі развіцця беларуска-польскага памежжа, міжнацыянальнай культурнай, літаратурнай і гістарычнай спадчынамі і, што не менш важна, з сучаснасцю і будучыняй народаў-суседзяў. 

 Такія мерапрыемствы накіроўваюць высілкі на вырашэнне розных пытанняў, якія ёсць у адносінах паміж нашымі дзяржавамі. Каб не паўтараць памылак, трэба ведаць гісторыю. У розныя перыяды стасункі паміж нашымі дзяржавамі былі розныя, – адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. – Прыемна згадаць, што, калі Беларусь заявіла аб сваёй незалежнасці, Польшча адна з першых краін прызнала яе суверэнітэт. Сёння не можа не радаваць той факт, што гэта дзяржава, якая імкнецца да таго, каб знікалі перашкоды ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі. Перакананы, што такія сустрэчы, як сёння, таксама робяць важкі ўнёсак у наладжванне дыялогу. 

IMG_8430.jpg

Ад імя купалаўскага ўніверсітэта да калег са словамі віншавання з нагоды адкрыцця XXIV канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці” звярнуўся першы намеснік рэктара Алег Раманаў. І падкрэсліў: такія сустрэчы неабходныя не толькі для абмену навуковым досведам. 

 Больш значна тое, што падчас канферэнцыі мы сустракаемся з прыязнымі, добразычлівымі, разумнымі, ветлівымі прадстаўнікамі іншых народаў і разумеем: яны заслугоўваюць павагі і добрых адносінаў. Гэта становіцца падмуркам добрых міжнацыянальных адносін, – упэўнены навуковец. – Да таго ж падчас канферэнцыі могуць нараджацца новыя праекты, сумесныя даследаванні. Спадзяюся, і наш форум стане пляцоўкай, дзе з’явяцца новыя сумесныя планы і праекты. 

IMG_8394.jpg

Удзел у пленарным пасяджэнні ўзялі таксама консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку Вадзім Свярчкоў, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі і старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» Мечыслаў Лысы. 

Навукоўцы цягам дня працуюць у шасці секцыях: мовазнаўчых, літаратуразнаўчай, гістарычнай і прысвечанай канфесійнай гісторыі. Свае навуковыя пошукі даследчыкі скіравалі на вывучэнне дыялектнай мовы памежнага рэгіёну, а таксама польскай і беларускай літаратурных моў, літаратурны патэнцыял пісьменнікаў, якія жылі і працавалі на Гродзеншчыне і Беласточчыне, гістарычныя рэаліі сучаснага славянскага свету і іх уплыву на беларуска-польскія стасункі як у культурным, так і ў сацыяльна-эканамічным аспектах. Таксама акрэслены далейшыя шляхі развіцця беларуска-польскіх сувязей, якія дапамогуць забяспечыць сучасны дыялог, заснаваны на шчырым сяброўстве, пашане і інтэркультурных стасунках. 

IMG_8351.jpg

З вынікамі даследаванняў можна будзе азнаёміцца і тым, хто не прысутнічаў на аўтарытэтным міжнародным форуме: па выніках канферэнцыі неўзабаве будзе выдадзены чарговы, ужо дзевятнаццаты, том навуковых артыкулаў. 

AMG_8708.jpg

Меркаванне 

Яўген Панькоў, загадчык кафедры польскай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, сустаршыня арганізацыйнага камітэта канферэнцыі:

– Традыцыйна прадстаўленыя даклады прысвечаны тэмам, якія цікавяць не толькі навукоўцаў, але і жыхароў памежжа. Зборнікі, выдадзеныя па выніках канферэнцый, карыстаюцца папулярнасцю і запатрабаваны студэнтамі, выкладчыкамі, шырокім колам чытачоў. Таму, упэўнены, такія форумы будуць праводзіцца і надалей. Магчыма, яны атрымаюць новы фармат. Да прыкладу, плануецца дапоўніць іх “круглымі сталамі” па актуальных пытаннях і зрабіць праграму спадарожных мерапрыемстваў больш разнастайнай.
Да таго ж канферэнцыя дапамагае падтрымліваць стасункі і наладжваць новыя сувязі. Гэта абмен студэнтамі, сумесныя праграмы. 

IMG_8374.jpg

Васіль Сегень, намеснік старшыні галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку:
– Цікавасць польскага боку да такога тыпу мерапрыемстваў, як гэта навуковая канферэнцыя, вядома, ёсць. Чым жывуць Беларусь і Польшча на памежжы – важнае і цікавае пытанне для навуковых даследаванняў. Канферэнцыя “Шлях да ўзаемнасці” дазваляе падзяліцца сваім вопытам, даследаваннямі, абмяняцца інфармацыяй. Шмат пытанняў прысвечаны гісторыі нашых народаў, тым больш, што многія факты да гэтай пары па-рознаму інтэрпрэтуюцца. Асабіста мне, паколькі я мовазнаўца, вельмі блізкая тэма мовы на памежжы, узаемнага ўплыву дзвюх моў, а таксама ўкраінскай, літоўскай. Даследаванні даюць вельмі цікавыя вынікі. 

AMG_8600.jpg

Казімір Знайдзінскі, старшыня Гродзенскага гарадскога аддзялення Саюза палякаў на Беларусі:
– Гэта не проста канферэнцыя: навукоўцы насамрэч шукаюць шлях да ўзаемаразумення, супрацоўніцтва і добрасуседства. Варта сказаць, што не толькі канферэнцыі і шматлікія праекты ў самых розных сферах, у тым ліку адукацыі, культуры, спорце і іншых, але і бязвізавы рэжым дапамагае гэтаму. Многія польскія турысты, а таксама ўдзельнікі сённяшняй канферэнцыі з Беластоку скарысталіся магчымасцю прыехаць без афармлення віз. 

IMG_8358.jpg
IMG_8445.jpg
AMG_8731.jpg
IMG_8460.jpg
IMG_8378.jpg


Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.