90-гадовы юбілей сустрэў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Пачабыт

1944 Свой 90-гадовы юбілей ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Пачабыт сустракаў у добрым настроі. Нягледзячы на сталы ўзрост, выглядае ён бадзёра. Побач – дарагі і любімы чалавек жонка Зінаіда Іванаўна, з якой жывуць у згодзе больш за 60 гадоў. Радуюць бацькоў сын Мікалай і дачка Ніна, чацвёра ўнукаў і праўнучка.\ Акрамя родных павіншаваць паважанага чалавека завіталі да яго дамоў старшыня Дзярэчынскага сельсавета Святлана Грынцэвіч, адказны за ідэалагічную работу СВК “Бародзічы” Алег Пучак, член прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Вярстак, спецыяліст цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Дарафей, а таксама мясцовыя работнікі культуры. З удзячнасцю прымаў Іван Васільевіч шчырыя словы пажаданняў, падарункі, асаблівай узнагародай быў юбілейны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”. Доўга не змаўкалі ў хаце залівістыя гукі баяна і меладычныя словы любімых песень ветэрана. Расчулены Іван Васільевіч раз-пораз дзякаваў Прэзідэнту краіны, мясцовай уладзе, усім гасцям за ўвагу да сваёй сціплай асобы. Гонар за мужа адчувала і Зінаіда Іванаўна, якая ні на крок не адыходзіла ад яго. Як і па жыцці – заўсёды побач. … Усё жыццё Івана Пачабыта звязана з вёскай Залацеева. Тут ён нарадзіўся і вырас. Разам з роднымі і аднавяскоўцамі перажыў страшныя гады фашысцкай акупацыі і сустрэў прыход Чырвонай Арміі. Адсюль з бацькам пайшоў на вайну. – Разам пачыналі службу ў вучэбнай дывізіі, якая знаходзілася ў горадзе Арэхава-Зуева, – успамінае Іван Васільевіч. – На фронт таксама ехалі ў адным воінскім эшалоне. Па прыбыцці на месца прызначэння каля аднаго з населеных пунктаў Літвы нас пастроілі і пачалі размяркоўваць па воінскіх часцях Першай Маскоўскай дывізіі. Я трапіў у артылерыйскі полк, бацька – у стралковы. Хоць і ваявалі побач, але бачыцца не даводзілася. Спачатку Іван Пачабыт зараджаў гарматы ў гаўбічнай батарэі, салдаты якой артылерыйскім агнём падтрымлівалі нашых наступаючых пехацінцаў, знішчалі абарончыя ўмацаванні, танкі і жывую сілу праціўніка. Самыя цяжкія баі пачаліся на подступах да межаў Усходняй Прусіі, дзе вораг стварыў моцныя абарончыя збудаванні і кожны населены пункт ператварыў у крэпасць. Тут знаходзілася моцная групоўка варожых войск, якая налічвала вялікую колькасць жывой сілы, гармат і бронетэхнікі. Каб разбіць бетонныя сцены фартоў, дзотаў і дотаў, нашым артылерыстам даводзілася гаўбічныя гарматы выстаўляць на перадавыя пазіцыі і страляць па прамой наводцы. У выніку чаго баявыя разлікі станавіліся мішэнямі для праціўніка. У такіх баях параненых і загінулых было асабліва шмат. На змену выбыўшых байцоў прыходзіла новае папаўненне. У час аднаго бою быў забіты сувязіст батарэі, на яго месца камандзір назначыў Івана Пачабыта. Часта даводзілася яму пад агнём праціўніка з катушкамі тэлефоннага дроту за плячамі наладжваць пашкоджаную сувязь паміж камандным пунктам батарэі і артылерыйскімі разлікамі. Не раз і сам браўся за аўтамат і адбіваў атакі праціўніка. Засталіся ў памяці Івана Васільевіча моманты штурму Кёнігсберга: як па нямецкіх пазіцыях палілі “кацюшы” і артылерыя, як люта супраціўляліся немцы. Пасля капітуляцыі гарнізона самай умацаванай крэпасці Германіі іх полк застаўся у гэтым горадзе і хутка быў перайменаваны ў Калінінград. Радасна сустракалі паведамленне аб заканчэнні вайны. Азмрочыла добры настрой салдата паштоўка з дому, у якой маці паведамляла аб гібелі бацькі ў Літве. Яшчэ пяць гадоў Івану Пачабыту давялося несці воінскую службу. У 1950-м ён дэмабілізаваўся і вярнуўся на радзіму. За баявыя заслугі быў адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, а таксама падзякамі Вярхоўнага камандавання. Усё пасляваеннае жыццё Івана Васільевіча прайшло ў руплівай працы. Спачатку ў паляводстве, а потым яго як лепшага і граматнага калгасніка адправілі на курсы трактарыстаў, якія былі створаны пры Зэльвенскай МТС. У той час гэта была самая прэстыжная прафесія на вёсцы. – Працаваць у сельскай гаспадарцы заўсёды было цяжка, асабліва ў пасляваенныя гады,– гаворыць Іван Пачабыт. – Падымаліся рана, вярталіся дамоў позна. Ды і заробкі былі зусім малыя, перавалодвала натуральная аплата. Вельмі радаваліся, калі гаспадарка пачала купляць трактары і камбайны. Кожнае новае паступленне тэхнікі для нас было важнай падзеяй. Праўленне гаспадаркі неаднаразова адзначала працавітасць і стараннасць Івана Пачабыта. Яго ўзнагароджвалі граматамі, грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі. Такая ўдзячнасць натхняла яго працаваць яшчэ лепш. Выходзіў на пенсію Іван Васільевіч у званні “Заслужанага калгасніка”. На развітанне пацікавіліся ў ветэрана яго марамі, пажаданнямі. На што Іван Васільевіч, не задумваючыся, адказаў: “Малю Бога, каб толькі не было вайны”… Віктар МАКОЎСКІ.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.