Версия для слабовидящих

Любоў і подзвіг салдата з Пеляжына: гісторыя, якую мы абавязаны памятаць

Просмотры: 14840

Любоў і подзвіг салдата з Пеляжына: гісторыя, якую мы абавязаны памятаць

У лютым 1945 года, калі савецкія войскі ўжо стаялі на подступах да Берліна, у тыле заставалася смяротная пагроза – нямецкая групоўка ва Усходняй Памераніі. Фашысты рыхтавалі контрудар, пагражаючы флангу нашых наступаючых часцей. У сувязі з гэтым з 10 лютага па 4 красавіка 1945 года разгарнулася Ўсходне-Памеранская аперацыя – адна з самых крывавых бітваў завяршальнага этапу вайны. Баі ішлі за кожны горад, за кожную вышыню. Асабліва ўпарты супраціў немцы аказалі ў районе Гдыні (Goten-hafen), ператворанай у крэпасць. Тут у смяротных баях 23 сакавіка 1945 года загінуў наш дзядуля – Лявон Іванавіч Антановіч з вёскі Пеляжын Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Усяго за паўтара месяца да Перамогі. Яго гісторыя – гэта гісторыя мільёнаў: кахання, абарванага вайной, подзвігу, пра які даведаліся толькі праз дзесяцігоддзі, і вечнай памяці, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Пасля вайны яго імя, як і тысяч іншых, магло згубіцца ў гісторыі і часе. Але дзякуючы архіўным дадзеным мы змаглі аднавіць яго шлях.

1084-ы стралковы полк 310-й Наўгародскай стралковай дывізіі, якая ўваходзіла ў склад 2-га Беларускага фронту, вёў цяжкія баі за вышыню каля Грос-Кац (Groß Кatz) – аднаго з самых моцных нямецкiх абарончых рубяжоў ва Усходняй Памераніі. Менавіта тут 20 сакавіка 1945 года кулямётчык 3-й кулямётнай роты Лявон Іванавіч Антановіч здзейсніў подзвіг, за які быў узнагароджаны вышэйшай салдацкай узнагародай – медалём “За адвагу”. Сухія радкі з узнагароднага ліста: “20.03.1945 года падчас баявых дзеянняў па прарыве моцна ўмацаванай лініі абароны і наступным авалоданні населеным пунктам “Грос-Кац”, тав. Антановіч, выдвiнуўшыся са сваім кулямётам і ўсталяваўшы яго на выгаднай пазіцыі, дакладным агнём знішчыў адну агнявую кропку праціўніка, ліквідаваўшы ачаг супраціву нашым наступаючым часцям”. Для архіваў – кароткі запіс у дакуменце. Для нас – цэлае жыццё нашага дзеда і жыцці салдат, што выжылі ў тым баі дзякуючы яго мужнаму ўчынку. Загад аб узнагароджанні (№09-Н) быў падпісаны 23 сакавіка 1945 года – у дзень, калі ён ішоў у сваю апошнюю атаку. Праз 5 дзён, 28 сакавіка, савецкія войскі ўзялі Гдыню. Падзенне горада-крэпасці адкрыла шлях да Данцыга (Гданьска) і канчатковага разгрому групоўкі вермахта ў Памераніі.

Першапачаткова радавы Л.І.Антановіч быў пахаваны ў вёсцы Вількоралла (прыгарад Гдыні), пазней перапахаваны на вайсковых могілках у Бояно (гміна Шэмуд, Вейхераўскі павет, Паморскае ваяводства), дзе пакояцца 6058 савецкіх воінаў 2-га Беларускага фронту, якія загінулі ў сакавіку-красавіку 1945 года. Могілкі размешчаны на ўскрайку светлага лесу. З аднаго боку – стройныя ствалы векавых соснаў, з другога – бязмежнае жытнёвае поле, што калыхаецца пад подыхамі ветру. Нібыта сама прырода стварыла гэтае месца для вечнага спакою тых, хто паў, вызваляючы польскую зямлю. Лявон, якi ўсе жыццё працаваў на зямлі, любіў араць, сеяць і вырошчваць хлеб, знайшоў свой апошні прытулак побач з полем. Мабыць, у гэтым ёсць асаблівы сімвалізм – быць пахаваным там, дзе працягвае жыць хлебнае поле.

Нашы дзядуля і бабуля пазнаёміліся на вясковым вяселлі. Ён – сябра жаніха, малады чалавек невысокага росту з разумнымі вачыма, сапраўдны гаспадар, чые рукі ўмелі і зямлю араць, і дом трымаць у парадку. Яна – дружка нявесты, стройная, прыгожая дзяўчына. Калі праз некалькі тыдняў Лявон прыехаў сватацца, бацька Юзэфы сказаў: “Больш высокага мужа ты, можа, і знойдзеш, але больш разумнага і працавітага – няма». На вянчанне ехалі возам, і ўся вёска праводзіла іх позіркамі: “Такой прыгожай пары тут не было даўно”. Пражылі яны душа ў душу 12 гадоў, перажыўшы нават страшнае  гора – смерць 10-гадовай дачкі Ніны. У лістападзе 1944 года Лявона прызвалі на фронт. Усе лісты ад яго ішлі з перадавой. Апошнi прыйшоў у сярэдзіне сакавіка 1945-га: “Гонім немцаў, тут у нас горача”. Потым – цішыня...

Юзэфа чакала. Нават, калі пасля вайны аднавясковец, якому пашанцавала вярнуцца з фронту жывым, расказаў, што бачыў Лявона забітым на полі бою. Раптам памылка? Можа, паранены, можа, без памяці, пахавальнай жа не было. Але ён з вайны не прыйшоў, а некалькі дзесяцігоддзяў Антановіч Юзэфа Аляксандраўна лічылася жонкай зніклага без вестак, а не ўдавою загінуўшага на вайне салдата, які здзейсніў подзвіг. Кожны год 9 мая быў для яе асаблівым днём. У 1995-м годзе, у 50-ю гадавіну Перамогі, 85-гадовая Юзэфа папрасіла ўнука выканаць яе любімую песню – “Песню пра зоркі” Уладзіміра Высоцкага, а раніцай 10 мая яе сэрца спынілася. Да гэтага часу дзве дачкі – Бартош Ганна Лявонцьеўна (90 гадоў) і Чапрасава Галіна Лявонцьеўна (82 гады) жывуць у роднай вёсцы Пеляжын. Амаль цэлае жыццё яны пражылі без бацькі. Старэйшая дачка памятае, як ён ішоў на вайну. І разам яны памятаюць, як ён не вярнуўся.

Лявон Іванавіч не ўбачыў, як выраслі яго пяцёра ўнукаў. Не пачуў, як завуць яго дзесяцярых праўнукаў. Не патрымаў на руках ніводнага з дванаццаці прапраўнукаў. Але ўсе яны – яго працяг.

У мінулым годзе я стаяла ля мемарыяла ў Бояно. 14 брацкіх магіл, трохметровы чатырохгранны абеліск з пяцікутнай зоркай наверсе, гранітная пліта з надпісам: “Савецкім салдатам, загінуўшым у бітве з гітлераўскімі акупантамі за вызваленне вейхераўскай зямлі. Вечная ім памяць”. Сасновы лес шалясцеў галінамі, а на суседнім полі залацістыя каласы – нібыта сама зямля гаварыла: “Помнім”. А вёска Вількоралла, дзе быў першапачаткова пахаваны наш дзядуля, цяпер стала часткай Гдыні – вялікага, прыгожага горада ля мора.

Даведка

Лявон Іванавіч Антановіч (1907-1945) – ураджэнец в. Пеляжын Гродзенскай вобласці. Прызваны на фронт 8 лістапада 1944 года Зэльвенскім РВК. Загінуў 23 сакавіка 1945 года ў баях за Гдыню. Узнагароджаны медалём “За адвагу”. Дакументы пра подзвіг можна знайсці на сайце “Памяць народа” (№ справы: 544, апіс: 18003, фонд: 58).

Слёзы ліліся ручаём – нібы ўсе яны, не выплаканыя за 79 гадоў, нахлынулі адразу. Дзядуля, ты не ўбачыў, як мы выраслі. Але, можа быць, там, на нябёсах, вы з бабуляй глядзіце на нас і ўсміхаецеся? А твае рукі, якія так любілі зямлю, цяпер абдымаюць нас праз час і адлегласць? Мы помнім. Мы ўдзячныя. І мы перададзім гэтую памяць нашым нашчадкам.

Рэгіна Бартош, унучка Лявона і Юзэфы Антановіч

P.S. Рэдакцыя дзякуе сям’і Антановіч за захаваную памяць. 
Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць падобныя гісторыі, прысылайце. Кожны салдат варты таго, каб пра яго памяталі.

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!