На карте Зельвенщины: деревня Клепачи

8483

Легенда аб назве

Жыхары сённяшніх Клепачоў лічаць, што назву сваю вёска атрымала ад калектыўнай любові вяскоўцаў да… кузні. Стаяла калісьці на балоце кузня. Ці нехта адзін быў яе ўласнікам, ці ўся вёска, – зараз сказаць цяжка. Але мужчыны ў час касавіцы збіра-ліся там разам і рыхтавалі да працы свае косы. Вопытныя касцы давалі парады маладым, маладыя ўважліва вывучалі “стыль” кожнага кляпальшчыка, выбіраючы той, што больш імпанаваў ім. І такі вясёлы перазвон разносіўся па ўсім наваколлі, што суседзям нічога не заставалася, як назваць вёску Клепачамі.

8481

Рэха вайны

Старшыня Тулаўскага сельвыканкама Таццяна Умарава, якая суправаджала нас і давала слушныя парады, паведаміла, што на тэрыторыі сельсавета не засталося ўжо ніводнага ўдзельніка вайны. Жывуць толькі трое вязняў. Жыхарка Клепачоў Таісія Емяльянаўна Калюта – адна з іх. Жанчына памятае сваё жыццё ў няволі да гэтай пары. Памятае і выпадак, што адбыўся з ёю ўжо тут, у Клепачах. Неяк яна, пасучы кароў, прылягла на ўзгорку і прыдрамала. Прахапілася імг-ненна, бо выразна пачула мужчынскі голас: “Ты што гэта робіш? Мне ж цяжка ляжаць”. Зразумела, што пагорак гэты – не што іншае, як апошні прыстанак аднаго з салдат, што загінулі ў час баёў за вёску.
Пасля гэтага і падобных выпадкаў астанкі салдат перазахавалі і, відаць, зрабілі гэта добра, бо ўжо ў наш час, як паведаміла старшыня, спецыяльная група па пошуках астанкаў невядомых магіл каля Клепачоў не выявіла.
Ніна Іосіфаўна Калюта са слязьмі на вачах згадвае, як яна цудам засталася жывой, калі хаваліся ад немцаў у яме. Ад выбухаў яму засыпала зямлёй, і бацькі ледзь паспелі выратаваць дзяўчынку.
Памятае вайну і Соф’я Іванаўна Маўчун, хоць таксама была зусім маленькай. Ноч, калі бацька павёў праз лес партызан, а яны, дзеці, разам з маці да ра-ніцы чакалі яго, жыве ў памяці ўсё жыццё.

8480

Гаспадыня вёскі

Старшыня сельсавета Таццяна Умарава расказвала нам пра жыхароў вёскі разам са старастай – Марыяй Шнэйдар. Таццяна Георгіеўна вельмі ўдзячна Марыі Антонаўне за яе працу з аднавяскоўцамі. “Да яе ідуць усе як да старэйшай сястры ў любы час, калі патрэбны падтрымка ці парада. Да яе думкі прыслу- хоўваюцца. Вось і нядаўна стараста змагла пераканаць усіх замяніць старую электраправодку ў дамах. Таму я зараз спакойна за жыхароў, бо ў іх з тэхнікай бяспекі ўсё ў парадку”, – з гонарам за сваю памочні-цу і ўсіх вяскоўцаў гаворыць старшыня.
Марыя Антонаўна і нарадзілася ў Клепачах, і ўсё жыццё звязала з роднай вёскай. Яе працоўны стаж складае ні многа ні мала – 45 гадоў. Працавала рахункаводам у сельсавеце, касірам у калгасе, не раз выбіралася дэпутатам, таму з маладых гадоў ведала, чым жывуць людзі, што каго непакоіць. І зараз без намаганняў расказвае пра лёс усіх землякоў, памятае, колькі ў каго дзяцей і ўнукаў, дзе яны жывуць і працуюць. Старастай Марыя Шнэйдар ужо 15 гадоў, і іншага жыхары Клепачоў на яе месцы не ўяўляюць.

8479

Паважаныя пары

Кожны з нас добра ведае, што ў вёсках зараз у асноўным жывуць адзінокія жанчыны. За вя-лікае шчасце лічаць кабеты, калі да старасці разам з імі дзеляць нягоды верныя спадарожнікі. І нас вельмі парадавала, што ў Клепачах ёсць шчаслівыя сямейныя пары.
Амаль 60 гадоў жывуць разам Пётр Антонавіч і Ніна Іосіфаўна Калюты. Дачка і сын даўно маюць свае сем’і, радуюць бацькоў наладжаным бытам. Праўда, сын Міхаіл – не часты госць у бацькоўскім доме, бо жыве з жонкай і чатырма дзецьмі ў ЗША. А вось дачка Таццяна мае магчымасць і пазваніць штодзённа, і прыехаць раз-пораз, бо жыве непадалёку, у Ваўкавыску. Калюты ўжо і праўнучку дачакаліся. Усё жыццё яны працавалі ў калгасе: яна – паляводам, ён – жывёлаводам. Працавалі старанна, мелі і падзякі, і граматы, і медалі. Заслужылі павагу ў аднавяскоўцаў , бо ніколі не адмаўлялі ў дапамозе, калі ў іх сілах было нешта зрабіць карыснае. “Такіх добрых людзей, як Пётр Антонавіч, цяжка знай- сці”, – з павагай гавораць пра Калюту адзінокія жанчыны, якім, пакуль быў здаравейшы, дапамагаў па гаспадарцы.
Другія Калюты – Аляксандр Антонавіч і Зінаіда Іванаўна – таксама вельмі паважаная на сяле пара. Абое працавалі на ферме. У вольны час Аляксандр Антонавіч – майстар на ўсе рукі – нешта прыдумваў арыгінальнае і прыгожае. Напрыклад, пачкі з- пад запалкаў сталі ў яго матэрыялам для мініяцюрнай царквы. Вядома, і мэблю ў доме ўсю сам рабіў.
Маўчуны – Уладзімір Іванавіч і Алена Іванаўна, маючы чацвёра сваіх дзяцей, знаходзілі час і на дапамогу іншым. Ула-дзімір Іванавіч меў каня, таму аднавяскоўцы вельмі часта прасілі яго то бульбу пасадзіць ці асыпаць, то дроў з лесу прывезці, то сена з балота. Прыемна дарослым дзецям (двое сыноў Маўчуноў жывуць непадалёку, у Задвор’і) чуць добрыя словы пра сваіх бацькоў.
Чулы і прыветлівы гаспадар яшчэ адной пары – Амбрашкевічаў. Браніслаў Іванавіч як уладальнік машыны запатрабаваны вельмі часта: то нехта захварэў і трэба ў бальніцу, то ў Ваўкавыск па неадкладных справах, то да цягніка ў Зэльву дзяцей-унукаў падвезці трэба. А пакуль быў у Браніслава Іванавіча конь, то тады разам з Уладзімірам Іванавічам Маўчуном “дзялілі” нагрузку так, каб як найлепш і найхутчэй справіцца з работай ва ўсіх дварах.

8478

Мнагадзетныя сем’і

Гэта зараз у Клепачах двое дзетак. Раней амаль у кожнай хаце было па 2–3 школьнікі. Весела было і ім па дарозе ў Міжэрыцкую дзесяцігодку, і радасна бацькам за ахвочых да ведаў дзяцей (пасля вайны і ў Клепачах была свая школа – пачатковая).
Сярод мнагадзетных сем’яў старшыня сельсавета і стараста вёскі назвалі некалькі: Маўчуноў Соф’ю Іванаўну, Алену Іванаўну і Галіну Іванаўну, Гарбуноў Ірыну Станіславаўну і Зінаіду Фамінічну, Таццяну Аляксандраўну Калюту…
У Алены Іванаўны і Соф’і Іванаўны па дзве дачушкі і па двое сыноў. У Галіны Іванаўны дзве дач-кі і сын. Чацвёра дзяцей паднімала адна без рана памерлага мужа Таццяна Аляксанд-раўна. Працавала даяркай, вольнага часу практычна не мела, сваім прыкладам вучыла дзетак усяму, каб жыць у любых умовах дастойна.
Трэба ўлічыць, што даяркам, як і паляводам, давалі па дзялцы буракоў. Без дзяцей жанчыны ніяк не справіліся б, бо праца на ферме адымала практычна ўсе суткі. Уставалі ў 3 – 4 гадзіны, тройчы кармілі-даілі кароў, чысцілі іх, насілі бідоны з малаком… А трэба было і для дзяцей у хаце ўсё прыгатаваць, пад-трымліваць чысціню і парадак. Зараз і самі жанчыны здзіўляюцца, як вытрымлівалі такія нагрузкі. Вядома, у выйгрышы знаходзіліся тыя, у каго былі мужы. А калі, як Калюта, адна?!
Не перастаем ганарыцца нашымі жанчынамі, якія ў такіх складаных умовах жыцця захавалі аптымізм, любоў да прыго-жага. Часта на работу і з работы ішлі з песнямі. Многія ткалі, вышывалі, шылі. Напрыклад, Соф’я Іванаўна Маўчун вельмі любіла вышываць. Дзеці ўгамоняцца, гаспадарка дагледжана, самой бы пара даўно спаць класціся, а яна хоць на гадзінку за любімую вышыўку бярэцца…

8482

Дом з “праекта старшыні”

Таццяна Умарава вельмі задаволена, што ў вёскі ўсё часцей, выйшаўшы на пенсію, вяртаюцца былыя жыхары і ладзяць вясковае жыццё на гарадскі лад. Нават калі на зіму гараджане пакідаюць бацькоўскія сядзібы, усё роўна ствараюць тут добрыя ўмовы для сябе і ўнукаў-пра-ўнукаў. Некалькі такіх дамоў ужо ёсць у Янаўшчыне. У Клепачах пакуль няма, але, упэўнена старшыня, абавязкова будуць. І першы прэтэндэнт – дом Ірыны Станіславаўны Гарбун. Жанчына ўвесь час рыхтуе сваіх нашчадкаў да думкі, што яны павінны захоўваць парадак у доме і вакол яго. Каб у любы момант застацца ў ім на пастаяннае жыццё. Яе дзеці і ўнукі вельмі часта наведваюцца ў Клепачы, кожны раз нешта абавязкова робяць для дома: то пабеляць яго, то памалююць, то шпалеры памяняюць, то агароджу заменяць… “Абавязкова зробяць дом такім, што можна будзе сказаць: “Жыву, як у горадзе”, – упэўнена старшыня.

Ау, жанчыны!

Шкада, што не пра кожнага жыхара вёскі можна расказаць. Вось, напрыклад, старшыня сельсавета заклапочана лёсам мужчын-халасцякоў. Іх у вёсцы шэсць чалавек. Маюць работу, жыллё, а спадарожніц жыцця не спаткалі. Вядома, заваяваць сэрца заўзятага халасцяка вельмі няпроста. А стварыць такія ўмовы ў сям’і, каб мужчына ніколі не пашкадаваў страчанай волі – яшчэ цяжэй. І тым не менш, мы заклікаем адзінокіх жанчын паспрабаваць змяніць свой лёс і лёс кляпацкіх халасцякоў. Паспрабуйце!
Яніна Шматко.
Фота Аляксандра Раманоўскага.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.