60 минуло зим, но всё так же тепло им

Муж і жонка Мысліцкія з вёскі Клепачы Тулаўскага сельсавета старажылы: Іосіфу Вікенцьевічу споўнілася 82 гады, Яўгенія Іванаўна на 2 гады малодшая за яго. Падставай для сустрэчы з імі паслужыла прыемная нагода: учора яны адзначылі 60-гадовы юбілей сумеснага жыцця.

 

60 минуло зим, но всё так же тепло им

 

–Зіма ў час нашага вяселля была больш суровая, чым сёлета, – успамінае гаспадар. –Добра памятаю і Яўгенію ў сціплай вясельнай сукенцы, і гасцей. Быццам усё адбылося толькі ўчора…
За плячамі абодвух юбіляраў вялікая жыццёвая дарога. Шэсць дзесяцігоддзяў прайшлі яны разам па жыцці. А знаёмы яшчэ больш. З маленства жылі ў адной вёсцы. Можна сказаць, выраслі на вачах адзін у аднаго. Абое з мнагадзетных сем’яў, разам хадзілі ў школу, а пасля засталіся працаваць у роднай вёсцы.
На прыгажуню-Яўгенію заглядваліся многія хлопцы, у тым ліку і з суседніх вёсак. Іосіф таксама адчуваў сімпатыю да дзяўчыны. Аднойчы сэрца падказала яму, што гэта менавіта яго палавінка. Вельмі баяўся, што яго могуць апярэдзіць сапернікі, таму вырашыў не губляць час і прызнаўся ў каханні. А яна таксама сярод усіх хлопцаў вылучыла менавіта Іосіфа – стрыманага, сур’ёзнага, але ў той жа час гаваркога. Іх рамантычныя адносіны працягваліся цэлы год –ён дарыў ёй кветкі і не пераставаў шчыра прызнавацца ў пачуццях. І калі прапанаваў руку і сэрца, Яўгенія адказала маладому чалавеку ўзаемнасцю. Бацькі адобрылі выбар дачкі. 
–Калі засылаў сватоў, ніколькі не сумняваўся, – дзеліцца ўспамінамі гаспадар. –Быў упэўнены ў сваёй выбранніцы на ўсе сто працэнтаў. Яўгенія была не толькі прыгожай, але і прыстойнай дзяўчынай. 
Ажаніліся маладыя 20 студзеня 1952 года. Як правіла, жаніх і нявеста даволі прынцыпова падыходзяць да выбару дня свайго вяселля. У іх жа атрымалася ўсё больш празаічна. 20 студзеня выбралі па той прычыне, што ў гэты дзень адзначае свой дзень нараджэння Іосіф. Вяселля пышнага не спраўлялі, бо жылі тады ў вёсцы даволі сціпла.
Адразу пасля рэгістрацыі шлюбу маладая сям’я стала жыць з бацькамі мужа.–На першых парах было вельмі няпроста, –успамінае гаспадыня. –Я пераехала ў чужую сям’ю. Спачатку ўсяго хапала: і непаразуменняў, і спрэчак. Але з цягам часу жыццё наладзілася.
Праз год муж і жонка Мысліцкія сталі шчаслівымі бацькамі – у іх нарадзілася дачушка. Але маладога бацьку прызвалі на службу ў армію, і два доўгія гады яны жылі ў чаканні сустрэчы. Трывалая сардэчная сувязь дапамагала, нягледзячы на адлегласць, думкамі быць разам і планаваць сумеснае шчаслівае жыццё. 
Пасля вяртання дадому Іосіф зноў уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку – быў жывёлаводам. Хутка ў Мысліцкіх адзін за адным нарадзіліся яшчэ адна дачка і два сыны. Увесь клопат аб дастатку ў доме ўзяў на сябе гаспадар. Пакуль Яўгенія Іванаўна гадавала дзяцей, муж шмат і нястомна працаваў. –Бывалі такія гады, што выпрацоўваў па 365 дзён, –успамінае юбіляр.
Старанныя адносіны да працы не засталіся незаўважанымі. Іосіф Вікенцьевіч узнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём “За працоўную адзнаку”. У 1988 годзе, як перадавік вытворчасці, ён быў вылучаны дэлегатам на Усесаюзны з’езд калгаснікаў. Менавіта там атрымаў самую дарагую ў сваім жыцці ўзнагароду – імянны гадзіннік, які, як рэліквію, беражэ да сённяшняга дня.
Калі дзеці падраслі, не адстала ад мужа і гаспадыня– працаўладкавалася ў калгас паляводам.
 –Жонка ў мяне цудоўная, – дзеліцца сваімі пачуццямі гаспадар. – Яна заўсёды ўсё паспявала. Раніцай устанем з дзецьмі – а яна ўжо радуе нас гатовым сняданкам. У доме ў нас заўсёды чысціня і парадак.У выхадныя Яўгенія абавязкова гатавала якую-небудзь арыгінальную страву. Часам задумваюся, як склалася б маё жыццё, каб яе не сустрэў?  
Не саромеецца гаспадар і сёння прызнацца, што шчыра кахае сваю палавінку. І нават у свае восемдзесят два не перастае здзіўляць Яўгенію Іванаўну шыкоўнымі падарункамі. 
Прайшло шэсць дзесяцігоддзяў, а ў адносінах юбіляраў нічога не змянілася. Яны змаглі зберагчы шчырасць пачуццяў, уменне саступаць адзін аднаму.
Добра ведаюць муж і жонка Мысліцкія цану сямейнага шчасця. –Няхай у нашым доме і няма вялікага багацця, – гаворыць гаспадар, – але мы з жонкай вельмі шчаслівыя людзі. Наш скарб – чацвёра дзяцей, дзевяць унукаў і шэсць праўнукаў.
Мы віншуем Іосіфа Вікенцьевіча і Яўгенію Іванаўну з 60-гадовым юбілеем сумеснага жыцця, жадаем ім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і даўгалецця.

Таццяна УМАРАВА, старшыня Тулаўскага сельвыканкама.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.