5 савецкіх салдатаў успамінаюць падзеі Афганскай вайны

Час бяжыць няўмольна. Многія падзеі жыцця забываюцца. Але з памяці зэльвенцаў, якія прайшлі сцежкамі Афганскай вайны, ніколі не сатруцца тыя цяжкія гады. І нават праз дзесяцігоддзі, слухаючы ўспаміны ветэранаў, нельга застацца абыякавым – у душы ўзнімаецца хваля болю, адчаю і жалю.

Уладзімір Пракаповіч

Уладзімір Пракаповіч атрымаў назначэнне ў танкавы батальён мотастралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Кабуле.

Калі воін-інтэрнацыяналіст убачыў свой танк, адразу зразумеў: баявая машына не раз бывала пад агнём праціўніка. Аб гэтым сведчылі прабоіны на борце корпуса.

Блок-пост, на які накіравалі Уладзіміра, знаходзіўся кіламетрах у ста ад сталіцы Афганістана.

– Бывалі моманты, калі спалі ўсяго па дзве-тры гадзіны ў суткі, – расказвае воін. – Як і іншыя заставы, нашу часта абстрэльвалі і мінамёты, і артылерыя. Блок-пасты былі стацыянарнымі аб’ектамі, таму душманы рэгулярна за намі назіралі і, выбраўшы зручны час, пачыналі абстрэл.

Аднойчы разам з камандзірам Уладзімір паехаў на суседні пост, каб дапамагчы адрамантаваць танк. Вяртаючыся, трапілі на засаду. Першая ж кулямётная чарга прашыла кабіну аўтамабіля. Ротны быў паранены, а Пракаповічу пашчасціла – кулі яго не зачапілі.

Паступова ён набіраўся вопыту ў суровых ваенных буднях. Як лепшага механіка-вадзіцеля Ула-дзіміра ўключылі ў зборны экіпаж танка, які прадстаўляў 40-ю армію на спаборніцтвах па баявым майстэрстве. Гэтая непрацяглая камандзі- роўка была аддушынай у баявой службе.

У адной з аперацый Уладзіміру прыйшлося эвакуіраваць падбіты танк разам з экіпажам пад варожым агнём.

– Калі пад’ехалі да «параненага» танка, я выскачыў з люка і пачаў замацоўваць буксіровачны трос. Вораг агню не спыняў. І, хоць для справы спатрэбілася некалькі хвілін, мне здавалася, прайшла вечнасць, – успамінае Уладзімір Анатольевіч. – Потым я сеў за рычагі сваёй баявой машыны, націснуў на газ… У сцэпцы з намі паціху крануўся з месца і падбіты танк.

Пасля аперацыі Уладзіміра Пракаповіча прадставілі да Ордэна Чырвонай Зоркі.

Віктар Юргель

Ужо ў «вучэбцы» Віктар Юргель ведаў, што служыць будзе ў Афганістане ў пагранічным атрадзе.

За ім замацавалі ваенны аўтамабіль, выдалі аўтамат, патроны і бронекамізэльку.

– Наша рота займалася дастаўкай боепрыпасаў на пагранічныя заставы, а таксама ў падраздзяленні, якія вялі ваенныя дзеянні, – успамінае Віктар Барысавіч. – Назаўсёды ў памяці застаўся першы рэйс на тэрыторыю Афганістана. Аўтакалона з паўсотні машын у суправаджэнні бронетэхнікі адправілася па маршруце. Каля адной з застаў была абуладкавана пантонная пераправа праз раку Амудар’ю. З аднаго боку – скалы, з другога – такая прорва, што глядзець жудасна. А ад таго, што ў ёй рабілася, станавілася яшчэ больш жахліва – прорва была завалена падбітай ваеннай тэхнікай. Таму кожны з нас адчуваў моцнае псіхалагічнае напружанне. Спакайней стала, калі наперадзе паказаўся старажавы пост, над якім развіваўся чырвоны сцяг.

На ваенных дарогах такія пасты сустракаліся часта. Кожны з іх нагадваў маленькую крэпасць, дзе суровую службу поруч з афганскімі салдатамі неслі нашы пагранічнікі.

Такія паездкі доўжыліся цэлымі тыднямі. Часта душманы мініравалі дарогі і ўстройвалі засады. Таму не раз дапамагалі шафёрскае майстэрства і адвага.

Вяртаючыся ў Беларусь пасля ваеннай службы ў Афганістане, Віктар усю дарогу думаў, як расказаць аб перажытым родным. Аднак гаварыць нічога не прыйшлося: убачыўшы на грудзях медаль «Ад удзячнага афганскага народа», яны самі ўсё зразумелі.

Аляксандр Мацкевіч

Паветрана-дэсантнае падраздзяленне, у якім служыў Аляксандр Мацкевіч, дыслацыравалася на высакагорным плато. Увесь асабовы састаў батальёна жыў у палатках. Харчаванне і боепрыпасы дастаўлялі верталётамі – па вузкіх горных дарогах тэхніцы было складана праехаць.

У час баявых аперацый неаднаразова даводзілася штурмаваць пазіцыі, дзе знаходзіліся бандфарміраванні.

– «Духі» заўсёды былі гатовы да абароны: у іх была сучасная зброя, замаскіраваныя агнявыя кропкі, – успамінае Аляксандр. – Да таго ж яны выдатна ведалі мясцовасць і былі лепш падрыхтаваны да баявых дзеянняў у гарах – гэта была іх радзіма.

Ротай, у якой служыў Мацкевіч, камандаваў вопытны капітан Губанаў. Кожны раз пасля сутычак з ворагам ён збіраў асабовы састаў, вывешваў карту і разам з байцамі па-новаму адпрацоўваў тактыку. Дзякуючы такому падыходу ў час ваенных дзеянняў удавалася несці меншыя страты, чым у іншых падраздзяленнях.

Добра памятае былы салдат тыя хвіліны, калі прыходзілі пісьмы з дому. Іх перачытваў кожны раз пасля баявых аперацый. Яны былі адзінай нітачкай сувязі з роднымі.

Васіль Дубовы

– Амаль кожны дзень душманы абстрэльвалі нашы пазіцыі, – успамінае былы воін-інтэрнацыяналіст Васіль Дубовы. – У адказ нашы пушкі вялі агонь па праціўніку. Артылерыйская «дуэль» магла працягвацца ўсю ноч і заціхала толькі пад раніцу. У час такіх абстрэлаў, як правіла, гінула шмат салдат і тэхнікі.

Да месца дыслакацыі мотастралковага палка, у якім служыў наш зямляк, два разы на тыдзень прыляталі верталёты, што дастаўлялі папаўненне і пошту. Як прызнаўся Васіль Пятровіч, выжыць у той суровай вайне дапамагалі пісьмы з дому.

Уладзімір Сай

Калі ў 1979 годзе ў Афганістан уводзілі савецкія войскі, Уладзіміру Саю было 11 гадоў. У 1984-м яго старэйшы брат Аляксандр трапіў на тую неаб’яўленую вайну. Калі прыйшоў час служыць Уладзіміру, ён таксама не мінаваў Афганістана.

Служыў Уладзімір у асобнай роце спецкамендатуры пагранічных войск СССР. Яго падраздзяленне выконвала адказную задачу – ахоўвала савецкае пасольства ў Кабуле. Даводзілася суправа-
джаць дыпламатаў, палітычных і ваенных саветнікаў, дэлегатаў з Масквы. Таму для службы адбіралі лепшых салдат з усяго Савецкага Саюза.

Уладзіміру давялося сустракацца з многімі вядомымі палітычнымі і ваеннымі дзеячамі. Часта ў пасольства прыязджаў камандуючы 40-й арміяй генерал Громаў, а ў 1988 годзе сам міністр замежных спраў Шэварнадзэ наведаўся.

Не раз падраз- дзяленне выязджала на баявое суправаджэнне.
– Памятаю, выехалі двума БТРамі, – расказвае Уладзімір Аляксандравіч, – адзін рухаўся спераду, другі замыкаў групу. У цэнтры, як заўсёды, – легкавы уазік з нашымі «падапечнымі». Па дарозе за Кабулам нарваліся на засаду: з абодвух бакоў – шквал агню. Кожны з нас добра разумеў сваю задачу: чаго б гэта ні каштавала, забяспечыць бяспеку пасажырам «уазіка». Каб адбіцца, прыйшлося зай- маць кругавую абарону. Бой вялі, пакуль не прыйшла падмога, якую выклікалі па рацыі.

Геаграфія баявых выездаў была вельмі абшырнай. За гады службы Уладзіміру давялося пабываць у розных правінцыях Афганістана: у месцах дыслакацыі нашых воінскіх часцей і падраз- дзяленняў афганскай арміі, многіх гарадах і кішлаках.

Присоединяйтесь к нашему каналу