15 ліпеня парафія Божага Цела вёскі Крамяніца адзначыць 400-гадовы юбілей

Ксёндз Галаўня не згадаў яшчэ пра адзін касцёл – рагозніцкі. А ён ужо будаваўся і, сапраўды, частку вернікаў з Крамяніцы забраў да сябе. Так што прыхільнікі ў С.Галаўні былі. Праўда, не такія магутныя, як віленскі біскуп Казімір Міхалькевіч, які падчас візіту ў Крамяніцу рэкамендаваў пачаць старанні аб павелічэнні святыні. Размовы і перапіскі ішлі сваім ходам, а праца ў касцёле сваім. Была адрамантавана старая плябанія, пабудаваны новы парафіяльны дом. Мастачка Люцыя Балздуневіч у 1928 г. адрэстаўрыравала абразы святога Юзафа і Станіслава Косткі, Адам Манкевіч стварыў абраз святога Фран-цішка з Асізы. Ксёндз Станіслаў Наўроцкі з Вільні падарыў абраз Сэрца Езуса. Нарэшце, у 1929 годзе ксёндз Юзаф Маліноўскі прыступіў да капітальнага рамонту. Ён заключыў дамову з віленскім прадпрымальнікам Валяр’янам Вазніцкім на выкананне вялікага аб’ёму работ. А аб’ём быў сапраўды значны: перакрыць дах, замяніць няякасныя цэглы ў сценах, адрамантаваць карнізы, лаўкі, канфесіяналы, прывесці ў парадак балкон для хору, адчысціць існыя і зрабіць недастаючыя элементы фігур, пакрыць іх пазалотай… Напэўна, Вазніцкі зарэкамендаваў сябе нядрэнным прафесіяналам, бо ў наступным годзе ён разам з жыхарамі Крамяніцы Вацлавам Макарэвічам і Казімірам Бусловічам папраўляў агароджу вакол святыні. У 40–50 гг. XX стагоддзя касцёл у Крамяніцы, як і ўсе святыні, перажыў нямала бед. Быў рэпрэсаваны пробашч Антон Банькоўскі, і толькі дзякуючы ксяндзу з суседняй Рагозніцы храм не пераставаў дзейнічаць. З вялікай удзячнасцю ўспамінаюць парафіяне ксяндза Станіслава Петраша, які ў гады ваяўнічага атэізму нёс духоўнасць і надзею ў людскія душы. Ён добра разумеў маладых і дзяцей, якім забаранялася наведваць святыню, і не асуджаў іх за гэта. Верыў, што час зменіцца. І, дзякуй Богу, ён яшчэ дажыў да гэтага часу. Вельмі шмат для касцёла і парафіі ў другой палове XX стагоддзя і пачатку XXI зрабілі ксяндзы Мацей Маціеўскі, Кшыштаф Янас, ЕжыСвіслоцкі, а зараз – Аляксандр Баклажэц. Але пра гэта – крыху пазней. Касцельны ансамбль. Кляштар, шпіталь і аптэка Запрашаючы ў Крамяніцу канонікаў латэранскіх, Вольскія добра разумелі, што ім давядзецца фінансаваць будаўніцтва цэлага касцельнага комплексу. І адразу пачалі ўзводзіць кляштар. Манастыр у Крамяніцы ўзводзіўся як першы ў ВКЛ філіял кракаўскага канвенту Божага Цела. Першапачаткова быў драўляным. Ужо пры другіх фундатарах (як памятаем, Вольскія не дачакаліся заканчэння будаўніцтва ні касцёла, ні кляштара) у 1646 годзе быў заключаны кантракт на ўзвядзенне мураванага будынка з нясвіжскім майстрам Сымонам Тарасовічам. Размяшчаўся манастыр у 15-і метрах на захад ад касцёла, меў два паверхі. На поўдзень ад яго быў разбіты вялікі сад-агарод, а на захадзе знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы. У перыяд росквіту кляштара ў яго садзе расло каля 500 дрэў, паабапал алей – граб і акацыя, для адпачынку служыла крытая трыснягом альтанка (ну зусім як зараз на Ганненскім кірмашы). У розныя гады ў кляштары працавалі па 5–8 канонікаў. Заснавальнікамі каноніі яшчэ Вольскія назначылі айцоў Яна Корсака і Марціна Клачыньскага. Канонікі мелі вялікі ўплыў на духоўнае жыццё парафіян. Яшчэ ў 1645 годзе пачаў дзейнічаць шпіталь. (Пасля вайны ў будынку сённяшняй плябаніі размяшчалася аптэка.) Штогод папаўнялася новай літаратурай манастырская бібліятэка. У 1744 годзе ў ёй было 857 экзэмпляраў кніг, у 1783-м – 1055. А ў 1802-м – ужо 1379 экзэмпляраў. (Частка гэтых кніг пазней папоўніла Слонімскі кляштар, частка трапіла ў Відзы). Даручаючы касцёл ў 1645 годзе апецы гродзенскіх брыгітак, Аляксандра Весялоўская пісала ім, што ў маёнтку Крамяніца здаўна захоўваецца звычай клапаціцца аб старых, хворых і ўбогіх, і прасіла манашак захоўваць гэты богаўгодны звычай і надалей. Існаваў шпіталь доўга. У інвентарах згадваецца і ў 1668-м, і ў 1783-м, і ў 1818 гадах. Быў ён несамавіты, крыты саломай, меў 2 пакойчыкі, але для абяздоленых людзей, мабыць, і ён здаваўся раем. Клапаціліся пра яго, акрамя брыгітак, і пробашчы парафіі. Напрыклад, ксёндз Станіслаў Тшціноўскі, які апекаваўся і над школай. У другой палове XVIII стагоддзя пры касцёле існавала і школа. У год інвентарызацыі яе наведвалі 11 дзяцей. Аплачваў працу настаўніка ксёндз С.Тшціноўскі. Напэўна, так справы і ішлі б, павялічваючы колькасць адукаваных дзяцей. Ды ў 1780 годзе адукацыйны камітэт наклаў такі вялікі падатак на школу – 50 злотых, што святар ужо не змог утрымліваць яе. Будынак аддаў арганісту, і на гэтым справа адукацыі сялянскіх дзяцей на доўгі час спынілася. А будынак кляштара з 1835 года пачаў выкарыстоўвацца як вайсковы лазарэт. У той час было зроблена нямала планаў-замалёвак перабудовы кляштара для патрэб войска. У 1842 годзе яго закрылі, землі перадалі ў арэнду падпаручніку Шыраеву. У канцы 30-х гадоў XIX стагоддзя з’явіліся 2 нарысы, у якіх ішла размова аб занядбаным помніку даўніны. Нагадвалася, што кляштар належаў да супольнасцяў канонікаў з Кракава, потым – манахіням кляштара св. Брыгіты з Гродна. Зараз будынак знаходзіцца ў аварыйным стане, хоць у ім і месцяцца гміна ды школа. “Будынак, якому 300 гадоў, можа стаць развалінай у вольнай Рэчы Паспалітай”, – абу-джалі патрыятычныя пачуцці аўтары публікацыі. Але Еўропа ўжо жыла іншымі праблемамі: пачыналася трыумфальнае шэсце Гітлера па краінах-суседках Польшчы. А хутка і сама яна апынулася пад пятой заваёўніка. Было не да гістарычных помнікаў. Падчас нямецкай акупацыі ў адным з будынкаў кляштара размяшчаліся жандармерыя і гестапа. А пасля вайны ў ім зноў адчынілі школу. Званіца Будынак званіцы ўзгадваецца ў інвентары 1700 года як мураваны, адасоблены ад касцёла. У 1783 г. у ёй зафіксаваны алтар з абразамі святых Себасцьяна, Роха і Разаліі, прыгожымі скульптурамі. Ёсць звесткі пра галоўную каштоўнасць званіцы – званы. З трох найбольшы важыў 687 кг, сярэдні – 254 кг, найменшы – 102 кг. Самы старэйшы, сярэдні, быў адліты ажно ў 1620 годзе Ганусам Стэрам! Самы меншы, прывезены з Ружан з майстэрні Андрэя Владкоўскага, адліты ў 1826 г. У час Першай сусветнай вайны ўсе тры званы былі вывезены ў глыб Расіі. У 1928 годзе званіца служыла памінальнай капліцай. Напэўна, унутры ўжо не было алтара, бо інвентар згадвае толькі абраз св. Міхала Арханёла. У 1930 г. ксёндз Юзаф Маліноўскі арганізаваў збор сродкаў з парафіян і закупіў тры невялікія званы, якія захаваліся да сённяшняга дня. Праўда, адзін з іх быў пашко-джаны пры дастаўцы, што каштавала немалых перажыванняў ксяндзу. І сёння па-сапраўднаму звоняць толькі два. “Пашкоджаны гучыць вельмі непрыгожа, ” – каменціруе ксёндз Аляксандр. Могілкі і капліца Першапачаткова парафіян хавалі на горцы каля самага касцёла. Пацвяржэннем гэтаму служаць словы ксяндза Станіслава Петраша, які пры некаторых працах на касцельнай тэрыторыі знаходзіў рэшткі лю-дзей. Таму прасіў сваіх наступнікаў не чапаць гэтай зямлі. Першыя звесткі аб ужо існаваўшых на другой горцы могілках (яны там знаходзяцца і сёння) адносяцца да 1742 года. Навейшая частка закла-дзена ў 1828 годзе, павялічана ў 1915-м. Больш познія расшырэнні могілак ужо вядомы сённяшнім жыхарам. У 1882 г. на старой частцы могілак пабудавана капліца. Грошы на яе ахвяраў Аляксандр Бароўскі, родныя якога былі пахаваныя побач. Мураваная з камення і цэглы, атынкаваная і абліцаваная з фасада камянямі, крытая бляхай, доўгі час (з 1889 г.) служыла месцам развітання з памерлымі. Падобная да крамяніцкай капліца ёсць у Ваўкавыску. Пабудавана яна па праекту Аляксандра Градэцкага ў 1849 годзе. Паколькі Градэцкі у 1847 г. рабіў рамонт крамяніцкага касцёла, можна дапусціць, што яго праект і выкарыстаў Аляксандр Бароўскі. Розніца між капліцамі ёсць, але шмат і падобнага. Крамя-ніцкая не мае цокаля, сходкаў, больш прыземленая. Але дзякуючы кантрасту каменнага фасада і гладкіх белых сцен, крамяніцкая выглядае эфектней, чым атынкаваная ваўкавыская. Унутры капліца таксама была прыгожа аздоблена. У 1924 г. у ёй мясціўся алтар з абразом Маці Божай. Быў і абраз з выявай надмагілля Вольскіх. Яго, хучэй за ўсё, выканаў усё той жа мастак Станіслаў Янушэвіч, акварэль якога захоўваецца ў Маскве. Планавалася аздобіць капліцу абразам св. Роха. Калі ў 1936 годзе могілкі абкладвалі каменнай аградкай, марылі адрамантаваць і капліцу. Але,. хутчэй за ўсё, зрабіць гэтага тады не паспелі, і капліца да сённяшняга дня чакае ўвагі жывых. Сённяшні дзень святыні Айцец Аляксандр у Крамяніцы нядоўга: крыху больш чым 2 гады. Тое, што яму выпаў гонар рыхтаваць касцёл і вернікаў да 400-годдзя парафіі, лічыць вялікім Божым падарункам. Сам ён з недалёкага Ваўкавыска. Служыў у Нава-грудку, Лідзе. Так што да вясковага жыцця давялося прывыкаць. Святар вельмі задаволены, што яго папярэднікі рыхтавалі святыню да юбілею ўжо з канца XX стагоддзя. Ксёндз Станіслаў пакрыў касцёл бляхай, а ксёндз Мацей Маціеўскі замяніў яе металачарапіцай, замяніў вокны, зрабіў адвод вады з даху. Ксёндз Кшыштаф Янас зрабіў прыгожыя вітражы на вокнах, памаляваў алтар, балюстраду, парапет хору і іншае абсталяванне. (Адно вітражнае акно ахвяраваў да 25 год святарства сам кс. Кшыштаф, на адно даў грошы ўраджэнец Самаравіч, масквіч Анатоль Лясковік, іншыя 5 вокан зроблены за грошы парафіян). Пра дзейнасць Кшыштафа Янаса можна складаць песні і легенды. Адзін Крыжовы шлях на прыкасцельнай тэрыторыі заслугоўвае самай высокай удзячнасці. Раней там быў проста сметнік. Кс. Кшыштаф арганізаваў парафіян – усёй сям’ёй высеклі кустоўе, вывезлі смецце, цалкам  акультурылі зямлю. Затым навазілі пяску і камення, прыступілі да ўзвядзення 14 каменных станцый-прыпынкаў апошняга зямнога шляху Збаўцы. Кожную  каплічку ксёндз Кшыштаф рабіў сваімі рукамі. Потым абнеслі ўсё каменнай агароджай, пакрылі чарапіцай. У канцы Крыжовага шляху разам з парафіянамі ўстанавілі Крыж пакуты. Менавіта ксёндз Кшыштаф адкрыў каплічку ў вёсцы Падбалоцце. Дабіўся, каб былі выдзелены асобныя памяшканні ў аддаленых ад Крамяніцы вёсках, дзе ў нядзелі і іншыя святочныя дні пачаў адпраўляць набажэнствы. Нагледзеў у Князеве старую хату, адрамантаваў яе і зрабіў катэхетычную школу. Запрошаным яшчэ ксяндзом Мацеем сёстрам-кацярынкам (яны з супольнасці святой Кацярыны Александрыйскай) ёсць умовы, каб вучыць дзяцей Божаму слову. – Мне пакінулі нямнога рамонтных і будаўнічых работ, – гаворыць айцец Аляксандр. – Вось толькі закончылі тынкоўку і пабелку касцёла, аздобілі каменную агароджу вакол могілак. Нават моцна хворы мой папярэднік Ежы Свіслоцкі стараўся працягваць тое, што не паспеў закончыць айцец Кшыштаф. Так што ў мяне больш часу на духоўную працу, за што я вельмі ўдзячны ўсім маім папярэднікам. І тым не менш, айцец Аляксандр не чакаў спакойна юбілею. Шмат зрабіў па ўпрыгожанні тэрыторыі вакол касцёла і плябаніі. Але галоўным зараз лічыць менавіта духоўную падрыхтоўку парафіян да такога слаўнага свята, збор і захаванне матэрыялаў па гісторыі парафіі і касцёла. Усё, што ўдасца сабраць, змешчана на фотавітрыне ў бабінцы. – Раней фотаздымкаў рабілі мала, –  прадаўжае ксёндз, таму кожны ўспрымаеш як падарунак лёсу. Вось прынеслі фота, на якім зафіксаваны вельмі цікавы момант з жыцця парафіі: айцец Антон Банькоўскі ў 1944 годзе асвячае крыж у вёсцы Дзеркачы. Гэта была такая радасць! Шмат цікавага пабачаць і пачуюць парафіяне і госці ў юбілейныя дні, бо вельмі багатая і прыгожая гісторыя Крамяніцкай парафіі Божага Цела і Юр’еўскага касцёла. Няхай яна доўжыцца яшчэ не адно стагоддзе! Са святам вас, дарагія парафіяне! Яніна ШМАТКО.  
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.